Аказваецца, усё проста. Радына быў на заданні. Ён — платны агент лукашэнкаўскіх сілавікоў.

Мяркуючы па базах інфармацыі, 38-гадовы Аляксей Радына быў у розны час і кіроўцам таксі, і будаўніком. Агулам за жыццё ён змяніў больш за 30 месцаў працы, але мае значэнне толькі адно з іх — кампанія «Ларыскор».

«Ларыскор» — фіктыўнае месца працаўладкавання людзей, якіх міліцыя наймала для дапамогі ў аператыўна-вышуковай дзейнасці. Напрыклад, калі трэба разгаварыць чалавека ў камеры, да яго падсаджвалі маргінала з «Ларыскора». Той сядзіць на сутках, але не таму што здзейсніў правапарушэнне, а таму што гэта яго праца. Пры патрэбе такія агенты выкарыстоўваюцца і для вядзення любой іншай аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Аляксей Радына — адзін з такіх людзей. Пасля пляўка ў Хараўца на яго насамрэч склалі пратакол па артыкуле 23.34. Найхутчэй, яго зняволенне было аформленае як чарговая камандзіроўка.

Мяркуючы па звестках «Вясны», у 2020 годзе Радыну «затрымлівалі» двойчы. Пасля Маршу герояў 13 верасня ён атрымаў 14 сутак. А 25 кастрычніка давялося «адказваць» за інцыдэнт з Хараўцом.

З «Нашай Нівай» пагутарыў адзін з суседзяў правакатара. «Ён раней жыў у нашым двары. Там яго і затрымалі праз некалькі дзён пасля таго маршу з пляўком. Аляксей пасля распавядаў, што яго нібыта прыпякалі электрашокерам. І сказаў, што яму параілі больш не жыць у нашым двары. Ну і з’ехаў кудысьці. Апошні раз бачыў яго перад Новым годам 2020/2021. Інфармацыю пра яго знайшлі выпадкова. У двары пасля абмяркоўвалі, што мы як дурні збіралі дапамогу, а ён, аказваецца, быў з «Ларыскора».

Харавец кажа, што адразу прабачыў Радыну. Што ж, усё лагічна: у той дзень на заданні былі абодва.

Чытайце яшчэ:

Што за карэспандэнт БТ чапляецца да падлеткаў на нядзельных маршах?

Клас
9
Панылы сорам
24
Ха-ха
62
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
50