Дональд Трамп. Фота: Charlie Neibergall / AP

Дональд Трамп. Фота: Charlie Neibergall / AP

У сваёй аўтарскай калонцы ў Daily Mail былы прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заўважае, што «разведка заходніх лібералаў нарэшце заўважыла магчымы вынік прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў лістападзе гэтага года». Вынікі праймэрыз у штаце Аёва, а цяпер і Нью-Гемпшыры выклікалі панічныя настроі, а The Economist напісаў, што «Дональд Трамп уяўляе найбольшую пагрозу для свету ў 2024 годзе». Але Джонсан цалкам не згодзен з такім поглядам.

«Самая вялікая пагроза свету? Трамп? Калі вы паглядзіце на факты, то можна зрабіць выснову, — і я магу гэта зрабіць цяпер, — што прэзідэнцтва Трампа можа быць менавіта тым, што трэба свету».

Па словах Джонсана, ён ніякім чынам не прымяншае выдатных якасцяў Джо Байдэна і не імкнецца прыменшыць абуральную памылку Трампа 6 студзеня 2021 года, якая прывяла да беспарадкаў на Капіталійскім пагорку. Аднак амерыканскі народ бачыць, што, нягледзячы на выхвалянне і розныя непрыемныя падзеі, якімі б абуральнымі яны ні былі, улада ўсё ж была перададзена мірна і ў адпаведнасці з канстытуцыяй ад адной адміністрацыі да іншай.

«Разумныя людзі бачаць, што Трамп на самай справе не зʼяўляецца патэнцыйным дыктатарам», — піша Джонсан і адзначае: «Чым больш моцнымі становяцца спробы адмяніць яго, тым мацнейшым ён становіцца. Чым больш жорстка ягоныя ворагі вядуць судовыя працэсы супраць яго, тым больш непераможным ён здаецца».

Што будзе з дапамогай Украіне?

Аўтар прапануе паглядзець на перыяд прэзідэнцтва Трампа без лішніх эмоцый. І ў першую чаргу ў кантэксце вайны ва Украіне.

«Я глыбока разважаў, што можа азначаць перамога Трампа для вайны. Што можам мы вынесці з мінулых фактаў?» — піша Джонсан і прыводзіць прыклады:

«Які амерыканскі прэзідэнт першым заступіўся за Украіну пасля ўварвання Пуціна ў 2014 годзе? Ці быў гэта вялікі ліберал-інтэрнацыяналіст Барак Абама? Не, спадарства. Ён нічога не зрабіў для таго, каб выціснуць Пуціна з Украіны — ні з Крыма, ні з Данбаса. Ні французы, ні немцы не зрабілі гэтага — як, шчыра кажучы, і тагачасны ўрад Вялікабрытаніі, які загадкавым чынам вырашыў памыць рукі і даверыць лёс Украіны маральна гнілому «нармандскаму фармату».

Менавіта Дональд Трамп даў украінцам супрацьтанкавыя комплексы Javelin, якія разам з брытанскімі ракетамі NLAW і іншай зброяй былі такімі каштоўнымі для ўкраінцаў у бітве за Кіеў. І, прынамсі, збольшага дзякуючы гэтаму смеламу рашэнню Трампа ўкраінцы змаглі ашаламіць свет і прымусілі войскі Пуціна збегчы з украінскай сталіцы. Што б цяпер ні казалі пра прэзідэнта Трампа, я не магу паверыць, што ён захоча ўвайсці ў гісторыю як прэзідэнт, які пакінуў краіну, якой ён ужо прыкметна дапамог захаваць свабоду».

Джонсан піша, што не можа паверыць у тое, што Трамп кіне ўкраінцаў. Наадварот, на яго погляд, «зразумеўшы, што з Пуціным не трэба заключаць ніякай здзелкі, ён (Трамп — НН) падвоіць намаганні і завершыць, што пачаў, — даўшы ім тое, што трэба для перамогі».

Як Трамп паўплывае на сусветны парадак?

Акрамя праблемы вайны ва Украіне, Джонсан разглядае перыяд прэзідэнцтва Трампа праз прызму сусветнай бяспекі. У такім кантэксце аўтар адзначае, што Трамп, безумоўна, запатрабуе, каб еўрапейцы больш плацілі за ўласную абарону.

Джонсан упэўнены, што пры Трампе ёсць усе шанцы, што Захад стане мацнейшым, а свет — больш стабільным.

«Ці можаце вы цяпер сапраўды сказаць, што свет цяпер адчувае сябе ў большай бяспецы, чым у часы, калі Трамп быў прэзідэнтам? — пытаецца Джонсан і прыводзіць прыклады сучаснага парадку дня:

«Паўсюль вы бачыце зламыснасць Ірана і варожых актараў, якія падтрымліваюцца Іранам. Мы бачым, як Пуцін кіруе іранскія ракеты і беспілотнікі на ўкраінскіх мірных жыхароў. Мы бачылі, як ХАМАС, навучаны і прафінансаваны Іранам, зладзіў самую вялікую разню яўрэйскага народу з часоў Халакоста. Цяпер мы бачым, як хусіты выкарыстоўваюць іранскія ракеты для разбурэння глабальнага суднаходства».

Джонсан задае пытанне, ці магло б нешта з пералічанага адбыцца, калі б у гэты час прэзідэнтам быў Дональд Трамп, і працягвае нагадваць факты з яго былога прэзідэнцтва.

Сярод іх — ліквідацыя аднаго з камандзіраў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані ў пачатку 2020 года. «Дыпламатычны свет быў збянтэжаны. Але мы мала што чулі пра Іран да канца прэзідэнцтва Трампа, ці не так?»

Другі факт — удары ЗША ў 2018 годзе пры падтрымцы Вялікабрытаніі па Сірыі пасля таго, як Башар Асад незаконна ўжыў атрутны газ. Джонсан нагадвае, што ў 2013 годзе, калі свет даведаўся пра тое, што кіраўнік Сірыі ужыў хімічную зброю, тагачасны прэзідэнт Барак Абама нічога не зрабіў.

Зыходзячы з такіх фактаў, Джонсан сцвярджае, што «цяпер свету патрэбен лідар ЗША, чыя гатоўнасць прымяняць сілу і відавочная непрадказальнасць зʼяўляюцца асноўным стрымліваючым фактарам для ворагаў Захаду. Калі так, то гэтым лідарам зʼяўляецца Трамп.

Вы можаце запярэчыць, што пасля кашмару COVID і пашырэння (умяшання ў эканоміку — НН) дзяржавы на Захадзе свету цяпер патрэбен прэзідэнт ЗША, які зʼяўляецца адданым прыхільнікам вольнага рынку і капіталізму. Калі так, то гэта Трамп».

Дональд Трамп. Фота: Sue Ogrocki / AP

Дональд Трамп. Фота: Sue Ogrocki / AP

Чаму еўрапейскі істэблішмент баіцца Трампа?

Далей у сваім артыкуле Джонсан піша, што яго здзіўляе погляд старшыні Еўрапейскага цэнтральнага банка Крысціны Лягард на Трампа як «пагрозу» для Еўропы.

Аўтар прапануе параўнаць эканоміку ЕС і ЗША. Калі ў 2008 годзе ВУП еўразоны і ЗША былі амаль аднолькавымі (14,2 трыльёна долараў супраць 14,8), хоць насельніцтва першай было нашмат большай, то праз пятнаццаць гадоў еўразона знаходзіцца ў стагнацыі на ўзроўні 15 трыльёнаў долараў, а эканоміка ЗША ўзляцела да 26 трыльёнаў.

Джонсан адзначае, што не падтрымлівае Трампа ў яго палітыцы, накіраванай супраць абмежавання выкідаў парніковых газаў Net Zero. Але фундаментальная праблема, на яго погляд, у тым, што для таго, каб весці барацьбу за скарачэнне выкідаў, неабходна, каб насельніцтва было багацейшым, каб дазволіць сабе набыць цеплавы насос ці электрамабіль.

«І што б вы ні казалі пра Трампа, ён дапамог амерыканскім семʼям атрымаць больш магчымасцяў для іх куплі, а таксама новыя тэхналогіі, якія могуць вырашыць праблему змены клімату. І збольшага дзякуючы эканамічнай палітыцы Дональда Трампа амерыканскія аўтамабільныя кампаніі вырабляюць больш электрамабіляў на батарэях, чым увесь ЕС разам узяты.

Дык хто ж сапраўдны абаронца навакольнага асяроддзя? І хто — калі паглядзець на склератычныя тэмпы росту ЕС — зʼяўляецца рэальнай пагрозай для Еўропы? Гэта не Трамп. Гэта Крысціна Лягард і ўсе, хто працягвае навязваць еўрапейцам мадэль высокіх падаткаў і цвёрдага рэгулявання.

Давайце паглядзім праўдзе ў вочы: сапраўдная праблема для трампафобаў — гэта не знешняя палітыка, не навакольнае асяроддзе і не эканоміка.

Справа, хутчэй, у гусце, стылі і яго несумненнай здольнасці заводзіць людзей. Так, яго злавілі на некалькіх неасцярожных рэчах, але хто гэтага не рабіў? Хто без граху, няхай першы кіне ў мяне камень», — адзначае Барыс Джонсан.

У канцы артыкула Джонсан прызнаецца, што яму падабаецца стыль Трампа, тое, як ён паводзіць сябе на мітынгах. Ён прызнаецца, што смяецца з яго, па сутнасці, дабрадушных пародый на Эмануэля Макрона і Джо Байдэна.

А ўсім сваім сябрам, якія выступаюць супраць Байдэна, Джонсан кажа:

«Супакойцеся, хлопцы. Чым больш вы будзеце хвалявацца, тым больш рашучымі будуць яго прыхільнікі. І перамога Трампа будзе ператварацца з магчымасці ў імавернасць, а затым і ў цвёрдую ўпэўненасць. Нам усім трэба пасталець і абвыкнуць да такой перспектывы. Калі ён зробіць правільна і падтрымае ўкраінцаў (а я веру, што так і будзе), прэзідэнцтва Трамп можа стаць вялікай перамогай для свету».

Чытайце яшчэ:

Дзіўныя плямы на далоні Трампа спарадзілі мноства чутак, у ліку самых неверагодных

Трамп выйграў кокусы ў Аёве

Пры Трампе з Белага дома знікла тэчка з разведданымі пра Расію

Клас
20
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
1
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?