Брусель праводзіць аўдыт ваеннай дапамогі краін-членаў ЕС Кіеву з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання на ўкраінскую тэрыторыю расійскай арміі. Пра гэта ў аўторак піша Financial Times са спасылкай на тры інфармаваныя дыпламатычныя крыніцы.

Як зазначае выданне, праверка арганізавана ў адказ на заявы, што некаторыя дзяржавы не змаглі накіраваць Украіне таго аб'ёму дапамогі, які быў ім пад сілу. У прыватнасці, канцлер Германіі Олаф Шольц на мінулым тыдні запатрабаваў падлічыць і параўнаць аб'ёмы паставак Кіеву. «Пастаўкі зброі для Украіны, запланаваныя большасцю дзяржаў-удзельніц ЕС, занадта малыя», — мяркуе Шольц.

У публікацыі Financial Times гаворыцца, што заходняя ваенная і фінансавая дапамога Украіне ў апошнія месяцы скарацілася, што абмежавала магчымасці Кіева абараняцца ад нападаў Расіі і пачаць контрнаступальныя аперацыі. Гэта выклікала асцярогу, што гатоўнасць дапамагаць Украіне слабее пасля амаль двух гадоў вайны.

Аўдыт праводзіць Еўрапейская служба знешніх сувязей, якая мае намер прадставіць свае высновы перад самітам ЕС 1 лютага.

Па словах адной з крыніц Financial Times, падчас праверкі эксперты будуць абапірацца на матэрыялы, прадстаўленыя членамі еўрапейскага блока ў адказ на адпаведны запыт Бруселя. Субяседнік выдання адзначыў, што гэты запыт ужо сустрэў супраціўленне з боку некаторых краін, якія далі зразумець, што яны не хочуць даваць аўдытарам поўныя звесткі.

Цяперашні аўдыт праводзіцца ў перыяд, калі Брусель, а таксама Вашынгтон спрабуюць знайсці палітычны кансэнсус, які дазволіў бы ім падпісаць новыя пакеты дапамогі Кіеву на суму каля 110 мільярдаў долараў. 

У ЗША двухпартыйныя рознагалоссі да гэтага часу не дазваляюць прыняць новы пакет фінансавання Украіны ў памеры больш за 60 мільярдаў даляраў, на чым настойвае адміністрацыя прэзідэнта-дэмакрата Джо Байдэна, піша «Голас Амерыкі». 

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0