З 30 чэрвеня беларусы і расіяне не могуць страхаваць транспарт у сістэме аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта». Цяпер, каб паехаць у Еўропу, кіроўцам трэба афармляць дамовы памежнага страхавання ў пунктах пропуску той краіны, куды яны накіроўваюцца, піша Mostmedia.io.

Як распавёў намеснік гендырэктара Беларускага бюро па транспартным страхаванні Віктар Лукашэвіч, такія дамовы можна свабодна аформіць на літоўскай і латвійскай межах, дзе на пагранпераходах прысутнічаюць страхавыя агенты. Аднак на польскай такія полісы зрабіць немагчыма.

— Наколькі нам вядома, з боку польскага памежнага пераходу «Тарэспаль» пытанні засталіся, і яны дагэтуль не вырашыліся. Хоць мы некалькі разоў звярталіся ў польскае маторнае страхавое бюро. Яны абяцалі ўсялякае садзейнічанне, але аргументавалі ў канчатковым выніку тым, што сам памежны пераход недастаткова абсталяваны для размяшчэння страхавога агента, — сказаў Лукашэвіч.

Што рабіць?

Самым відавочным спосабам застаецца анлайн-страхоўка. Аднак і ў гэтай схеме ёсць падводныя камяні. Не заўсёды поліс атрымоўваецца аплаціць з Беларусі. У тэлеграм-чаце «ГраницаBY Беларусь-ЕС» мы знайшлі гісторыю Паўла. Ён піша, што аплаціць такую страхоўку можна толькі еўрапейскімі картамі.

Гэта не заўсёды так. Іншай удзельніцы чата Таццяне ўдалося заплаціць беларускай картай, за месяц страхоўкі дзяўчына аддала каля 200 рублёў.

Пры паспяховай куплі страхоўку высылаюць pdf-файлам, які затым трэба раздрукаваць. Афармленнем дакументаў раяць займацца загадзя і ўважліва правяраць страхоўшчыкаў — сярод іх нярэдка ёсць ашуканцы.

У цэлым жа чаты мільгацяць аб'явамі аб тэрміновых дыстанцыйных афармленнях, аплата — па факце гатоўнасці.

Альтэрнатыўны варыянт вырашэння праблемы — уязджаць у Польшчу праз Літву.

«Наколькі нам вядома, афіцыйна аформіць анлайн памежную дамову страхавання ў Польшчы нельга. Таму пажадана ўязджаць у Еўропу праз тэрыторыю Літвы альбо Латвіі або выкарыстоўваць доўгатэрміновыя дамовы (калі яны маюцца)», — сказаў Лукашэвіч.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1