Скрын відэа з тыктоку

Скрын відэа з тыктоку

Мужчына, якога завуць Аляксеем Гулевічам, займаецца кладкай пліткі, а ў вольны ад працы час захапляецца рыбалкай. Жонцы «рыбафана», як сябе называе мужчына, яго хобі вельмі не падабаецца.

За сямейнай драмай напрыканцы студзеня ў тыктоку назірала некалькі мільёнаў чалавек. Пасля чарговай рыбалкі Аляксей засяліў у ванну ў кватэры трох шчупакоў. Калі вы думаеце, што такое суседства не ўзрадавала яго жонку, дык не памыляецеся. Шчыра кажучы, рыбы — гэта не самыя зручныя кватаранты, бо з-за іх жонцы прыйшлося прасіцца да суседзяў памыцца.

Муж тым часам радаваўся, што адзін са шчупакоў выплюнуў жыўца і колькасць рыбы павялічылася. Аднойчы ранкам жанчына прачнулася праз грукат: відавочна, шчупакі вырашылі зладзіць несанкцыянаваную акцыю пратэсту і скінулі ў ваду ўсе шампуні і гелі для душа. Не спадабалася ёй пабачыць і чарвякоў на дне ванны, таму што муж рашыў пакарміць гадаванцаў.

— Знішчыць, інакш я знішчу цябе, — папярэджвала фаната рыбалкі жонка.

Жонка Аляксея спрабавала і сарваць чарговую рыбалку, наліўшы вады ў боты (складана асуджаць чалавека, якога выселіла з уласнай ванны рыба).

На пяты дзень у жанчыны пачалі заканчвацца нервовыя клеткі і яна выселіла шчупакоў з ванны ў рыбалоўную скрыню — а мужа адправіла спаць на канапу.

— Вы думалі ўсё? Пакуль жонкі няма, я іх уваскрэсіў, − выхваляецца рыбалоў на наступным відэа. — Не трэба бегаць у падвал, мяняць ваду жыўцам. Заўтра на рыбалку.

Зразумела, што з рыбалкі Аляксей прынёс новых хвастатых кватарантаў. У якасці помсты жонка запісала відэа, на якім смажыць рыбу на патэльні.

— Па шчупаковым загадзе, па маім жаданні, рыбы ў хаце больш няма, ванна цалкам у маім распараджэнні.

На 14 лютага Аляксей падарыў жонцы апрацоўчую дошку з надпісам «Жонка рыбака павінна ўмець капаць чарвякоў, маўчаць, захапляцца ўловам», што вызвала яе шчырае абурэнне.

— Ты кайфуеш, а я табе нешта павінна. Дык вось, я не ўмею капаць, маўчаць, захапляцца. Я дзяўчынка і хачу кветачкі.

Кульмінацыя канфлікту наступіла, калі ЖЭС разаслаў жыроўкі. Аказалася, што шчупакі «памыліся» на 40 кубоў вады. Для параўнання: звычайна сям'я траціць усяго 5 кубоў.

— Залатая рыбка нейкая атрымліваецца! — абураецца жанчына і абяцае, што пасля працы муж ёй адкажа за кожны куб і дадае. − Ні ў руках, ні ў слоіку, ні ў скрыні, ні ў якую шчыліну ў нашу хату рыба больш не патрапіць.

Агулам за камуналку сям'і трэба заплаціць амаль 140 рублёў. 

Чытайце таксама:

Колькі плацяць за камуналку «дармаеды»? Беларуска шакавала жыроўкай за студзень

Камуналку ў гэтым годзе павысяць у два этапы

Беларусаў, што з'ехалі за мяжу праз Расію, прызнаюць дармаедамі

Клас
1
Панылы сорам
31
Ха-ха
52
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
4