Гданьск. Фота: Wikimedia Commons

Гданьск. Фота: Wikimedia Commons

Вакол аднаго з эмігранцкіх чатаў, «Беларусы ў Гданьску», удзельнікамі якога былі каля 5 тысяч чалавек, днямі разгарэўся скандал. Адзін з адміністратараў заявіў, што чат можа знаходзіцца пад кантролем беларускіх сілавікоў, бо ягоная стваральніца і ўласніца вярнулася ў Беларусь.

На гэты момант чат стаў прыватным. Удзельнікі супольнасці хвалююцца: што ўвогуле адбываецца, ці не трапілі іхнія звесткі ў рукі сілавікоў? Праблему высвятляла Радыё Свабода.

Нейтральны чат без палітыкі

Беларус Вячаслаў (імя змененае ў мэтах бяспекі. — РС) здзіўлены навіне пра магчымы захоп чату «Беларусы ў Гданьску» ў месенджары Telegram.

«Той чат быў на 5 тысяч чалавек. Ёсць і іншыя чаты з такой жа назвай. Мне ён не падабаўся, бо там панічна баяліся «палітыкі», любы допіс з заклікам на акцыю салідарнасці ці нейкі перадрук адразу ж выдаляліся, людзей банілі. Навошта такі чат захопліваць? Там толькі і пісалі, што «селядзец у Польшчы нясмачны», «зефіру няма, маянэз паганы», — кажа суразмоўца.

Ён таксама дадае, што ў згаданым чаце сядзелі «адны пуціністы і лукашысты». «Нас, хто хадзіў у Гданьску на акцыі салідарнасці, яны называлі «вар’ятамі-нептуністамі« — ад месца збору на акцыі каля фантану «Нептун», — тлумачыць Вячаслаў.

Версія адміністратара

Пасля паведамленняў аб магчымым захопе чату «Беларусы ў Гданьску», частка яго ўдзельнікаў стварыла новы з такой жа назвай. Адзін з адміністратараў напісаў, што мае падазрэнні наконт уласніцы ранейшай суполкі. Ён сцвярджае, што без узгаднення з ім правы адміністравання былі перададзеныя іншаму чалавеку.

«Пры камунікацыі з Яўгеніяй (імя ўласніцы чату. — РС) узніклі падазрэнні праз неадпаведнасць выразаў, рэакцый. Яна раней сядзела пастаянна ў Telegram, цяпер жа стала з'яўляцца толькі раз на дзве гадзіны. Напрыклад, 17:00—17:20 па Менску, потым 19:00—19:20 па Менску. Тэндэнцыя была відавочная, можна было падумаць, што дзяжураць», — напісаў адміністратар у суполцы.

Свабода пагутарыла з іншым адміністратарам эмігранцкага чату. Васіль (імя змененае дзеля бяспекі. — РС) кажа, што 10 студзеня ў дыяспары беларусаў у Гданьску зʼявілася інфармацыя, што ў аднаго з адміністратараў чату прайшоў вобшук і правы адміністратара былі перададзеныя сілавікам.

«Потым адміністратар другога чату «Беларусы ў Гданьску« пачаў супастаўляць атрыманую інфармацыю і падазроныя дзеянні ўласніцы, якая вярнулася ў Беларусь. Яна недзе ў 2021 годзе пераехала ў Гданьск, мела тут невялікую краму. Але, відаць, нешта не атрымалася і яна вярнулася», — тлумачыць Васіль.

Ён кажа, што ніхто, апроч самой Яўгеніі, не можа сказаць, на волі яна ці затрыманая.

«Яна нібыта зʼявілася ў чаце, які цяпер стаў прыватным, і напісала, што ўсё з ёй у парадку. Што яна ў Беларусі, на волі. Заклікала беларусаў не кідаць чат, дапамагаць, як і раней, адзін аднаму. Але я не веру, што гэта яна», — дадае адміністратар чату.

У паведамленні чалавек з нікам «Яўгенія» піша, што яна стваральніца чату, сама цяпер у Беларусі. І дадае, што ні ад кога не хаваецца, суполка была створаная дзеля дапамогі, там няма палітыкі ці экстрэмізму.

Бяспечных тэмаў цяпер проста не існуе

Эксперт ініцыятывы «Кібербабёр» Аляксандр (імя змененае. — РС) нагадвае, што беларускае заканадаўства не забараняе ствараць суполкі ў Telegram ці абмяркоўваць там розныя тэмы. Але зазначае, што ў Беларусі «часам не да законаў». Нягледзячы на тое, што суполка была нейтральнай, з забаронай на «палітыку», яна магла прыцягнуць увагу сілавых структур Беларусі.

«Можна засцерагацца, не пісаць на нейкія небяспечныя тэмы, але ніхто сёння не дасць гарантыі, што заўтра гэтую суполку не прызнаюць «экстрэмісцкай«. Бяспечных тэмаў цяпер, можа быць, не існуе. Адміністратары суполак могуць быць мішэнямі для спецслужбаў, значыць, яны мусяць быць гатовымі да ціску. Калі сабраліся ехаць у Беларусь, то пэўныя паўнамоцтвы ў суполцы трэба перадаць таму, хто ў бяспецы», — лічыць Аляксандр.

Ён нагадвае, што ананімнасць у інтэрнэце — «рэч вельмі ўмоўная», а пад «экстрэмізм», які трактуецца ў Беларусі вельмі шырока, можна падвесці што заўгодна. Аляксандр кажа, што ў чаце на 5 тысяч чалавек могуць быць розныя людзі, таму важна наладзіць свой акаўнт такім чынам, каб абараніць сябе.

«Цяпер у СМІ шмат гісторый, як сілавыя органы ідэнтыфікуюць людзей, калі, скажам, прасочаць гісторыю акаўнта ў Telegram, які раней быў зарэгістраваны на сапраўднае імя, на беларускі нумар. Гэта ўсё значна палепшыць ідэнтыфікацыю», — тлумачыць эксперт.

Пры магчымым захопе чату да «органаў» можа трапіць спіс удзельнікаў суполкі. «І тады яны могуць праверыць спіс і ідэнтыфікаваць таго, каго змогуць, з неабароненым акаўнтам. Адна з мэтаў — перашкодзіць людзям аб’ядноўвацца за мяжой паводле сваіх інтарэсаў», — лічыць Аляксандр.

Ініцыятыва «Кібербабёр» склала рэкамендацыі для адміністратараў тэлеграм-каналаў. Асноўныя зь іх наступныя:

  • выкарыстоўваць іншы, не асабісты, акаўнт для адміністравання;
  • абараніць акаўнт (абавязковая двухфактарная аўтэнтыфікацыя, небеларускі нумар);
  • выкарыстоўваць VPN;
  • перадаць правы ўладальніка даверанаму чалавеку за межамі Беларусі;
  • не спампоўваць архівы і іншыя файлы ад незнаёмых людзей;
  • не пераходзіць па незнаёмых спасылках.
Клас
6
Панылы сорам
9
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
0