Полацк узімку, ілюстрацыйны здымак. Фота: gorod214.by

Полацк узімку, ілюстрацыйны здымак. Фота: gorod214.by

Сумную гісторыю пра свайго сына распавяла ў тыктоку блогерка пад нікам @ksuartravel. У той дзень хлопчык забыўся ўзяць наяўныя грошы і ўмудрыўся згубіць недзе ў школе даведку навучэнца.

Спачатку гэта не стварыла для яго асаблівых праблем, бо была карта навучэнца ад Беларусбанка — гэта і пропуск у навучальную ўстанову, і банкаўская картка, прывязаная да бацькоўскага рахунку. На сайце Беларусбанка пазначана, што гэта, у тым ліку, «электронны ідэнтыфікацыйны дакумент». Дарэчы, на ім ёсць і фота ўладальніка.

У краме хлопчык змог разлічыцца за пакупкі з дапамогай карткі. А вось у аўтобусе здарылася непрыемная сітуацыя. 

«Кандуктарка кажа: «Гэтыя карткі не працуюць». Там напісана, што гэта вучань, што ён вучыцца ў школе. Сын думаў тады разлічыцца карткай, але аплата не прайшла. Для школьнікаў увогуле праезд бясплатны. Кандуктарка сказала паказаць даведку ці аплаціць праезд. А грошай у дзіцяці няма, картай не атрымалася разлічыцца, даведкі ў яго няма. І ўявіце вось цяпер, калі была гэтая завіруха, яго высадзілі з аўтобуса і ён ішоў пешшу. Ён не мог нам патэлефанаваць, таму што ў яго яшчэ і тэлефон разрадзіўся», — кажучы гэта, жанчына ледзь стрымлівае слёзы.

«Я проста ў шоку. Я шчыра кажу, што я за чужое дзіця заплаціла б. Тым больш тут бачна, што гэта школьнік. Ён прыйшоў увесь мокры, змёрзлы. Як можна высадзіць дзіця. У мяне ўсё трасецца — за нейкія капейкі. Навошта мы рабілі гэтыя карткі, калі яны не працуюць? Я не ведаю, як можна быць такімі бесчалавечнымі. Трэба ў кожнай сітуацыі заставацца людзьмі».

Відэа набрала амаль паўмільёна праглядаў, 24,5 тысячы лайкаў і шмат абураных каментарыяў. Большасць людзей пагадзілася з тым, што ў любым выпадку нельга высаджваць дзіця з аўтобуса, асабліва зімой, калі і цямнее рана, і на вуліцы холадна.

Былі і тыя бацькі, чые дзеці сутыкаліся з аналагічнай праблемай.

Між іншым, Віцебская абласная рада дэпутатаў напрыканцы мінулага года ўнесла змены ў рашэнне, якое рэгулюе правілы праезду навучэнцаў у грамадскім транспарце: з 29 снежня 2023 года школьнікі маюць права прад'яўляць кандуктарам у тым ліку і карту навучэнца.

Пра гэты факт у каментарыях таксама напісалі. «Нашаму аўтапарку гэта не ўказ, як аказалася. У Полацку карты навучэнца сталі дзейнічаць у аўтобусах толькі ад сёння — пасля нашага відэа і размовы з дырэктарам», — адказала блогерка.

Жанчына распавяла, што напісала дзве скаргі: адну ў выканкам, другую ў аўтапарк. Яна таксама сустрэлася з дырэктарам аўтапарка.

Тэлефанавала жанчыне і намесніца дырэктара аўтапарка, спрабавала пераканаць у тым, што дзіця павінна было само адстойваць сваё права ехаць бясплатна ў аўтобусе, паказаць дзённік.

«Дарослы не кожны сарыентуецца ў такой сітуацыі, — парыравала блогерка. — Дзіця проста паказвала карту, спрабавала аплаціць ёй праезд. А што сыну было рабіць? Ён жа не будзе бегаць па аўтобусе ад кандуктаркі, біцца ці яшчэ нешта. Яму прыйшлося выйсці».

Скончылася гісторыя тым, што бацькі набылі новы тэлефон, батарэя ў якім будзе трымаць зарад даўжэй, чым у старым. 

Чытайце таксама:

Барысаўская кандуктарка напала на пасажыра за тое, што ў яго не знайшлося дробных манет

У Салігорску чалавек зарабляў ксеракапіраваннем месячных праязных на транспарт

Заяц з'еў свой праязны ў слуцкім аўтобусе

Клас
10
Панылы сорам
18
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
11
Абуральна
67