Здымак ілюстрацыйны. Фота: Гомельская праўда
Беларуская соль пастаўляецца пераважна купцам з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а найбуйнейшым рынкам рэгіёну з'яўляецца якраз Польшча.
У 2021 годзе экспарт беларускай солі ў Еўрасаюз, паводле даных Еўрастата, склаў каля 774 тысяч тон. З пачаткам вайны аб'ёмы зменшыліся да прыкладна 255 тыс. тон.
Поўных даных за мінулы год пакуль няма, але за першыя 11 месяцаў экспарт беларускай солі толькі ў Польшчу склаў больш за 64 тыс. тон. Больш за тое, зімой з-за павелічэння попыту на соль з боку дарожнікаў у гэтай краіне рэзка павялічваецца імпарт. Польскія гульцы рынку мяркуюць, што ў 2023 годзе агульная колькасць паставак солі з Беларусі перавысіць 100 тысяч тон.
«Беларуськалій» і «Мазырсоль» карыстаюцца тым, што санкцыі ўведзеныя супраць не ўсіх відаў прадукцыі прадпрыемстваў. Так, Еўрасаюз не ўводзіў санкцыі супраць харчовай солі — асноўнага віду прадукцыі «Мазырсолі». Найбуйнейшы беларускі вытворца солі «Беларуськалій» знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, аднак «Мазырсолі» ў абмежавальным спісе няма.
Польскія вытворцы сцвярджаюць, што абедзве кампаніі актыўна супрацоўнічаюць у абыходзе санкцый: соль, вырабленая на «Беларуськаліі», змешваецца з мазырскай і пад брэндам апошняй трапляе на польскі рынак.
Польскія прадпрыемствы звяртаюцца да ўрада з просьбай увесці санкцыі супраць «Мазырсолі». Аднак дамагчыся гэтага будзе няпроста, паколькі Брусель неахвотна ўводзіць абмежаванні ў дачыненні да паставак харчовых прадуктаў.
Чытайце таксама:
У Польшчы патрабуюць увесці санкцыі супраць беларускіх харчовых соляў