Як з'явілася фота з мужам спявачкі Нятрэбкі, якая знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі

— Вы працавалі галоўным дырыжорам Адэскай оперы з 2019 года. У жніўні 2020-га сталі галоўным дырыжорам і Вялікага тэатра ў Мінску (па сумяшчальніцтве), але праз два дні вас звольнілі з палітычных матываў — за падтрымку мірных пратэстаў. Да красавіка 2023 года вы працавалі ў оперы ў ваеннай Адэсе. І вас звольнілі, як тлумачыцца, за фота з мужам расійскай опернай спявачкі Ганны Нятрэбкі Юсіфам Эйвазавым, новым дырэктарам бакінскай оперы. Сама спявачка знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі. Раскажыце, што адбылося, ці згодныя вы з аргументацыяй кіраўніцтва адэскага тэатра оперы і балету, што паколькі вы кантактавалі з прадстаўнікамі «русского мира», значыць, «не маеце дакладнай грамадзянскай і патрыятычнай пазіцыі».

— Я ніколі ў жыцці не займаўся палітыкай, я займаўся і займаюся музыкай. Што тычыцца гэтага знакамітага фота са спадаром Эйвазавым. Мы ўсе разумеем, у якім стане знаходзіцца Украіна. Гэта суцэльны боль, гэта сапраўдная вайна і гора для мільёнаў жыхароў Украіны. Мне падаецца, што эмоцыі, якія ёсць у грамадстве, пануюць над рацыяй.

— Наколькі я разумею, вы былі афіцыйна запрошаныя на прадстаўленне ў Бакінскі оперны тэатр. Як гэтае фота з'явілася? Ці ўяўлялі вы, што могуць быць такія наступствы і такая рэакцыя ўкраінскага боку?

— Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што ні ў каго не было нават думак аб тым, што можа такое здарыцца. Я атрымаў запрашэнне на спектакль ад іншага дырэктара бакінскай оперы, які пакінуў сваё месца працы літаральна на наступны дзень, як я прыляцеў для рэпетыцый. Гэта форс-мажорная сітуацыя. Я пачаў рэпетыраваць. Ніхто нават у сваім тэатры не ведаў, хто будзе наступным дырэктарам, нават у самім тэатры. І літаральна ўжо перад спектаклем абвясцілі, што новым дырэктарам стаў Юсіф Эйвазаў.

Нават у гэтай сітуацыі не было нічога такога драматычнага, таму што спадар Эйвазаў — грамадзянін Азербайджана. Вельмі штучная справа казаць, што ён «русский мир». Тое, што ягоная жонка — знакамітае сапрана Ганна Нятрэбка, якая сапраўды знаходзіцца ў санкцыйных спісах, у гэтым нічога няма супраць самога Юсіфа Эйвазава. Ягоная пазіцыя вельмі ясная, у сваім блогу на пачатку вайны ён заявіў, што ён супраць вайны і заклікае да таго, каб вайна хутчэй скончылася. На пачатку вайны і Нятрэбка, і Эйвазаў спынілі свае выступы ў Расійскай Федэрацыі і выступалі толькі ў Еўропе.

Я думаю, што гэтая сітуацыя ня толькі пра мяне. Я думаю, што гэта адносіны Украіны да ўсіх расейцаў і беларусаў. Камусьці вельмі не хацелася, каб беларус займаў такое высокае месца ў адным з найлепшых тэатраў Украіны.

— Вы працягвалі працаваць падчас вайны ў оперным тэатры Адэсы. Ваша грамадзянская пазіцыя наконт вайны была шырока вядомая. Ці спрабавалі вы паразумецца з кіраўніцтвам тэатра, патлумачыць, што адбылося?

— Канечне. Наша з вамі размова — першая пасля звальнення ў красавіку летась. Наўмысна я не даваў ніякіх інтэрв'ю, таму што спрабаваў знайсці паразуменне не толькі ў тэатры, але і з Міністэрствам культуры. На працягу доўгага часу ішла перапіска са спадаром міністрам. Ёсць адказы тэатра… Скончылася зусім па-шэкспіраўску — напісалі, што маэстра не выйшаў з блакітна-жоўтай хусткай, з якой павінен быў выйсці. Не ведаю, каго мне як Атэла трэба было задушыць, ці спадара Эйвазава, ці яшчэ каго. Анекдот.

— Дык вы мяркуеце, што падчас вайны беларус, беларускі дырыжор на чале вядомага опернага тэатра не даспадобы камусьці?

— Я зрабіў такія высновы. Пэўна, не ўсе беларусы пра гэта хочуць гаварыць, але з пачатку вайны ўсе людзі, якія маюць беларускія ці расійскія пашпарты, былі фінансава абмежаваныя — усе банкаўскія рахункі былі закрытыя, усе карткі былі заблакаваныя. Гэта зразумела ў першыя дні вайны, калі дзяржава робіць агульныя захады для ўсіх. Але ж хацелася б, каб адносіны дзяржавы былі не да ўсіх аднолькавыя, а па справах людзей.

Мы з маёй жонкай Аленай увесь час былі ва Украіне, перажывалі разам з усімі ўкраінцамі і бамбёжкі, і паветраныя трывогі. Тая зіма, якую мы перажылі… Нікому не пажадаеш такіх выпрабаванняў, калі людзі жывуць без святла, ацяплення, вады і каналізацыі. Але ж яны працягваюць працаваць (гэта маральны супраціў) і падтрымліваць адзін аднаго.

Хацелася б адпаведнага стаўлення да беларусаў, якія працягваюць жыць сярод украінцаў, працягваюць змагацца разам з Украінай, каб і СБУ ды іншыя службы не бачылі ворагаў толькі па адным пашпарце. Але, на жаль, уражанне, што такое адбываецца.

«Толькі вельмі смелыя і вельмі шчырыя людзі працягваюць падтрымліваць беларусаў, якія жывуць сярод украінцаў»

— А вам даводзілася ў твар чуць папрокі, што вы беларус, як часта кажуць, «вы, беларусы, слабакі, чаму танкі не спынілі»?

— На жаль, неаднаразова. З 2022 года стаўленне да нашых землякоў развярнулася на супрацьлеглыя знакі. Калі да гэтага гэта быў адназначны плюс, то цяпер адназначны мінус, і толькі вельмі смелыя і вельмі шчырыя людзі працягваюць падтрымліваць беларусаў, якія жывуць сярод украінцаў. Гэта вельмі непрыемна, гэта вельмі балюча. У мяне склалася ўражанне, што гэта ўсё не афіцыйна, не адкрыта робіцца, а як раней у Савецкім Саюзе, праз тэлефоннае права. Нічога супраць не скажаш, а калі такая нагода з'яўляецца, як фатаграфія, тады адразу запускаюцца ўсе механізмы.

Дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч

З майго боку не было ніводнага кроку супраць Украіны. Я выконваў усе загады, якія былі. Загад быў з Міністэрства культуры — не граць расійскую музыку, калі выязджаеш за межы краіны, не кантактаваць і не выступаць у нейкіх праграмах разам з расійскімі музыкамі. Ніводнага з гэтых пунктаў я не парушыў.

Гэтае фота было зроблена пасля спектакля. Са спадаром Эйвазавым я не працаваў. У нас прынята пасля канцэрту ці спектакля рабіць фота. Гэта робіцца заўсёды ва ўсіх філармоніях, тэатрах. Фота на памяць з артыстамі — гэта тое, што застаецца ў цябе пасля спектакля.

Калі мы рабілі гэтае фота, на сцэну выйшаў спадар Эйвазаў з прадстаўнікамі Міністэрства культуры Азербайджана, такая міністэрская дэлегацыя. І як можна было адмовіцца рабіць фота з гаспадаром тэатра? Я не ўяўляю, што можна было зрабіць. І як адмовіцца? Я і цяпер не бачу ніякага парушэння ніводнага пункту ў гэтым.

— З якім пачуццём вы пакідалі Украіну, якой аддалі вялікую частку свайго прафесійнага і чалавечага жыцця? Думаю, што вы разумееце прычыны таго, чаму гэта адбылося. Вайна шмат што тлумачыць. Ці шкадавалі вы, ці былі пакрыўджаныя? Ці будзеце вяртацца ва Украіну?

— Я вельмі люблю Украіну, вельмі люблю Адэсу. У нас многа сяброў, шмат людзей, якія нас падтрымліваюць дагэтуль. У мяне вельмі добрыя кантакты з маімі калегамі па ўсёй Украіне. Мноства людзей мне напісалі асабіста словы падтрымкі. Многа людзей мне дапамаглі юрыдычна і цяпер працягваюць дапамагаць.

Маё стаўленне да Украіны і да ўкраінцаў — як да нашых найбліжэйшых родзічаў па культуры, па менталітэце, па гісторыі. Канечне, ніякай крыўды да Украіны ў мяне няма. Я разумею, што Украіна, якая дэкларуе еўрапейскія каштоўнасці, шлях да дэмакратыі, то яна і павінна так дзейнічаць. І тут у мяне вялікія пытанні да кіраўніцтва Украіны. Зрабілі справу з нічога… Мне крыўдна толькі за гэта.

— Вы маеце імя, вядомае ў свеце. Як хутка знайшлі працу? Раскажыце пра цяперашнюю працу ў Кішынёўскім оперным тэатры.

— З Малдовай сувязі ў мяне сталыя. Калі пачалася вайна, дырэктар малдаўскай оперы адразу запрасіў мяне прыязджаць і працаваць. Тады я адмовіўся ад гэтай прапановы. Я лічыў немажлівым так рабіць, калі твой тэатр у складаным стане. Калі ты галоўны дырыжор, то, як капітан карабля, павінен быць са сваімі людзьмі ўвесь час. Калі сітуацыя змянілася, прапанова зноў паступіла, не толькі з Малдовы, але і з Румыніі і іншых краін. Мы абралі Кішынёў як найбліжэйшы пункт да Украіны, да Адэсы, каб быць побач.

Як будзе далей, цяжка сказаць, але цяпер мы тут. Я працую ў тэатры, мы займаемся мастацтвам. Зараз будзем рыхтаваць новую прэм’еру оперы Рахманінава «Алека» паводле Пушкіна. «Цыгане шумною толпой по Бессарабии кочуют». Гэтая опера павінна быць у рэпертуары тэатра, мы пачынаем працу над спектаклем.

Што адбываецца ў беларускім Тэатры оперы і балету

— Давайце пагаворым пра тое, што цяпер адбываецца ў Нацыянальным тэатры оперы і балету ў Мінску, адкуль са жніўня 2020 года, акрамя вас, былі звольненыя знакавыя артысты і музыкі: саліст оперы Ілля Сільчукоў, галоўны канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, дырыжоры Андрэй Галанаў, Іван Касцяхін, Алег Лясун, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацеміна, хормайстар Іван Цітоў ды іншыя. Сышлі па ўласным жаданні адзін з найлепшых маладых дырыжораў Дзмітрый Мацвіенка і рэжысёры Дар’я Пататурка і Алена Медзякова. Раней сышла з тэатру спявачка Маргарыта Ляўчук. «Здраднікам ня месца на сцэне, нават калі гэта будзе дзяржспецмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку», — такім чынам выказаўся міністр культуры Анатоль Маркевіч пра артыстаў, якія не падтрымліваюць улады. Хто прыйшоў наўзамен звольненых? Як вы ацэньваеце прафесійны ўзровень Вялікага тэатра ў Мінску?

— Мне дагэтуль незразумела, як маглі музыкі перашкодзіць, як яны могуць так уплываць на палітыку, што трэба ад іх так пазбаўляцца? Незразумела, чым мае калегі так вінаватыя перад краінай. З тых, з кім я працаваў, толькі адзін Мікалай Калядка застаўся дырыжорам, нікога не засталося з астатніх маіх калегаў, з якімі я працаваў апошнія 20 гадоў. Каму гэта патрэбна? Навошта такі стрэс для калектыву, для аркестра, для ўсіх салістаў?

Наша прафесія — гэта штучная справа. Яна доўга рыхтуецца, адзінкі з музыкаў становяцца опернымі дырыжорамі. Вельмі крыўдна, што няма Уладзіміра Пятрова, Іллі Сільчукова і многіх іншых салістаў. Цяпер там многа моладзі. Але рэч у тым, што гэта вялікая адказнасць — выходзіць на такую сцэну. Выходзіць трэба падрыхтаваным. Цяжка без дапамогі прафесійных дырыжораў, рэжысёраў, а калі іх выштурхоўваюць з тэатра… Цяжка сказаць пра прафесійны ўзровень, таму што гэта трэба бачыць і чуць. Зараз назіраю за тэатрам, бачу, што шмат новых работ. Гэта вельмі добра, але ж хацелася б пачуць і паглядзець, што сапраўды адбываецца.

— Хачу падзяліцца з вамі ўражаннямі некалькіх людзей, якія наведалі оперны тэатр у Мінску напярэдадні Новага года. Гэта сталыя наведнікі оперы, і яны былі моцна ўражаныя, як змянілася публіка ў тэатры — і па выглядзе, і па паводзінах, людзі размаўлялі праз тэлефон падчас прадстаўлення, былі апранутыя вельмі неадпаведна, рэагавалі на музыкаў, нібы яны на канцэрце поп-зорак. Выглядае, што сталая публіка, якія хадзіла ў Тэатр оперы і балету, была вымушаная з'ехаць, як і вялікая колькасць музыкаў. Як вам бачыцца цяперашняя аўдыторыя класічнай музыкі ў Беларусі?

— Класічная музыка і паход у тэатр — гэта ў пэўнай ступені выхаванне. Падрыхтоўка, што ты надзенеш, як будзеш сябе паводзіць. Уражанне, што людзей літаральна з вуліцы запрасілі, яны шукалі, куды пайсці — у цырк ці на нейкі поп-канцэрт, а ўбачылі квіткі ў оперу — пойдзем глянем, што гэта такое. Гэта вельмі крыўдна. Мы бачым па ўсім, што адбываецца ў грамадстве, вельмі нізкія стандарты культуры, амаль што роўныя нулю. Опера і балет — гэта найвышэйшае дасягненне драматычнага тэатра і музычнага мастацтва. Канечне, публіку трэба таксама выхоўваць. У тэатры павінна быць служба, якая будзе рабіць заўвагі.

— Мы з вамі размаўляем, калі яшчэ працягваюцца вельмі гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках, выкліканыя арыштам музыкаў папулярнага гурта Nizkiz, чые песні сталі сімвалам мірнага пратэсту. Яны не з'язджалі з Беларусі, ведаючы пра ўсе рызыкі і маючы, напэўна, свае прычыны для гэтага. Як вы гледзіце на маральныя дылемы, якія цяпер паўстаюць і вельмі горача абмяркоўваюцца?

— Магу сказаць, што гэта вельмі мужныя людзі. Яны прынялі рашэнне нікуды не з'язджаць. Яны, як і я, лічаць, што не зрабілі нічога супраць свайго народа, супраць грамадства. Якая тут палітыка ў тым, што чалавек выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю, у тым, што ён за законнасць, за тое, каб закон быў роўны для ўсіх? У нас павінна быць адна адказнасць за гэта і перад грамадствам, і перад Богам. Таму пэўна, што гэтыя часы пройдуць, змены ў грамадстве неабходныя. І гэтыя музыкі і ўсе, хто застаўся на радзіме, сапраўды мужныя людзі, і яны вельмі годныя таго, каб іх падтрымалі.

Чытайце таксама:

Галоўным дырыжорам мінскага Опернага стаў расіянін. Сваіх пазвальнялі за палітыку

Украінскі спявак выступіў у Вялікім тэатры ў Мінску 

Італьянскі рэжысёр прыехаў у Мінск паставіць оперу, нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі ў краіне

Беларускі Оперны тэатр вырашае кадравыя праблемы праз запрашэнне расіян?

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
11