Ігар Пакусін. Фота: vk.com

Ігар Пакусін. Фота: vk.com

У Абакане (Паўднёвая Сібір, Расія) суд прызнаў 61-гадовага Ігара Пакусіна вінаватым у «падрыхтоўцы да дзяржаўнай здрады ў форме пераходу на бок праціўніка» і прысудзіў восем гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі, піша Бі-бі-сі.

Пракуратура прасіла на год менш. Абарона мае намер абскардзіць прысуд.

Пакусін — ураджэнец Адэсы. Яшчэ ў савецкі час ён скончыў Кіраваградскую лётную вучэльню, дзе рыхтавалі лётчыкаў далёкай авіяцыі. Пазней па размеркаванні ён трапіў у Абакан і застаўся жыць у Расіі.

Будучы пенсіянерам, ён працягваў працаваць пілотам грамадзянскай авіяцыі. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Пакусін заняў антываенную пазіцыю і хацеў вярнуцца на радзіму, гэтыя планы ён абмяркоўваў са сваімі знаёмымі.

Паводле версіі расійскіх спецслужбаў, ён збіраўся звязацца з украінскім бокам і далучыцца да УСУ — «каб, выкарыстоўваючы свае лётныя навыкі, ваяваць супраць расейскіх войскаў у авіяцыі».

У сакавіку 2022 года Ігар Пакусін абліў жоўтай і сіняй фарбай банер з літарай «Z» і напісаў «Слава Украіне» на сцяне краязнаўчага музея ў Абакане.

За гэта на яго завялі справу аб вандалізме і ў снежні таго ж года прысудзілі да шасці месяцаў абмежавання волі.

На наступны дзень пасля вынясення прысуду супрацоўнікі спецслужбаў зноў затрымалі Пакусіна, абвінаваціўшы гэтым разам у дзяржаўнай здрадзе.

У справе фігуруе відэазапіс, зроблены ў мясцовым аддзеле ФСБ, на якім затрыманы прамаўляе наступнае: «У далейшым, патрапіўшы на Украіну, былі думкі дапамагаць сваёй радзіме ў супрацьдзеянні спецыяльнай ваеннай аперацыі, ну, з мэтай павышэння баяздольнасці, выцягваць параненых, дапамагаць лячыць. У дадзены момант быў затрыманы, і лічу, што я пагарачыўся. У зробленым раскайваюся. І хачу сказаць, што аж да мірнага пагаднення паміж дзвюма краінамі я не буду паўтараць гэты ўчынак».

Па словах праваабаронцаў, Пакусін не хаваў сваіх антываенных поглядаў, але не збіраўся ваяваць супраць Расіі, а паказанне з прызнаннем віны было выбіта пад катаваннямі.

Як кажуць яго знаёмыя і жонка, Пакусін не мог удзельнічаць у баявых дзеяннях праз стан здароўя: у яго замест двух суставаў — пратэзы, а ў сэрцы — стэнт.

Па рашэнні суда адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі строгага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
11