Вядомая як калекцыя Закса, па імені ўладальніка, яна прадавалася ў Еўропе за сотні тысяч швейцарскіх франкаў. Цяпер працы з калекцыі Закса вісяць у двух важных амерыканскіх музеях і адным еўрапейскім. Адна з іх трапіла ў нядаўнія галівудскія фільмы, у тым ліку і «Апенгеймер» Крыстафера Нолана, што заваяваў сем статуэтак «Оскара», у тым ліку як найлепшы фільм і за найлепшага акцёра.

Але эксперты кажуць, што карціны могуць быць падробкамі, а гісторыя паходжання калекцыі — наборам міфаў і фантазій, піша Бі-бі-сі, правёўшы вялікае даследаванне з гэтай нагоды.

У пачатку 2000-х у Мінску аб'явіўся нікому невядомы прыватны калекцыянер, які спяшаўся паведаміць добрую навіну: знайшлася велізарная калекцыя карцін рускага авангарду, і ён хоча выстаўляць іх у Беларусі.

У калекцыі было больш за дзве сотні карцін, уключаючы палотны Лісіцкага, Родчанкі, Татліна, Чашніка, Ганчаровай, Паповай, Экстэр, Клюна, Фалька і іншых майстроў.

Звалі калекцыянера Леанід Закс, цяпер ён грамадзянін Ізраіля. Па яго словах, заснавальнікам калекцыі быў яго дзед Залман, гандляр і гарбар з Екацярынаслава (цяпер Днепр ва Украіне). Залман нібыта захапіўся радыкальным мастацтвам, убачыўшы яго ў бельгійскім банку ў Екацярынаславе, і пачаў скупляць карціны.

Справу бацькі працягнула Ганна (Нехама) Закс, ваенны медык. У 1944—1945 гадах яна лячыла беларускіх сялян у трохкутніку паміж гарадамі Лепель, Чашнікі і Ушачы. Толькі што вызваленыя з-пад нацысцкай акупацыі сяляне ў падзяку за яе працу неслі ёй карціны Лісіцкага і Экстэр.

А канчатковы ўклад у будучую калекцыю ўнёс брат Ганны Майсей, які знік у 1941 годзе на фронце, а ў 1950-х як быццам аб'явіўся ў Маскве ўжо як амерыканскі бізнэсмэн. У той час Цэнтральны клуб культуры МУС праводзіў семінары, якія асуджалі «фармалісцкае мастацтва», пасля якіх працы авангардыстаў здаваліся ў камісійныя крамы.

Майсей Закс, сцвярджае сямейнае паданне, скупіў некалькі дзясяткаў гэтых шэдэўраў у 1955-1956 гадах — і вывез іх усё ў Еўропу.

Леанід Закс, меркавана, у 2012 годзе. Фота: kp.by

Леанід Закс, меркавана, у 2012 годзе. Фота: kp.by

Там яны ляжалі да 1990-х, калі калекцыю атрымаў у спадчыну яго пляменнік, нафтавік з Масквы па імені Леанід Закс, які і распавядаў гэтыя займальныя гісторыі пра сваіх сваякоў.

Беларускія чыноўнікі ад культуры ўспрынялі гісторыю з энтузіязмам і арганізавалі некалькі выстаў. «Гэта ўнікальныя работы, ад іх зыходзіць цяпло, дабрыня, непасрэднасць. Мы вельмі ўдзячныя вам за тое, што збераглі іх для нас і для будучых пакаленняў», — дзякаваў Заксу намеснік міністра культуры.

Але мастацтвазнаўцаў насцярожыла і тое, што Закс старанна пазбягаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, і гістарычныя памылкі ў яго інтэрв'ю, і нарэшце сама якасць карцін.

«Гэтая гісторыя разлічаная на людзей, якія зусім ужо адарваныя ад нашай рэчаіснасці», — казаў тады віцебскі гісторык Аляксандр Лісаў.

Лісаў звярнуў увагу на містыфікацыю: у каталогу адной з беларускіх выстаў паказвалася, што сапраўднасць працы пацвердзіла «Н. Селязнёва», супрацоўніца Рускага музея ў Пецярбургу. Але такой супрацоўніцы ў музеі ніколі не было.

Пасля гэтага інтэрв'ю ў Беларусі выставы больш не праводзіліся. Артыкул пра калекцыю Закса быў выдалены з «Вікіпедыі».

Зрэшты, гэта не спыніла калекцыянера, а толькі змяніла поле яго дзейнасці. Выставы працягнуліся, але ўжо ў прыватнай швейцарскай галерэі Арланда ў Цюрыху. У 2007-2014 гадах прайшлі прынамсі пяць вялікіх выстаў калекцыі Закса. Гэта камерцыйная галерэя, і ўсе карціны былі даступныя для продажу.

Большасць з іх былі набытыя прыватнымі калекцыянерамі — часам за сотні тысяч швейцарскіх франкаў. У адной сям'і гэтыя пакупкі прывялі да сямейнай драмы.

Дзве працы з калекцыі Закса знаходзяцца ў Інстытуце мастацтваў Мінеапаліса. Аўтарам першай заяўлялася ўкраінская мастачка Аляксандра Экстэр, аўтарам другой — «Гадзіншчык» — Іван Клюн.

Менавіта «Гадзіншчык» трапіў у два фільмы 2023 года — «Апенгеймер» Крыстафера Нолана і «Цудоўную гісторыю Генры Шугара» Уэса Андэрсана.

Роберт Апенгеймер (Кіліян Мёрфі) глядзіць у фільме на карціну «Гадзіншчык». Фота: Universal Pictures

Роберт Апенгеймер (Кіліян Мёрфі) глядзіць у фільме на карціну «Гадзіншчык». Фота: Universal Pictures

Бі-бі-сі звязалася з Інстытутам мастацтваў Мінэапаліса і паведаміла аб праверцы правенансу калекцыі Закса. У музеі паабяцалі правесці ўласнае расследаванне.

Неўзабаве пасля ліста карціна была знятая з экспазіцыі, і подпіс да яе на сайце Інстытута памяняўся. Цяпер яна пазначана як «прыпісваецца Івану Клюну».

Чытайце таксама:

«Апенгеймер» — найлепшы фільм, Кіліян Мёрфі — найлепшы акцёр, Эма Стоўн — найлепшая актрыса 

Адзін з самых яркіх момантаў «Оскара»

Дакументальны фільм «20 дзён у Марыупалі» прынёс першы «Оскар» у гісторыі Украіны

Клас
0
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
2