Байцы батальёна «Ліцвін» палка Каліноўскага. Фота: t.me/belwarriors

Байцы батальёна «Ліцвін» палка Каліноўскага. Фота: t.me/belwarriors

Сустрэча з камандзірам палка Каліноўскага Дзянісам Кітом Прохаравым і яго намеснікам Вадзімам Кабанчуком праходзіла ў адным з самых прэстыжных раёнаў Варшавы — Саскай Кэмпе. Тут з верасня 2020 года ў мадэрнісцкім асабняку 1930 года пабудовы месціцца «Беларускі дом» — адна з арганізацый беларусаў Польшчы.

Ля брамкі гасцей сустракаюць два моцныя маладыя чалавекі ў балаклавах. Яны ветліва вітаюцца і запрашаюць прайсці на тэрыторыю. Парадны ўваход закрыты. Людзей на мерапрыемства праводзяць праз заднія дзверы. Чаму — незразумела.

У фае «Беларускага дома» ў чарзе на другі паверх даволі шматлюдна. Усіх наведнікаў просяць здаць на часовае захоўванне тэлефоны — відэа– і фотаздымка на сустрэчы забароненыя. Хтосьці спрачаецца, але аддае дэвайсы, хтосьці адразу згаджаецца.

За 10 хвілін да пачатку сустрэчы ў зале практычна няма свабодных месцаў. У першым шэрагу на ганаровым месцы сядзіць адзін з найстарэйшых беларускіх палітыкаў Зянон Пазняк у суправаджэнні Паўла Усава, свайго паплечніка па арганізацыі «Вольная Беларусь».

На гадзінніку — пяць хвілін да пачатку. Месцаў у зале ўжо няма, а людзі ўсё ідуць і ідуць. Каму пашанцавала — уладкоўваецца на падаконніку. Іншыя тоўпяцца ля ўваходу. Арганізатары просяць партэр перасунуць крэслы на паўтара метра наперад, каб тыя, хто чакае на лесвіцы, змаглі хаця б зайсці ў залу.

У невялікае памяшканне набілася больш за 120 чалавек. Сярод іх прадстаўнікі розных узростаў, прафесій і поглядаў — мініяцюрны зрэз беларускага грамадства ў выгнанні.

— Прашу ўсіх устаць, — звяртаецца да аўдыторыі прадстаўнік палка Павел Вілі Кухта. — Жыве Беларусь!

— Жыве! Жыве вечна! — хорам адказваюць людзі.

«Полк Каліноўскага — гэта народны праект»

Сустрэча пачынаецца. Першым выступае камандзір палка Дзяніс Прохараў.

— Гэта сустрэча ўдзячнасці, мы прыехалі, каб падзякаваць вам, пазнаёміцца і адказаць на вашыя пытанні, — кажа ён аўдыторыі. — З самага пачатку існавання полк Каліноўскага залежыць ад падтрымкі, і першымі на просьбу аб падтрымцы адгукнуліся простыя беларусы — хтосьці прыйшоў да нас добраахвотнікам, хтосьці дапамагае фінансава. Дзякуючы гэтаму мы адбялілі імя беларусаў, бо ў першыя дні вайны з тэрыторыі Беларусі на Украіну ляцелі ракеты і заходзілі расійскія войскі. Таму беларусаў пачалі недалюбліваць. Цяпер увесь свет навучыўся падзяляць беларусаў на сапраўдных і праўладных тараканаў.

— Полк Каліноўскага — гэта народны праект, — працягнуў думку Прохарава яго намеснік Вадзім Кабанчук. — За ўвесь час нашага існавання мы не атрымалі ні капейкі грошай ад фондаў, уся падтрымка — ад беларускага народа.

Пасля гэтых словаў Кабанчука зала выбухнула доўгімі апладысментамі.

— Свет уваходзіць у перыяд нестабільнасці, — працягнуў намеснік камандзіра. — Наперадзе будзе шмат войнаў, і Беларусі спатрэбяцца нацыянальныя збройныя сілы. Але толькі вайсковага прадстаўніцтва мала. Таму 29 ліпеня 2023 года мы правялі ў Кіеве нашу канферэнцыю, у якой узялі ўдзел розныя палітычныя сілы. Па выніках была створаная Часовая вайсковая камісія, у якую ўвайшлі таксама беларускія бізнэсоўцы, якія працуюць ва Украіне. Без згоды іншых удзельнікаў я не магу казаць пра планы камісіі, але ўжо вельмі хутка будуць цікавыя навіны. Мы гатовыя да самых радыкальных варыянтаў, бо стаіць пытанне выжывання.

Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Дзяніс Прохараў паспрабаваў растлумачыць удзельнікам сустрэчы змену стратэгіі палка Каліноўскага на філалагічным прыкладзе:

— У беларускай мове ёсць слова «супраціў», але яно нам больш не падыходзіць. Бо супраціў — гэта калі ты супраціўляешся, а нам трэба змагацца, ісці шляхам барацьбы. Нас чакае вайна ўдоўгую, трэба мець да гэтага гатоўнасць. Як будзе — пабачыце. У нас наперадзе — пытанне па Беларусі. Нельга расслабляцца!

«Вылазка на тэрыторыю Беларусі будзе адкрыццём другога фронту, нам гэта пакуль не патрэбна»

На гэтым выступы камандзіраў палка Каліноўскага скончыліся, і аўдыторыі прапанавалі задаваць пытанні Прохараву і Кабанчуку.

Адзін з прысутных спытаў, чаму каліноўцы не праводзяць дыверсійныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі — так, як гэта робіць Рускі добраахвотніцкі корпус, які здзейсніў некалькі вылазак углыб расійскага тылу.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў. Украіна, лістапад 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў. Украіна, лістапад 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

— Полк Каліноўскага — частка Збройных сілаў Украіны, мы падпарадкоўваемся вайсковай вертыкалі і несамастойныя ў сваіх рашэннях, — патлумачыў Вадзім Кабанчук. — Але справа не толькі ў гэтым: дробная дыверсійная аперацыя з нашага боку была б выкарыстаная Лукашэнкам, каб скампраметаваць Украіну і абвінаваціць яе ў агрэсіі.

— Вылазка на тэрыторыю Беларусі будзе адкрыццём другога фронту, нам гэта пакуль не патрэбна, — дадаў Дзяніс Прохараў.

Камандзіраў палка таксама спыталі пра тое, чаму з іх падраздзялення сыходзяць байцы. Дзяніс Прохараў патлумачыў, што такое часам сапраўды здараецца. Гэта звязана з тым, што полк — вялікі калектыў, і ў ім бываюць канфлікты паміж людзьмі.

— Некаторыя з нашых былых байцоў перавяліся ў іншыя падраздзяленні Збройных сілаў Украіны, і мы з імі сустракаемся падчас выканання баявых задачаў, — расказаў Дзяніс Прохараў. — Ніякіх канфліктаў паміж намі няма, нам даводзіцца сумесна працаваць, і мы ставімся адно да аднаго з вялікай павагай.

Такі адказ, відаць, не задаволіў чалавека, які задаў пытанне, і ён удакладніў, што некаторыя байцы сыходзяць з палка праз недавер да кіраўніцтва.

— Ці не плануеце вы ўвесці выбары камандзіраў? — задаў ён наступнае пытанне.

Пачуўшы гэта, Зянон Пазняк, які сядзеў у зале, гучна засмяяўся. Пасля яго пачала смяяцца ўся зала, у тым ліку камандзіры палка.

— Выбары, сур’ёзна? — сказаў Дзяніс Прохараў. — Полк Каліноўскага — гэта вайсковае фармаванне, як і ў любым іншым, у нас існуе іерархія камандавання.

— Мы не казакі Запарожскай сечы, якія выбіралі сабе атамана, — прадоўжыў Вадзім Кабанчук. — Але зараз вядзецца праца над стварэннем статута палка, і калі там будзе пункт пра выбары кіраўніцтва, то мы будзем гэта разглядаць.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы спытаў камандзіраў каліноўцаў, чаму яны не рэагуюць на абвінавачанні ў карупцыі і негатыўныя каментары ў сацыяльных сетках, якія часам гучаць ад былых байцоў падраздзялення.

— Калі б мы рэагавалі на кожны такі закід, то не развіліся б як падраздзяленне, — адказаў Дзяніс Прохараў. — Заўсёды будуць незадаволеныя, і пляўкі ў наш адрас ёсць, але было б памылкай у іх захраснуць. У нас няма на гэта часу, бо мы ваюем.

— Вельмі добры адказ, — шэптам сказаў Зянон Пазняк і пачаў пляскаць у далоні. Да беларускага палітыка далучылася ўся зала.

Наступнае пытанне задаў грамадзянін Польшчы на сваёй роднай мове. Пытанне датычыла зніжэння ўзроўню падтрымкі Украіны з боку краін Захаду.

— Зараз прыйшоў час горкай праўды. Людзі на Захадзе павінны адчуць, што ідзе вайна і яна не скончыцца хутка. Таму Украіне і нам патрэбная падтрымка, каб вайна не прыйшла ў Еўрапейскі саюз, — адказаў Дзяніс Прохараў.

— А ён маладзец, — зноў пахваліў адказ камандзіра палка Зянон Пазняк.

Пасля гэтага мікрафон узяў падлетак гадоў 16−17:

— Перад сустрэчай мы з мамай абмяркоўвалі, што будзе з беларусамі, якія падтрымліваюць рэжым. Вы не баіцеся грамадзянскай вайны?

— Не будзе ніякай грамадзянскай вайны, — адказаў яму Вадзім Кабанчук. — Я памятаю 1996 год, калі пасля рэферэндуму на плошчу Незалежнасці ў Мінску выйшлі супраціўнікі і прыхільнікі Лукашэнкі. Нас (тых, хто супраць) было некалькі тысячаў, а за Лукашэнку прыйшло ўсяго 15 чалавек.

— Ну, не 15, іх было троху больш, — сказаў Усаву Зянон Пазняк.

— Мы будзем жыць з імі мірна, але тыя, хто парушыў закон ці забіваў беларусаў, — абавязкова адкажуць перад законам, — працягнуў Вадзім Кабанчук.

Адно з апошніх пытанняў з аўдыторыі датычыла лёсу Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзягцёва, двух каліноўцаў, што трапілі ў чэрвені 2022 года ў расійскі палон.

— Складанае і балючае пытанне, — адказаў Вадзім Кабанчук. — Мы ўвесь час праводзім маніторынг абменнага фонду, падымаем пытанне пра неабходнасць іх абмену. Мы не ведаем, што з імі зараз і дзе яны знаходзяцца. Спадзяемся, што зможам узяць у палон важнага расійскага вайскоўца і абмяняць яго на нашых хлопцаў.

«Людзі — гэта самы галоўны і, на жаль, самы цяжказдабывальны рэсурс»

Пасля яшчэ некалькіх пытанняў з залы і прагляду фільма пра паход Каліноўскага сустрэча скончылася — агулам яна доўжылася каля дзвюх гадзін. Калі госці разышліся, Дзяніс Прохараў адказаў на пытанні «Люстэрка».

— Цягам сустрэчы ў мяне склалася ўражанне, што мэта вашага турнэ па краінах і гарадах Еўрасаюза — гэта пошук грошай і чалавечых рэсурсаў. Гэта так?

— Гэта так. Улічваючы, што ў нашым падраздзяленні даволі вялікі штатны расклад, патрэба ў людзях будзе заўсёды. Людзі — гэта самы галоўны і, на жаль, самы цяжказдабывальны рэсурс. Грошы, матэрыяльныя рэсурсы — гэта не так складана, з гэтым дапамагаюць простыя беларусы і бізнэсоўцы. Нам важна заматываваць людзей, каб яны прыехалі і сталі часткай падраздзялення, якое ваюе. Мы не кажам пра зброю ці стрэльбы, мы кажам пра кіроўцаў, медыкаў і гэтак далей. Гэтае пытанне не вострае, але яно стаіць.

— Як байцы, якія цяпер знаходзяцца на фронце, паставіліся да таго, што іх камандзіры з’ехалі ў турнэ па Еўропе?

— Нармальна паставіліся. Не так даўно я вярнуўся з Харкаўскага напрамку, дзе мы рабілі вялікую працу, вынікі якой — вельмі добрыя. Разам з хлопцамі я ўдзельнічаў у аперацыях, перад гэтым праводзіў баявое зладжванне. Я намагаюся быць карысным паўсюль. І тая справа, якую я раблю зараз, таксама карысная для нашага падраздзялення. Хлопцы гэта разумеюць.

Чакаецца, што сустрэчы з камандзірам палка Каліноўскага і яго намеснікам будуць праходзіць у розных гарадах Польшчы, Чэхіі, Германіі і Літвы кожны дзень да 1 лютага. З іх раскладам можна пазнаёміцца на сайце падраздзялення, а пра дакладныя месцы правядзення паведамяць у тэлеграм-канале палка незадоўга да іх пачатку.

Клас
32
Панылы сорам
2
Ха-ха
9
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
5