Аршанскі авіярамонтны завод

Аршанскі авіярамонтны завод

Санкцыйныя абмежаванні прапанавалі ўвесці супраць Аршанскага авіярамонтнага завода і ягонага генеральнага дырэктара, грамадзяніна Беларусі Паўла Случака. Прадпрыемства займаецца рамонтам верталётаў Mi-24 і Mi-35, якія Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

У санкцыйныя спісы прапануюць таксама ўключыць Барысаўскі завод па рамонце радыёэлектроннай зброі і ягонага дырэктара Валерыя Шацілу. Завод выконвае заказы Узброеных сіл Расіі.

Трэцяя арганізацыя — беларуская кампанія «Пеленг», якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю. Пра планы ўключыць яе ў новы пакет санкцый паведамлялася раней.

У праект новага санкцыйнага спісу Еўрасаюза ўключылі таксама грамадзяніна Беларусі Сяргея Астафурава, які ўзначальвае расійскую кампанію «НТЦ Промтехаэро», якая займаецца прамысловымі тэхналогіямі і аэранавігацыйнымі сістэмамі. Кампанія ўваходзіць у структуру АТ «Алмаз-Антей» — дзяржаўнага вытворцы зброі, супрацьпаветраных сістэм і крылатых ракет.

Апроч таго, санкцыйныя абмежаванні прапануюць увесці супраць Аляксея Талая і ягонага дабрачыннага фонду, якія займаюцца незаконным вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Папярэдне ў санкцыйны спіс уключылі ягонага партнёра ў гэтай дзейнасці Дзмітрыя Шаўцова, кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

За аналагічную дзейнасць у санкцыйныя спісы плануюць уключыць старшыню Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыя Дзямідава, якога назвалі «адной з ключавых асоб, датычных да прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх далейшага ўсынаўлення расійскімі і беларускімі сем’ямі».

У санкцыйныя спісы прапанавалі ўключыць недзяржаўную арганізацыю «Дэльфіны» і яе заснавальніцу Вольгу Волкаву, якія каардынавалі вываз некалькіх груп украінскіх дзяцей і праводзілі іх перавыхаванне. У дакументах сцвярджаецца, што гэтая арганізацыя створана ў Беларусі, аднак дзяржаўныя СМІ пісалі, што Вольга Волкава з'яўляецца жыхаркай Данецка і стварыла сваю арганізацыю менавіта там. У дакуменце, які ў сваім распараджэнні мае «Радыё Свабода», грамадзянства Вольгі Волкавай не пазначана.

У праект санкцый трапіў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, грамадзянства якога не пазначана, Васіль Шурпанаў, які нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці.

Шурпанаў — генеральны дырэктар ААТ «Ніжагародскі машынабудаўнічы завод». Гэта расійскае вайскова-прамысловае дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца распрацоўкай артылерыйскіх і ракетных сістэм, у тым ліку зенітных ракетных комплексаў С-300, якія знаходзяцца на ўзбраенні расійскага войска.

Усяго ў чарнавы варыянт 13-га пакета ўключылі 105 фізічных асоб (грамадзян Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін), а таксама 85 прадпрыемстваў і кампаній з розных краін, у тым ліку з Беларусі.

У ЭС лічаць іх «адказнымі за дзеянні дзеля падрыву або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны».

Чытайце таксама:

Краіны «Веймарскага трохкутніка» заклікалі ўвесці кропкавыя санкцыі супраць Беларусі

У Расеі чакаецца дэфіцыт бананаў праз санкцыі супраць Эквадора. Але там знайшлі выйсце — трэба вырошчваць свае

Лукашэнкаўская Беларусь назбірала кампліментаў ад славацкіх прарасійскіх палітыкаў

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1