Большасць недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў і так заблакаваныя на тэрыторыі краіны, аднак зайсці на іх старонкі можна з дапамогай VPN-сэрвісаў. Выглядае, што ўлады маюць намер з гэтым змагацца.

Гэты дакумент беларускага ўрада афіцыйна не публікаваўся, але дзіўным чынам апынуўся на сайтах школ, піша «Флагшток».

Дакумент пад назвай «комплексны план мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мер па супрацьдзеянні кіберзлачынствам, прафілактыцы іх здзяйснення, павышэнню лічбавай пісьменнасці насельніцтва на 2024-2025 гады» зацверджаны ў лістападзе 2023 года віцэ-прэм'ерам Пятром Пархомчыкам.

Аналагічныя планы прымаліся і ў мінулыя гады. Аднак, у адрозненне ад папярэдніх падобных дакументаў, у новым з'явіўся дадатковы пункт:

«Вывучэнне магчымасці распрацоўкі і ўкаранення сістэмы праверкі сеткавых пакетаў па змесце (dpi-сістэма) з мэтай рэгулявання і фільтрацыі трафіку для эфектыўнага супрацьдзеяння выкарыстанню ананімайзераў, VPN і проксісервераў у супрацьпраўных мэтах у беларускім сегменце сеткі інтэрнэт».

Выкананне гэтай задачы ўскладзена на Мінсувязі, МУС, КДБ, ААЦ і «іншыя зацікаўленыя органы і арганізацыі».

Сістэма DPI (Deep Packet Inspection) — тэхналогія назапашвання статыстычных даных, праверкі і фільтрацыі сеткавых пакетаў па іх змесціве. DPI-сістэма дазваляе вызначаць і фіксаваць, на якія сайты і ў якія праграмы заходзіў карыстальнік.

«Флагшток» звярнуўся па каментар з нагоды перспектыў укаранення dpi-сістэмы да профільнага спецыяліста:

«Новаўвядзенні, імаверна, будуць тычыцца беларускіх інтэрнэт-правайдараў. За гэтым відаць намер абмежаваць трафік беларускіх карыстальнікаў на забароненыя рэсурсы праз блакаванне VPN. У Расіі такое ўжо пачалі рэалізоўваць. Там ёсць спіс VPN-сэрвісаў, доступ да якіх забаронены. Гэта, відаць, будзе зроблена і ў Беларусі».

Чытайце таксама:

Стаў платным самы папулярны ў беларусаў VPN. Але пакуль не для ўсіх

У Расіі стварылі «Таварыша маёра» для выяўлення адміністратараў тэлеграм-каналаў

Як уласнымі рукамі стварыць VPN-сервер, які цяжка будзе заблакаваць — падрабязны гайд

Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд

Клас
2
Панылы сорам
16
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
87