Джон Кэры. Фота: Rafiq Maqbool / AP

Джон Кэры. Фота: Rafiq Maqbool / AP

80-гадовы былы дзяржсакратар Джон Кэры хутка сыдзе з пасады спецпасланніка ЗША па клімаце і падключыцца да перадвыбарнай кампаніі паплечніка па Дэмакратычнай партыі, 81-гадовага прэзідэнта Джо Байдэна, піша Бі-бі-сі.

Кэры абвясціў пра гэта сваім супрацоўнікам у суботу. Ён праслужыў спецпрадстаўніком па клімаце тры гады.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе гэтага года.

У 2004 годзе сенатар Кэры прайграў прэзідэнцкія выбары Джорджу Бушу, які тады пераабраўся на другі тэрмін, апярэдзіўшы Кэры ўсяго на 2,4% галасоў.

Пазней, у 2013-2017 гг, ён быў дзяржсакратаром пры прэзідэнце Бараку Абаме.

Праблемай змены клімату ён пачаў займацца яшчэ тады: пры ім, у 2015 годзе, было падпісана Парыжскае пагадненне, у якім амаль усе краіны свету ўпершыню абавязаліся сумесна скарачаць выкіды парніковых газаў.

На цяперашняй пасадзе Кэры, у прыватнасці, удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні нядаўняга кліматычнага саміту COP28 у Дубаі, на якім краіны свету дамовіліся аб стратэгіі паступовай адмовы ад выкапнёвага паліва.

Джон Кэры, нягледзячы на спрэчкі паміж Вашынгтонам і Пекінам, цалкам паспяхова супрацоўнічаў з кітайскім калегам Се Чжэньхуа. ЗША і Кітай — найбуйнейшыя ў свеце эмітэнты парніковых газаў.

«Кліматычны крызіс — гэта пагроза для ўсяго чалавецтва, і мы ўсе павінны дзейнічаць як мага больш імкліва», — сказаў Кэры, выступаючы летась у Пекіне.

Адміністрацыя Джо Байдэна абяцае, што да 2030 года ЗША скароцяць выкіды да паловы ад узроўню 2005 года. Два гады таму Байдэн правёў праз Кангрэс закон аб асігнаваннях на развіццё «зялёнай» энэргетыкі сумай 369 млрд даляраў.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2