Воля і яе бабуля. Фота: архіў гераіні

Воля і яе бабуля. Фота: архіў гераіні

«На адной толькі маёй вуліцы ў кожнай хаце было па некалькі дзяцей»

Я нарадзілася ў вёсцы Опаль у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Гэта звычайная вёска на беларускім Палессі, мне падаецца, нічым яна не выбітная. Усе палескія вёскі падобныя паміж сабой. Раней там жыло больш людзей, цяпер гэта 440 чалавек, бо маладыя людзі з’язджаюць.

Калі я была малая, у пачатку 90-х, вёска была больш жывая, там жылі вельмі шмат маладых сем’яў. На адной толькі маёй вуліцы ў кожнай хаце было па некалькі дзяцей, і гэта было крута: у цябе куча сяброў, ты з імі тусуешся і заўжды знаходзішся на вуліцы, ніхто пра цябе не турбуецца. 

Воля. Фота: архіў гераіні

Воля. Фота: архіў гераіні

Мой самы ранні ўспамін пра вёску — гэта дом, дзе я нарадзілася, а таксама дом бабулі і дзядулі, ды і агульнае ўражанне пра тое асяроддзе, прастора і паветра. Ёсць і больш дакладныя ўспаміны, напрыклад, як я маленькая ў хаце п’ю з кубачка малако. 

Мы жылі як і іншыя вяскоўцы. Шмат было завязана на працы з зямлёй, асабліва ў цёплыя часы — з сярэдзіны вясны да сярэдзіны восені. Туды бралі нават дзяцей, бо калі ты маленькі, цябе няма з кім пакінуць, а калі ты падлетак, можаш і сам працаваць. Дзецям давалі трошкі больш адпачынку, але ўсё роўна падчас летніх канікул трэба было дапамагаць дома бацькам ці пайсці нешта папалоць, пасадзіць ці пакапаць.

Узімку жыццё было іншым, бо з-за холаду праца спынялася. Людзі перамяшчаліся ў хаты, і там займаліся хто чым. Жанчыны ў вёсцы да гэтай пары шмат вяжуць і вышываюць, часта прыходзяць адна да адной.

У вёсцы была школа, некалькі крамаў, дом культуры, дзе раз-два на тыдзень ладзіліся дыскатэкі. Падлеткамі мы хадзілі туды, сустракаліся з жыхарамі суседніх вёсак або з гарадскімі дзецьмі, якія прыязджалі ў Опаль на лета. Яшчэ была царква, будынак сельсавета і возера, куды ўсе хадзілі ўлетку.

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Мая непасрэдная сям’я не надта вялікая, у мяне толькі адна сястра, але пры гэтым ёсць дзядзькі, цёткі і іншыя сваякі. Мой бацька паходзіў з іншай вёскі, дзе жыла астатняя частка нашай сям’і. Таму мы мелі вялікае кола родзічаў, і калі я была маленькая, нават не ўсіх ведала.

«Нябожчыкам клалі вопратку на змену — лічыцца, што на небе жыццё працягваецца, і трэба, каб у чалавека з сабой нешта было»

Каля мяне заўжды была бабуля, і гэта вельмі важная частка майго жыцця. Бабуля, насамрэч гэта стрыечная цётка маёй маці, была галоўнай жанчынай у нашай сям’і, без яе нічога не вырашалася, і мы часта бавілі час разам. Не тое, што яна мяне выхавала, але заўсёды знаходзілася побач.

Бабуля для мяне была прыкладам моцы і жаночай упартасці, яна заўсёды захоўвала весялосць і нязломнасць, нягледзячы на сваё нялёгкае жыццё. Я бачыла, як цяжка ёй жыць і з чым яна сутыкалася, але ў той жа час як лёгка ёй удавалася гэта пражываць, гэта мяне заўжды натхняла. Калі і сёння са мной адбываецца нешта цяжкае, я згадваю бабулю і тое, як яна заўсёды ўсміхалася. 

Яе гісторыя — адна з мільёнаў такіх гісторый у беларускіх вёсках. Жыццё там складанае, бо людзі з ранку да вечара займаюцца цяжкай працай, яны зарабляюць нейкія грашы, маёй бабулі яшчэ і давялося пахаваць шмат блізкіх людзей. Але такі ж лёс і ў іншых беларускіх бабуль, таму можна глядзець на гісторыю маёй бабулі, як на гісторыю любой жанчыны з палескай вёскі.

Воліна бабуля. Фота: архіў гераіні

Воліна бабуля. Фота: архіў гераіні

Бабуля не баялася смерці і дапамагала вяскоўцам, калі ў іх паміралі родзічы. Людзі ведалі, што да яе можна звярнуцца, і бабуля прыходзіла ў сям’ю, дапамагала памыць і апрануць нябожчыка. Яна ведала палескія традыцыі пахавання — не толькі царкоўныя, але і паганскія, якія яшчэ захаваліся на Палессі. 

Дзяцей не бралі на чужыя пахаванні, але я прыходзіла на пахаванні родзічаў, колькі б мне ні было гадоў, таму разам з бабуляй я была больш чым на дзесяці пахаваннях. Як маленькая дзяўчынка, я трошкі баялася ўсяго гэтага. Ужо потым, калі пасталела, пачала цікавіцца ў бабулі, чаму ўсё робяць так, а не інакш.

Але раней не вельмі разумела гэтыя рытуалы — тое, што цела ажно суткі ляжыць у хаце, што людзі шмат плачуць, мне было страшна глядзець на цела, бо ўяўляла, што зараз нябожчык устане і нешта зробіць. А потым усвядоміла, што гэта ўнікальная традыцыя пахавання. На мой погляд, калі зрабіць усё хутка, не развітацца з чалавекам і не раздзяліць з іншымі гэтае гора, перажыванні будуць больш доўгія, не атрымаецца іх хутка адпусціць.

Напрыклад, на Палессі пад падушку нябожчыку кладуць манеткі, каб за іх чалавек на небе выкупіў сабе месца. Яшчэ нябожчыкам клалі вопратку на змену — лічыцца, што на небе жыццё працягваецца, і трэба, каб у чалавека з сабой нешта было.

Першая памінальная вячэра адбывалася адразу пасля пахавання, туды прыходзілі ўсе, хто на ім прысутнічаў. Вячэра пачыналася з куцці, гэтую страву па-рознаму робяць у розных вёсках. У нас куццю рабілі так: бралі мак і растоўквалі яго з невялікай колькасцю вады ў глінянай місцы. Потым дадавалі туды яшчэ больш вады і цукар, а пад канец крышылі ў міску белы хлеб, і ў пачатку памінальнай вячэры кожны мусіў з’есці па тры лыжкі такой куцці. На стале заўжды стаялі відэлец, лыжка, талерка і чарка для памерлага, бо лічылася, што 40 дзён яго душа яшчэ застаецца на зямлі, таму чалавек можа наведваць сваіх родных. 

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

На наступны дзень пасля пахавання ходзяць «будзіць» нябожчыка на могілкі, таксама ёсць вячэры на 9 і 40 дзён. Наступныя памінальныя вячэры ладзяць праз паўгода і год. Думаю, гэта таксама звязана з пражываннем гора: псіхолагі кажуць, што людзям трэба год, каб пражыць смерць блізкага чалавека.

«Памятаю жах у вачах новазеландцаў, калі я ім распавядала, як мы хаваем людзей»

Усе ў вёсцы ведаюць нашу опальскую мову, і я таксама, гэта мая родная мова. Мая школа была беларускамоўная, ды і ўвогуле мовы мне лёгка даюцца. Добра ўмею пераключацца: на ўроках я гутарыла па-беларуску, а пасля званку мы з дзецьмі адразу гутарылі па-опальскі. 

Калі я скончыла школу, паступіла ў медычны ўніверсітэт у Мінску і жыла там наступныя гадоў дзесяць. Два гады прапрацавала па размеркаванні — вучылася на педыятрычным, то працавала дзіцячым рэнтгенолагам. 

Сюды пераехала, бо пазнаёмілася з новазеландцам, гэта перарасло ў каханне і ў шлюб. Ён тады жыў у Еўропе, і там нас пазнаёміла наша агульная сяброўка. Пасля шлюбу мы прынялі рашэнне, што нейкі час пажывем у Новай Зеландыі, і ў маі будзе два гады, як я сюды прыехала. Мы жывем у Оклендзе — гэта самы буйны горад у краіне, але не сталіца, сталіца тут Велінгтан. 

Калі пераязджаеш у новую краіну, трошкі губляеш сваю ідэнтычнасць. Табе трэба спачатку прызвычаіцца да новага месца, а потым знайсці новыя сэнсы, зразумець, хто ты ў гэтым месцы, у мяне таксама было так. Гляджу, як новазеландцы аднаўляюць сваю нацыянальную мову маёры, як яны шануюць гэтую культуру, і гэта мяне натхняе расказваць, з якой я вёскі, якія я ведаю традыцыі і што ў мяне за мова.

Даўно думала пра тое, што хачу напісаць кніжку, толькі не ведала, як і што дакладна жадаю пісаць. Маю шмат розных ідэй, і думаю, што гэтая кніжка — толькі пачатак маёй пісьменніцкай хвалі. Яе ідэя пачала ў мяне складацца некалькі гадоў таму, калі памерла бабуля, і канчаткова аформілася пасля пераезду ў Новую Зеландыю, пасля года пошукаў сябе і новай ідэнтычнасці. Калі зразумела, што жадаю пісаць, да мяне прыйшла і форма будучай кніжкі.

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Таксама хацела б зафіксаваць досвед пошуку сябе ў новых краінах. Гэтая ідэя ў мяне склалася праз камунікацыю з сяброўкамі-беларускамі, якія эмігравалі ў пэўны час, на сёння гэта найбольш блізкая мне з маіх ідэй.

Новазеландцам цікава слухаць пра Палессе, мае знаёмыя ўжо набылі кніжку. Памятаю жах у іх вачах, калі я ім распавядала, як мы хаваем людзей. Тут усё адбываецца зусім па-іншаму, мне здаецца, што яны не пражываюць так гора, яны яго быццам унікаюць — маўляў, мы пра гэта не размаўляем. Думаю, з пункту гледжання псіхалогіі гэта не вельмі правільна.

Я вяду блог пра Палессе і працую ў ІТ-кампаніі, бо мой блог пакуль не такі вялікі, каб я магла на ім зарабляць. Хочацца, каб ён развіваўся і я атрымлівала ад яго не толькі асалоду, але і грошы. Але гэта не першая мая мэта, для мяне галоўнае — распаўсюджваць веды, традыцыі і мову, таксама трошкі расказваю пра мае падарожжы і жыццё. 

Замовіць кнігу «Мое баба — діректор морга» можна тут.

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Чытайце таксама:

«Яе завуць дырэктарам морга». Беларуска з Новай Зеландыі напісала кнігу пра жыццё на Палессі

«З беларускім пашпартам адчувала сябе так, нібы на мне цішотка з бін Ладэнам». Беларуская пісьменніца змяніла Палессе на Новую Зеландыю

Панямонне, Падзвінне, Падняпроўе. Навошта за савецкім часам для Беларусі прыдумлялі неіснуючыя рэгіёны

Клас
21
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?