Карэспандэнты з месца падзеяў паведамляюць, што сілавікі ўжылі светлашумавыя гранаты і слезацечны газ. У выніку ёсць пацярпелыя.

«Трое хлопцаў беглі, трымаліся за вочы, сказалі, што жорстка ціснуць», — перадае карэспандэнт выдання «НеМосквы». 

 

Фаіля Алсынава, якога асудзілі сёння на чатыры гады калоніі, яшчэ не вывезлі з будынка суда. Паліцыя не змагла адціснуць людзей з дарогі, па якой павінен праязджаць аўтазак.

 

У натоўпе распаўсюджваюцца чуткі, што на месца сутыкненняў павінен прыехаць губернатар рэгіёну Радый Хабіраў, які і напісаў данос на актывіста, але губернатара няма.

Падставай для крымінальнага пераследу Алсынава стала яго прамова падчас узгодненага мітынгу вясной 2023 года. У ёй актывіст, у прыватнасці, ужыў словазлучэнне «кара халык»: «Армяне зʼедуць на сваю радзіму, «кара халык» — да сябе, рускія — у сваю Разань, татары — у свой Татарстан. Мы не зможам перасяліцца, у нас няма іншага дома, наш дом тут!»

Экспертыза, праведзеная падчас расследавання, вырашыла, што гэтае словазлучэнне «адпавядае значэнню слоў «хачы«, «чуркі«, «чарнамазыя». На падставе экспертызы Алсынава абвінавацілі ў экстрэмізме, нібыта ён даў «негатыўную ацэнку» жыхарам Цэнтральнай Азіі і Каўказа. Мясцовыя актывісты ж настойваюць, што пераклад прамовы, які быў прадстаўлены ў судзе, наўмысна сказілі.

Алсынаў — башкірскі нацыянальны лідар, экаактывіст, выступаў супраць золатаздабычы ў рэгіёне. 

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5