Джон Кірбі. Фота: Andrew Harnik / AP 

Джон Кірбі. Фота: Andrew Harnik / AP 

Белы дом у чацвер пацвердзіў, што пагроза нацыянальнай бяспецы, пра якую напярэдадні казалі амерыканскія заканадаўцы, звязаная з распрацоўкай Расіяй зброі супраць спадарожнікаў у космасе. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо распарадзіўся наладзіць кантакт з Масквой з гэтай нагоды, піша Бі-бі-сі.

«Гэта звязана з супрацьспадарожнікавым патэнцыялам, які распрацоўвае Расія. Па-першае, гэта не актыўны патэнцыял, які ўжо разгорнуты. І хоць імкненне Расіі да стварэння гэтага канкрэтнага патэнцыялу выклікае неспакой, непасрэднай пагрозы чыёй-небудзь бяспекі няма», — сказаў на брыфінгу каардынатар стратэгічных камунікацый у Радзе нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.

Гаворка не ідзе пра зброю, якая можа быць выкарыстана для нападу на людзей або аб'екты на Зямлі, аднак у Вашынгтоне ўважліва сочаць за дзейнасцю Расіі і ставяцца да яе вельмі сур'ёзна.

Разгортванне зброі ў космасе ён назваў парушэннем міжнароднага права і дамовы, якую падпісалі больш за 130 краін, у тым ліку Расія.

«[Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн] распарадзіўся распачаць шэраг першапачатковых дзеянняў, уключаючы дадатковыя брыфінгі для лідараў Кангрэса, прамое дыпламатычнае ўзаемадзеянне з Расіяй, з нашымі саюзнікамі і партнёрамі, а таксама з іншымі краінамі ва ўсім свеце, інтарэсы якіх пастаўленыя на карту», — дадаў Кірбі.

Ён таксама дадаў, што Белы дом не даваў зялёнае святло на абнародаванне разведданых пра пагрозу з боку Расіі.

«У разведвальнай супольнасці ёсць сур'ёзныя асцярогі з нагоды шырокага рассакрэчвання гэтых разведданых. Яны таксама лічаць, што значна больш эфектыўным падыходам было б пачаць з прыватнага ўзаемадзеяння, а не з неадкладнага апублікавання разведданых», — сказаў Кірбі.

У сераду старшыня Камітэта разведкі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу, рэспубліканец Майк Тэрнер заявіў, што камітэт падаў чальцам Кангрэсу інфармацыю аб нейкай «сур'ёзнай пагрозе нацыянальнай бяспецы» ЗША. Крыніцы амерыканскіх СМІ адразу ж паведамілі, што пагроза звязаная з Расіяй і патэнцыйным размяшчэннем ядзернай зброі ў космасе.

«Я прашу прэзідэнта Байдэна рассакрэціць усю інфармацыю, якая тычыцца гэтай пагрозы, каб Кангрэс, адміністрацыя і нашы саюзнікі маглі адкрыта абмеркаваць дзеянні, неабходныя для адказу на гэтую пагрозу», — сказаў Тэрнер.

Пры гэтым прамой і непасрэднай пагрозы для ЗША — і іх саюзнікаў — па словах афіцыйных асоб, пакуль няма. Як паведамляе New York Times са спасылкай на чыноўнікаў, гаворка ідзе пакуль толькі аб патэнцыйных планах Расіі і гэты праект яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Некаторыя амерыканскія выданні, спасылаючыся на меркаванне ананімных афіцыйных асоб, выказалі здагадку, што Тэрнер, прыхільнік аказання тэрміновай дапамогі Украіне, падняў шум у тым ліку для таго, каб падштурхнуць Палату прадстаўнікоў да прыняцця закона аб шматмільярдных асігнаваннях на гэтую дапамогу.

Дарадца прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван адмовіўся каментаваць сутнасць пагроз, але паведаміў, што яго здзівіла рашэнне Тэрнера выступіць з заявай, паколькі ён планаваў сустрэцца з лідарамі Кангрэса ў чацвер.

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што не можа пракаментаваць публікацыі аб расійскай зброі ў космасе.

«Я ніяк не магу гэта пракаментаваць. [ … ] Але, відавочна, што Белы дом спрабуе праўдамі або няпраўдамі падштурхнуць Кангрэс на галасаванне па законапраекце аб выдзяленні грошай [Украіне], гэта відавочна. На якія хітрыкі будзе Белы дом пускацца-паглядзім», — сказаў Пяскоў журналістам.

Чытайце таксама:

Расія збіраецца вывесці ядзерную зброю ў космас

Сакрэтны амерыканскі беспілотны касмічны карабель можа правесці на арбіце да трох гадоў

ЗША ўпершыню за 50 гадоў адправілі апарат на Месяц. Прычым зрабіла гэта прыватная кампанія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0