Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксею 38 гадоў, ён праграміст з Гродна. Мае інваліднасць другой групы, хварэе на гемафілію. У 2021 годзе за пратэсныя каментары ў сеціве быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Выйшаў на волю летась у жніўні. Хоць быў упэўнены, што гэтага не адбудзецца, бо ў часе знаходжання за кратамі супраць палітвязня завялі новую крымінальную справу. 

У снежні 2023 года Аляксей экстранна пакінуў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Швейцарыі. 

«Вельмі нязвыкла адчуваць сябе ў бяспецы, а таксама не бачыць на вуліцах беларускіх маньякаў-мянтоў», — з доляй кпіны кажа хлопец. 

Аляксей Галоўкін і сябры беларускай дыяспары ў Швейцарыі, фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін і сябры беларускай дыяспары ў Швейцарыі, фота Вольгі Класкоўскай

Боль і радасць дваццатага

Супраціўляцца сістэме Аляксей пачаў у 2011 годзе: тады хлопец упершыню прыйшоў на акцыю пратэсту. 

«Гэта была эпоха актыўнага развіцця інтэрнэта. Чытаючы навіны, праглядаючы незалежныя сайты я зразумеў, колькі ўсяго кашмарнага і несправядлівага адбываецца ў Беларусі. Мяне ўразіў брутальны разгон Плошчы-2010, абурыў арышт кандыдатаў у прэзідэнты. Я далучыўся да пратэстаў у 2011 годзе, выйшаўшы на «маўклівыя акцыі». З гэтага і пачалася мая барацьба з нялюдскім рэжымам», — згадвае Аляксей.

Пра 2020 год суразмоўца кажа, што ён стаў для яго поўнай нечаканасцю:

«Мяне моцна ўразіла вялікая колькасць людзей, што выйшлі на вуліцы. Калі шчыра, то на пачатку пратэстаў я думаў, што ўсё будзе, як звычайна. Выйдзем, пастаім, пакрычым лозунгі, затрымаюць лідараў, камусьці дадуць адміністратыўкі і на гэтым усё». 

Аляксей не чакаў, што пратэсты будуць такімі працяглымі, крэатыўнымі і масавымі. 2020-ы былы палітвязень згадвае і з цеплынёй, і з болем:

«Падзеі дваццатага запомніліся і добрым, і кепскім. Добрае — гэта такая колькасць пратэстоўцаў, кепскае — жахлівыя зверствы сілавікоў і такія жорсткія, масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, такія трагічныя наступствы». 

«Троліў у сеціве заўзятых нягоднікаў»

«Я браў удзел амаль што ва ўсіх акцыях пратэсту ў Гродне, а таксама актыўна пісаў каментары ў сеціве. Большасць маіх допісаў былі адрасаваныя самым заўзятым нягоднікам у пагонах, паслугачам рэжыму, — працягвае былы палітвязень. —

Апроч іншага ў мяне была яшчэ вялікая колькасць старонак, у тым ліку ў сацыяльных сетках, якія я выкарыстоўваў для інтэрнэт-рэкламы, а пасля пачаў раздаваць іх усім ахвотным. Збольшага гэта былі старонкі ў «Одноклассниках». Гэта ўлюбёная сацсетка міліцыянтаў. Я даваў пратэстоўцам лагіны і паролі ад сваіх акаўнтаў, што дазваляла ім ананімна пісаць каментары». 

«Я пагарэў, выдаў сябе наступным чынам: пайшоў у школу здаваць свой залаты медаль у знак пратэсту, і атэстат са сваімі дзявяткамі і дзясяткамі. У маёй школе знаходзіўся ўчастак, дзе адбываліся фальсіфікацыі вынікаў выбараў, — працягвае Аляксей. —

Мяне натхнілі сваім прыкладам іншыя людзі, што ўжо зрабілі падобнае. Я вырашыў далучыцца да такой своеасаблівай акцыі салідарнасці. Зняў свае дзеянні на відэа і выклаў у сеціва. І не са сваёй незасвечанай ананімнай старонкі, а з той, якая ўжо была ў полі зроку сілавікоў і фігуравала ў крымінальнай справе. То бок гэта было пытанне часу, калі за мной прыйдуць». 

«Ад болевага шоку пачаў страчваць прытомнасць»

Затрымалі Аляксея Галоўкіна прыкладна праз тыдзень. Затрымлівалі жорстка, ніхто не браў пад увагу наяўнасць інваліднасці ў хлопца, якая кідаецца ў вочы нават візуальна. Праз праблемы з суставамі хлопцу цяжка хадзіць, ён кульгае. У выніку збіцця ў Аляксея адкрыўся моцны крывацёк. 

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

«Я ішоў па вуліцы, і тут да мяне падбягаюць некалькі чалавек у цывільным, робяць падсечку, пачынаюць соваць у твар нейкія пасведчанні. Мне надзелі кайданкі, зацягнулі ў мікрааўтобус і там збілі. Як высветлілася пасля, гэта быў ГУБАЗіК», — расказвае гродзенец. 

«Мяне прывезлі ў будынак у цэнтры Гродна, там зноў збілі. Але што здзіўляцца: ГУБАЗіК — гэта тэрарыстычная арганізацыя, якая выкарыстоўвае тэрарыстычныя метады. У ІЧУ ў мяне адкрыўся крывацёк у суставы і пад скуру. У мяне не згортваецца кроў, таму гэта натуральная рэакцыя майго арганізму на фізічны гвалт. Да вечара мяне ўвогуле не лячылі, давалі нейкія бессэнсоўныя таблеткі.

У выніку ад балявога шоку я пачаў страчваць прытомнасць. І ўжо мой сукамернік падняў шум, пачаў малаціць у дзверы, супрацоўнікі ІЧУ тады патэлефанавалі маім бацькам, каб тыя прывезлі лекі, і нарэшце выклікалі «хуткую». Урачы брыгады зрабілі мне ўкол і бліжэй да раніцы я больш-менш ачуняў». 

Праз чатыры дні Аляксея перавялі ў гродзенскую турму, яна ж СІЗА № 1. Туды ўжо пачаў прыходзіць следчы, і кожны раз, згадвае хлопец, службовец прыносіў з сабой новы эпізод: 

«У выніку на суд я прыйшоў прыкладна з дваццаццю эпізодамі. Маіх там было чатыры. Усе астатнія каментары пісаліся іншымі людзьмі. Але паколькі акаўнты належалі мне, то і каментары суд палічыў маімі. На судзе я не адмаўляўся ад таго, што пісаў каментары. Але не прызнаў сваю віну, бо не бачу ў гэтым нічога кепскага ці крымінальнага».

— Цябе судзілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу — «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», «Абраза прадстаўніка ўлады», «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак» і «Прымус». У рэальным жыцці ты ж з гэтымі службоўцамі нават не перасякаўся. Адкуль тады ўзяліся такія дзіўныя трактоўкі? 

— Складана адказаць на гэтае пытанне. Гэта ж палітычная справа. Саджалі ж насамрэч не за нейкія рэальныя эпізоды, а за пазіцыю, за нелаяльнасць. Ну, не знайшлі б гэтыя каментары, пасадзілі б за сцяг — вельмі доўга ў мяне на балконе стаяў вялікі бел-чырвона-белы сцяг, альбо за ўдзел у акцыях. Таму самі па сабе каментары — гэта проста нагода, — дзеліцца думкамі былы палітвязень.

«Артыкул «прымус» мне прышылі за тое, што я напісаў аднаму з пярэваратняў у пагонах, што калі ён не звольніцца з праваахоўных органаў, я распавяду ўсім яго сваякам і сябрам аб тым, чым ён займаецца. І гэтая фраза «звальняйся з працы» паслужыла нагодай, каб супраць мяне ўзбудзілі справу па артыкуле 185 Крымінальнага кодэксу — «Прымус». Дарэчы, даволі рэдкі артыкул. Следства і суд палічылі, што сваім каментаром я прымушаў службовую асобу звольніцца з працы», — расказвае Аляксей.

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

«Сярод пацярпелых — Шуневіч і Караеў»

«У мяне было каля дзесяці судовых пасяджэнняў, у нейкі момант уся гэтая каніцель зацягнулася, бо галоўныя пацярпелыя — былы міністр МУС Шуневіч і дзейны на той момант міністр МУС Караеў — на судовыя паседжанні не з’яўляліся, — працягвае хлопец. — Пасля яны даслалі ў суд лісты, дзе паведамілі, што «не могуць з’явіцца ў суд, таму што знаходзяцца не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Таксама напісалі, што ў іх ёсць да мяне прэтэнзіі, і мяне трэба пасадзіць, таму што я сур’ёзна парушыў закон і гэтак далей».

«Дарэчы, Шуневіч на момант апублікавання мной каментару не з’яўляўся ўжо дзейным супрацоўнікам МУС, таму артыкул «абраза службовай асобы» ў гэтым выпадку цалкам прыцягнуты за вушы. Зрэшты, як і ўсё астатняе», — дадае суразмоўца.

Па словах Аляксея, усе іншыя так званыя пацярпелыя рэзка «захварэлі» і на суд прыйшоў толькі адзін з іх. Дзяржабвінаваўца запрасіў для Аляксея Галоўкіна пяць гадоў пазбаўлення волі. Суд даў тры. 

«Вітольд марыў паказаць мне Бярозаўку»

— У СІЗА я доўгі час сядзеў у адной камеры з Вітольдам Ашуркам. Вітольд быў першым палітвязнем, якога я сустрэў у зняволенні. Мы заехалі з ім у СІЗА ў адзін дзень з розніцай прыкладна ў адну гадзіну. Толькі мяне закінулі ў камеру, як адчыніліся дзверы і зайшоў Вітольд.

Гэта найразумнейшы, найінтэлігентнейшы чалавек, сапраўдны патрыёт. Сядзелі мы разам даволі доўга, са снежня 2020-га па красавік 2021-га, пакуль Вітольда не забралі на этап у шклоўскую калонію. 

Мы шчыльна пасябравалі. 

— Якія ў цябе засталіся ўспаміны пра Вітольда? Пра што вы размаўлялі, пра што ён расказваў, якім ён табе запомніўся?

— Пра Вітольда Ашурка магу сказаць толькі самае лепшае. Мы ўвесь час пра штосьці размаўлялі, таму што ён вельмі цікавы чалавек. Пра будучыню Беларусі, яе мінулае, гісторыю. Вітольд вельмі начытаны і эрудзіраваны. 

На пачатку адседкі нам яшчэ аддавалі лісты. Вітольду іх заўсёды прыходзіла вельмі шмат. Ён заўжды адказваў на кожны ліст, ён вельмі даражыў гэтай падтрымкай, кожным чалавекам. 

Мы будавалі планы, што будзем рабіць пасля вызвалення. Марылі. Вітольд абяцаў, што пасля выхаду з-за кратаў ён пакажа мне Ліду і сваю родную Бярозаўку. 

Мы з Вітольдам увесь час захоўвалі пазітыўны настрой: былі ўпэўненыя, што хутка ўсё скончыцца, што мы не будзем сядзець доўга. Думалі: ну вось, яшчэ пару месяцаў пасядзім — і ўсё, муры рухнуць. Усведамленне таго, што гэтага не адбудзецца, прыйшло толькі з часам. 

Пра тое, што Вітольд Ашурак загінуў, Аляксей даведаўся ад свайго адваката. Кажа, да гэтых часоў не можа паверыць, што Вітольда больш няма. Гібель свайго сябра Аляксей называе не іначай, як забойства. 

«У маі 2021 года адбывалася апошняе судовае пасяджэнне па маёй справе, там адвакат і паведаміў мне трагічную навіну… Я разумеў, што да Вітольда турэмнікі будуць ужываць вельмі жорсткія захады, але не чакаў, што яго так цынічна заб’юць. Я да гэтых часоў шакаваны», — апавядае былы палітвязень.

«Вітольд дужа кахаў сваю жонку Волю. Кожны дзень з вялікай цеплынёй згадваў пра яе. Вітольд ніколі нікому не перамываў косткі, не казаў пра людзей кепскага. Альбо добра, альбо нічога», — дзеліцца ўспамінамі Аляксей. 

«Гундар не баіцца абсалютна нікога і нічога»

«З Уладзімірам Гундарам мы сядзелі ў адным атрадзе для інвалідаў. Але сустрэліся ў калоніі ўжо напярэдадні майго вызвалення. Рэч у тым, што Уладзіміра вельмі доўга марынавалі ў СІЗА, таму ў калонію ён заехаў даволі позна», — кажа Аляксей Галоўкін. 

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Узгадваючы спадара Уладзіміра, суразмоўца зазначае, што «гэты чалавек не баіцца абсалютна нікога і нічога, турэмнай адміністрацыі для яго не існуе, яны для яго ніхто». 

«Праз сваю прынцыповасць і мужнасць ён не вылазіць з ШІЗА… Думаю, што зараз ён хутчэй за ўсё знаходзіцца ў ПКТ», — працягвае хлопец і дадае, што «з Уладзіміра ўвесь час здзекаваўся так званы актыў — зняволеныя, што працуюць на адміністрацыю». 

«Гэта ўсё адбывалася на маіх вачах: на яго крычалі, абражалі, пагражалі збіць, папракалі, што павольна ходзіць (у Уладзіміра Гундара няма адной нагі — В.К.). У гэтых здзеках бралі непасрэдны ўдзел загадчык гаспадаркі 16-га атрада Ермалаеў — брыдкая асоба, што ходзіць па зоне ў чырвона-зялёных шортах і выбівае ў асуджаных грошы на рамонты, а калі зэкі не пагаджаюцца, ён ім усяляк помсціць.

І старэйшы секцыі, у якой жыў Вова. Яго завуць Антонас Юадайціс, літовец з беларускім грамадзянствам, які дужа любіў Лукашэнку і лаяў Літву. Ён увесь час даносіў на Гундара. Уладзімір прасіў мяне апублічыць гэтую інфармацыю».

«Валодзя вельмі стойкі чалавек, — працягвае Аляксей. — Ён увесь час казаў нам, што ўсё будзе добра, трымаецца ён вельмі годна і духам не падае».

«У калоніі я сустрэў шмат палітвязняў, сярод іх — Зміцер Фурманаў, Алег Кулеша, Ваня Вярбіцкі. Апошні за каментары ў сеціве атрымаў статус тэрарыста і прысуд восем з нечым гадоў. 

Нейкі час мы сядзелі ў адным атрадзе з Генадзем Фядынічам. Не ведаю, ці ёсць у яго інваліднасць, але яе аб’ектыўна трэба даваць, бо Генадзь з цяжкасцю перасоўваецца, ходзіць павольна, маленькімі крокамі. Нягледзячы на стан здароўя, Гену прымушаюць хадзіць с мятлой на прамзону і прыбіраць смецце». 

«Канваіры смяяліся з маёй кульгавасці»

— Усе мае этапы адбываліся ў кайданках і транзітам праз іншыя следчыя ізалятары. Канваірам было смешна, калі бачылі, як я на адной назе, у кайданках, з торбай караскаюся на высокія прыступкі цягніка. Але я спраўляўся, залазіў. 

У лепшым выпадку канваіры, гледзячы на мяне, дэманстравалі абыякавасць ці адварочваліся. А так у асноўным смяяліся, ім было забаўна». 

У калоніі самым цяжкім перыядам для мяне стала, бадай, знаходжанне ў каранціне. Увесь час на нагах, трэба стаяць па струнцы, харчаванне нашмат горшае і яго меней, чым для асуджаных у атрадах. Усё гэта робіцца наўмысна, каб ад самага пачатку адбіць у чалавека жаданне качаць правы і хоць неяк супраціўляцца, каб ён разгубіўся, збянтэжыўся і згубіў сябе. З-пад тваіх ног прафесійна выбіваюць глебу. 

Прылегчы ў каранціне нельга было. Ды і ў атрадзе ў калоніі таксама. Каб атрымаць пастаянны пасцельны рэжым, ты мусіш быць паралізаваным альбо мець апошнюю стадыю рака. З маёй хваробай мне ніякіх паблажак не давалі. І ўвогуле ў нашым атрадзе не памятаю ніводнага асуджанага, якому б дазвалялася ляжаць.

Пасля каранціну Аляксея Галоўкіна перавялі ў атрад для інвалідаў. «Ён асабліва нічым не адрозніваецца ад іншых атрадаў. Розніца, бадай, у тым, што ўсе паскудствы і падставы турэмнікі робяць там не сваімі рукамі, а рукамі іншых зняволеных, так званага актыву», — кажа былы палітвязень. 

За час адседкі Аляксей атрымаў некалькі спагнанняў. «Як складаліся рапарты? Да мяне падыходзіў заўгас (на гэтую пасаду адміністрацыя прызначае асобаў з ліку асуджаных — В.К.) і казаў наўпрост: «Мянты мне сказалі, што трэба арганізаваць табе парушэнне».

І паколькі нібыта прыдрацца да мяне асабліва няма за што, загадчык гаспадаркі казаў: давай, маўляў, ты сам прызнайся ў правапарушэнні, тады ўсё будзе добра, строга не пакараюць і ў ШІЗА ты не пойдзеш. Калі ж пачнеш выпендрывацца, то наступствы будуць горшыя. 

Прызнайся ў тым, што ты ляжаў на нарах у дзённы час», — сказаў мне неяк заўгас. Я так і напісаў у тлумачэнні: «у такі дзень я ляжаў на нарах, віну прызнаю, больш не буду». 

Мяне павялі на камісію па пакаранні да начальніка калоніі. Начальнік, смеху варта, робіць выгляд, што ўважліва чытае паперы і разбіраецца. Пасля робіць выгляд, што злуецца на мяне. Такіх «парушэнняў» у мяне было два за час адседкі. Адзін раз у якасці спагнання мяне пазбавілі пасылкі, другі — спаткання. 

Атрад амаль на 99 адсоткаў складаўся з інвалідаў. Але былі і рэдкія выключэнні. Неяк у наш атрад закінулі цалкам здаровага хлопца, палітвязня, спартоўца. Наўмысна закінулі, каб псіхалагічна ціснуць на яго. У нашым атрадзе ж не толькі інваліды з фізічнымі калецтвамі былі: больш за палову складалі людзі з псіхічнымі адхіленнямі, у тым ліку бамжы. Вы можаце сабе ўявіць, якая там была атмасфера. Гэта тое ж самае, калі псіхічна здаровы чалавек знаходзіцца ў псіхбальніцы. Наш атрад лічыўся адстойнікам і на турэмным жаргоне называўся «вікінгам».

З-за цяжкай псіхалагічнай атмасферы я прасіўся ў звычайны атрад, але мне адмовілі. 

«У нейкі момант мяне цалкам пакінулі без жыццёва неабходных уколаў»

— Праверкі ў нас былі такія ж, як і ў звычайных атрадах, і такая ж іх колькасць. У прынцыпе я мог напісаць у санчастку і папрасіць, каб мне дазволілі падчас праверак сядзець на лаўцы. Але прынцыпова не рабіў гэтага, бо хацеў стаяць на праверцы з іншымі палітвязнямі, з якімі выходзіў на праверку ў той самы лакальны ўчастак. У знак салідарнасці я хацеў стаяць побач з імі, няхай сабе і на мыліцах.

У калоніі з медычнай дапамогай было горай, чым у СІЗА. Калі ў СІЗА доктар прыходзіў да мяне даволі хутка і адразу ж рабіў укол, то ў калоніі я прыходзіў у санчастку, казаў, што мне кепска, але мне не дапамагалі. Я ніяк не мог даказаць, што ў мяне пачаўся ўнутраны крывацёк, напачатку ж гэтага працэсу не бачна, я яго толькі адчуваю: за столькі гадоў ужо навучыўся беспамылкова распазнаваць яго.

І толькі праз нейкі час, калі нага апухала і рабілася зялёнай, мне рабілі ўкол (VIII антыгемафільны фактар — В.К.). Хоць у мяне і былі з сабой усе медычныя даведкі пра стан здароўя, усе інструкцыі, як і калі мне трэба ўводзіць прэпараты, — турэмныя медыкі гэта ігнаравалі. 

Такі ўкол трэба рабіць адразу, калі чалавек пачынае адчуваць сябе блага, а не чакаць.

За пару месяцаў да вызвалення турэмны медык увогуле сказаў мне, што мае лекі ў калоніі скончыліся, і, маўляў, будзеш лячыцца ўжо дома, пацерпіш. То бок апошнія два месяцы я ўвогуле без уколаў сядзеў.

Новая крыміналка, ад’езд з Беларусі, мары пра перамены

— Калі я знаходзіўся ў калоніі, супраць мяне завялі новую крымінальную справу, па тых жа самых артыкулах. Знайшліся нібыта яшчэ іншыя пацярпелыя — супрацоўніца АМАПу і дзве супрацоўніцы выбарчых камісій, якіх я, паводле следства, нібыта абразіў у сеціве. З калоніі мяне пераводзяць у СІЗА. Але ніякіх следчых мерапрыемстваў са мной не праводзяць. Прыйшоў следчы, задаў пару пытанняў і сышоў.

Мяне вяртаюць у калонію, але праз месяц зноў вязуць у СІЗА. І зноў для таго, каб прыйшоў той самы следчы і задаў тыя ж самыя пару пытанняў. А пасля мяне зноў вяртаюць у калонію. 

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін. Фота Вольгі Класкоўскай

Я быў перакананы, што не выйду на волю ў жніўні 2023 года, тым больш што і следчы сказаў мне, што, маўляў, «придется еще посидеть». Але, як ні дзіўна, мяне выпусцілі. Гэта было вельмі нечакана. Чым скончылася і ці скончылася гэтая гісторыя з новай крымінальнай справай, мне невядома — ніякіх папер на гэты конт я не атрымліваў. 

Калі я падыходзіў да турэмнай брамы ў дзень вызвалення, я думаў, што там мяне ўжо чакае бус з міліцыяй, што мяне адразу затрымаюць па новай крымінальнай справе і дадому я не даеду. 

Увесь час у Беларусі жыў у напружанні, усё чакаў, калі за мной зноў прыйдуць. У пэўны момант зразумеў, што не варта больш выпрабоўваць лёс, і прыняў рашэнне з’ехаць. 

Я ўпэўнены, што лукашэнкаўскі рэжым лясне рана ці позна. У гістарычнай перспектыве любая дыктатура асуджаная на паразу. Усё абавязкова зменіцца. Іншае пытанне — калі? І вось тут цяжка даваць дакладныя прагнозы. Застаецца толькі спадзявацца, што неўзабаве, — падсумоўвае суразўмоўца «Новага Часу».

Аляксей Галоўкін і сябры беларускай дыяспары ў Швейцарыі. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін і сябры беларускай дыяспары ў Швейцарыі. Фота Вольгі Класкоўскай

Чытайце таксама:

«Вярнулася з Вільні, і назаўтра прыйшлі з КДБ». Гісторыя 73-гадовай мамы Іллі Міронава, якой на старасці гадоў прыйшлося ўцякаць за мяжу

«Калі чытаць навіны — жопа, калі быць тут, то бачыш магчымасці». Беларускія актывісты — пра тое, чаму застаюцца ў краіне і падполлі

Маму былой палітзняволенай Вольгі Такарчук затрымалі па крымінальнай справе, сама Такарчук з татам выехалі

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
33
Абуральна
32