Аляксей Навальны падчас затрымання ў аэрапорце, 2021 год

Пра беларускую мову: «Нібы пісьменнасць прыдумалі хачыкі»

Раней Навальны замест «Беларусі» ўжываў «Белоруссія». У далёкім 2008 годзе ён казаў, што варта праехаць па Беларусі, каб змяніць стаўленне да «крывавага рэжыму Лукашэнкі».

«Ніколі яны з намі не аб’яднаюцца, бо ім на фіг гэта патрэбна», — пісаў ён у сваім ЖЖ.

І там жа з сарказмам выказаўся пра беларускую мову.

«Белорусский язык — это что-то волшебное: «рэстаран». Как будто письменность придумали хачики, объединившись с подонками».

Але пасля рэакцыі на допіс вымушаны быў яго выдаліць.

Пра аб'яднанне Беларусі і Расіі

У 2019 годзе Навальны адзначаў, што Лукашэнка не зацікаўлены ў аб’яднанні з Расіяй, чаго хацелася б Маскве. Лукашэнку тады палітык назваў «Анатолием Григорьевичем».

«Але тут ёсць, напэўна, перашкода, якая называецца Анатоль Рыгоравіч Лукашэнка, які таксама не лыкам шыты. І ён больш дасведчаны будзе ва ўсякіх такіх інтрыгах і рэчах», — выказваўся Навальны пра магчымасці аб’яднання дзвюх краін у адну.

У 2019-ым расійскі апазіцыянер дапускаў, што Пуцін даможацца аб’яднання Беларусі і Расіі і так у 2024-ым працягне свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

«Гэта значыць ён скажа: «Ну, раней жа я быў прэзідэнтам Расіі, а цяпер яшчэ 12 гадоў я буду прэзідэнтам Расіі і Беларусі». Вось нешта такое цалкам верагодна», — адзначаў ён.

Раіў Лукашэнку атрымаць гарантыі бяспекі

У 2020 годзе затрыманні, ператрусы і пратэсты ў Беларусі Навальны характарызаваў як «рэальнае палітычнае месіва».

Казаў, што папярэднія выбары 2015 года прайшлі адносна спакойна для Лукашэнкі найперш з-за падзей, звязаных з Крымам. 

«Любы аўтарытарны лідар рана ці позна трапляе ў сітуацыю, калі эканоміка рассыпаецца», — падкрэсліваў палітык.

Тады ж, у 2020-ым, ён раіў Лукашэнку атрымаць гарантыі бяспекі ад апазіцыі і іншых дзяржаў, а таксама аб'явіць пакт нацыянальнага перамірʼя і новыя выбары.

«І з гэтымі гарантыямі бяспекі адрэзаць сабе 20 км у Белавежскай пушчы і ў ёй жыць. І няхай абяруць новага прэзідэнта», — заяўляў палітык.

Навальны лічыў, што адзін з галоўных інструментаў «перамогі» Лукашэнкі на выбарах — датэрміновае галасаванне, якое пераняў Пуцін.

«Ніхто ўжо не верыць, што Лукашэнка можа перамагчы, і Беларусь цяпер знаходзіцца на раздарожжы, што далей адбудзецца, бо ўлада ў асобе прэзідэнта і міністраў прадэманстравала вар’яцтва», — казаў ён 8 жніўня 2020-га, напярэдадні апошняга дня галасавання.

Пра пратэсты і Ціханоўскую

Калі пратэсты ў Беларусі былі амаль задушаныя, Навальны раіў беларусам не адчайвацца.

У лістападзе 2020 года ён казаў, што «ўстанавілася працяглая пазіцыйная барацьба», таму не трэба слухаць «ныцікаў», якія сцвярджаюць, што пратэст здзьмуўся. Палітык даводзіў, што Лукашэнка ўчапіўся за ўладу «рукамі і нагамі».

Ён прызнаўся, што не мог падумаць, наколькі доўга будуць трываць пратэсты.

Паводле яго слоў, Ціханоўская ў 2020-ым буйных памылак не нарабіла і робіць усё, што можна, аднак беларуская апазіцыя апынулася ў цяжкім стане, бо эйфарыя мінула. Пачалася зацяжная барацьба.

Навальны параўноўваў Ціханоўскую з чалавекам, якога з чоўна скінулі ў мора і сказалі плыць. І яна неяк плыве, адзначаў ён.

«Муж — сядзіць. Жанчына проста ў жаху. Яна не ведае, што рабіць. Яна не хацела займацца публічнай палітыкай, у яе няма каманды, яна не гатова да гэтага ўсяго…», — выказваўся палітык пра вылучэнку на прэзідэнцтва і яе паплечніц Калеснікаву і Цапкала.

«І гэтыя жанчыны вакол яе. Раптам усё гэта спрацавала», — адзначаў ён.

«Гэта наступ таталітарнага вар’яцтва»

Навальны лічыў рэжым Пуціна мякчэйшым за рэжым Лукашэнкі. Але пуцінскі эвалюцыянуе.

«Мы бачым тое, што цяпер адбываецца ў Мінску, міліцыянеры, якія выбягаюць біць людзей. Гэта рэальна выглядае, як нейкія фашысцкія аперацыі. Там проста збіваюць людзей. Чаму? Бо палітычны крызіс. І Пуцін прыходзіць у палітычны крызіс», — даводзіў палітык у 2020 годзе.

У 2022 годзе, ужо знаходзячыся ў турме Навальны, стаў гаварыць пра Пуціна іначай. Палітык назваў яго «варʼяцкім маньякам», якога можа найхутчэй за ўсіх спыніць народ Расіі.

Апазіцыянер выказаў здагадку, што беларускія пратэсты напалохалі Крэмль.

У гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Навальны згадаў і Беларусь.

У ацэнцы сітуацыі ён настойваў, што не ўсім расіянам уласцівая імперская свядомасць, а першапрычынай вайны палітык назваў дыктатара ва ўладзе.

Сваю думку ілюстраваў прыкладам Беларусі.

«Напрыклад, у вайне супраць Украіны ўдзельнічае Беларусь. У беларусаў таксама імперская свядомасць? Не, у іх таксама дыктатар ва ўладзе», — адзначыў Навальны.

Навальны казаў, што за Лукашэнкам і Пуціным будучыні няма. На яго погляд, іх рэакцыя на пратэсты — «гэта наступ таталітарнага вар’яцтва: людзей, якім пляваць на ўсіх».

****

Аляксея Навальнага ўтрымлівалі ў няволі з 17 студзеня 2021 года. Ён адбываў 19-гадовае пакаранне ў калоніі «Палярны воўк» у пасёлку Харп у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. 27 разоў палітыка адпраўлялі ў ШІЗА. 16 лютага стала вядома, што ён памёр. Навальнаму было 47 гадоў.

Глядзіце таксама:

Доктар, які працаваў з Навальным пасля атручвання, не верыць у версію пра тромб

«У Беларусі пратэсны рух без лідара, а ў Расіі лідар без масавага руху». Але ў Навальнага ёсць шанцы, і вось чаму

Шрайбман: Латушку, Цапкалам і, магчыма, Пракоп'еву варта падумаць пра шлях Навальнага

Адвакат: Навальны знаходзіцца ў адзіночнай камеры бальніцы для сухотнікаў, усё лячэнне — кропельніца з глюкозай

«Пачаўся зваротны адлік, гэта падзенне», — паліттэхнолаг пра затрыманне Ціханоўскага і небяспечнага для ўлады Бабарыку

Клас
8
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
37
Абуральна
13

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?