Некаторыя падпісчыкі «НН» пералічылі ахвяраваньні, але не даслалі адрасоў, абмежаваўшыся імёнамі. Так вы газэты не атрымаеце, даражэнькія. Вы, мусіць, думаеце, што вас уся краіна ведае. Не заўжды гэта так.

Георгі Мікалаевіч зь вёскі Ранчыцы, дашліце дакладны адрас, назву раёну й вобласьці. Зьміцер К., Натальля А., Лідзія К. зь Менску, што пералічылі ахвяраваньні, мы ня ведаем Вашых адрасоў. Сп.Астроўскі з Аршанскага раёну, як дакладна называецца Ваша вёска? Леанід Мікалаевіч Н. з вул.Калініна, калі ласка, паведаміце свой дакладны адрас. Ахрамчук В.Г., калі ласка, дашліце свой адрас. Алеся Юр’еўна М. з Наваполацку, зь якой Вы вуліцы?

Пакідаючы жарты, кажам вам вялікі дзякуй, чытачы «НН». Вы аказаліся сапраўднымі грамадзянамі. З новага году падпісчыкаў «НН» паболела на 320, прычым адрасы й квіткі надыходзяць а надыходзяць.

Даць рады такой плыні няпроста. Таму будзьце ласкавы на будучыню дасылаць разборлівы й поўны адрас. Выконвайце наступныя парады:

  • Абавязкова падавайце індэкс, бо зь індэксам газэта дойдзе хутчэй.
  • Калі вы жывяце ў вёсцы ці ў мястэчку, пазначайце раён і вобласьць.
  • Ня трэба дасылаць квіток, пакіньце яго ў сябе, гэта вашае пацьверджаньне таго, што вы зрабілі ахвяраваньне.
  • Разборліва падавайце свае зьвесткі.

Атрымліваць газэту можна зь любога нумару, толькі паведаміце ў Рэдакцыю свой адрас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0