Цэнтр Варонежа. Фота: Wikimedia Commons

Цэнтр Варонежа. Фота: Wikimedia Commons

Як і большасць мемаў, якія атрымалі ўсенародную славу, арыгінальная крыніца, з якой паходзіць выраз «бамбіць Варонеж», губляецца ў нетрах сеціва. Але большасць крыніц сцвярджаць, што ён сапраўды звязаны з вайной.

Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, мем звязаны з расійскай агрэсіяй супраць Грузіі, якая адбылася ў 2008 годзе. Нібыта пасля вайны на аднаўленне Паўднёвай Асеціі, гвалтам адарванай ад Грузіі, расійскія ўлады ўлілі столькі грошай, колькі расійскія рэгіёны ніколі не бачылі на свае часта вельмі вострыя патрэбы.

Рэгіёны пазайздросцілі лёсу нованабытага сатэліта Расіі. І быццам бы адзін з варонежскіх дэпутатаў аформіў гэтую незадаволенасць у красамоўную заяву:

«Сума, выдзеленая на Паўднёвую Асецію, у тры разы большая, чым уся Варонежская вобласць атрымлівае за тры гады. Разбамбіце лепш Варонеж, мы хоць дарогі нармальныя пабудуем».

Кім быў гэты дэпутат і ці прамаўляў ён хоць нешта падобнае — застаецца загадкай. Але фраза зачапіла за жывое расіян, якія часта не могуць дачакацца падтрымкі ў дзяржавы, занятай знешнепалітычнымі гульнямі.

Самая ранняя згадка мема ў інтэрнэце сапраўды датуецца 2008 годам і тычыцца вайны з Грузіяй. Пад допісам, дзе адзін карыстальнік задаваўся пытаннем, навошта яму вайна, іншы каментатар пад нікам zuiko напісаў:

«Успомніўся жарт пра жыхароў Варонежа, якія папрасілі Пуціна разбамбіць Варонеж, калі даведаліся, што ўрад вырашыў нанова адбудаваць Цхінвал».

Ні пра якога дэпутата там гаворка, як бачна, не ішла, а сам каментарый меў зусім не антываенны характар, а хутчэй бытавы, бо ягоны аўтар пачаў апраўдваць дзеянні ўладаў тым, што на грузінскую агрэсію супраць Паўднёвай Асеціі «ў любым выпадку не адказаць Расія не магла, і, мабыць, у Пентагоне гэта пралічылі загадзя». Ізноў атрымалася, што ў расійскай беднасці вінаваты хто заўгодна, акрамя тых, хто да яе сапраўды давёў.

Фразу пачалі дадаваць да любой перспектыўнай знешнепалітычнай няўдачы Расіі, як адзіны «асіметрычны адказ», на які насамрэч здольныя расійскія ўлады, няглядзячы на сваю надзьмутую паказную магутнасць. Прыгразіць бамбіць гарады галоўных ідэалагічных ворагаў неяк страшна — могуць і адказаць, а вось свае — асабліва ніхто наракаць не будзе, бо супраць улады выступаць не прынята. 

Ды і ў гарадах «ворагаў» уласная маёмасць, дзеці і сужэнцы расійскай эліты жывуць, а ў Варонежы не, на што красамоўна звяртае ўвагу анекдот:

«Тэлефануе Лаўроў Шайгу і кажа:
— Слухай, Кужугетавіч, не бі па Нью-Ёрку, у мяне там дачка жыве.
Шайгу, абурана:
— Блін! Пяскоў прасіў па Лондане і Парыжы не біць, Мядзведзеў — па Берліне, Мізуліна па Бельгіі, Жырыноўскі па Швейцарыі… Іншыя нашы тэлефанавалі, спіс вялікі. Лаўроў, куды біць тады ў выпадку чаго?
— Ммм, ну дзеўбані па Варонежы, там нашых дакладна няма».

Шырокі распаўсюд мем набыў у пачатку 2013 года, калі ў адказ на ўведзеныя ЗША санкцыі супраць расійскіх чыноўнікаў са «Спіса Магніцкага» дэпутаты ў Расіі забаранілі ўсынаўленне сірот, якімі перапоўненыя дзіцячыя дамы, амерыканскімі грамадзянамі. Дзеці, якія былі не вельмі патрэбныя расійскай дзяржаве, цяпер гэтай дзяржавай былі пазбаўленыя магчымасці знайсці новыя сем’і ў краіне першага свету, атрымаць добрыя медыцынскія паслугі, адукацыю, высокі ўзровень жыцця. 

Расійскія карыстальнкі інтэрнэту не маглі не адгукнуцца на гэта параўнаннем з бамбардзіроўкай Варонежа. Але версія з дэпутатам з’явілася толькі ў 2014 годзе. 

А чаму менавіта Варонеж? Усё даволі проста. Варонеж — гэта глыбокая расійская правінцыя, пры гэтым правінцыя спрадвечна руская. Па-першае, гэта адлюстроўвае погляды саміх рускіх людзей, якія лічаць, што на ўтрыманне нацыянальных рэспублік і нярускіх рэгіёнаў іхняя руская дзяржава траціць куды больш грошай, чым на рускія рэгіёны. Калі ўзяць да ўвагі асаблівы статус Чачні і ўліванні туды грошай, то з такім меркаваннем цяжка не пагадзіцца.

Па-другое, Варонеж надзіва вялікі горад, у ім жыве больш за мільён чалавек. У рускай частцы Расіі, калі не браць Маскву і Санкт-Пецярбург, з ім мог бы параўнацца толькі Ніжні Ноўгарад. Але Варонеж гучыць куды больш ёміста, коратка, пры гэтым застаючыся горадам без якой-небудзь гістарычнай славы, пра які ніхто нічога не ведае, але ўсе чулі.

Бамбіць такі вялікі, але безаблічны горад быццам бы і не шкада, у адрозненне ад, напрыклад, маленькай квінтэсенцыі рускасці — Суздалі. Як адзначаюць журналісты, для многіх Варонеж гэта такі Урупінск — збіральны вобраз забытай уладамі, глухой і цёмнай правінцыі.

Сёння ў інтэрнэце любая навіна пра законапраект або іншую ініцыятыву, якая мусіць ускладніць жыццё расіянам, тлумачыцца як жаданне «зноў бамбіць Варонеж», то-бок адыграцца на сваіх грамадзянах за санкцыі, за падзенне курсу і антырасійскія настроі за мяжой.

Варонеж ужо, дарэчы, бамбілі ў ліпені 1942 года, калі нямецкія войскі захапілі правы бераг ракі Варонеж. У выніку масіраванай бамбардзіроўкі большую частку горада дашчэту разбурылі, яго давялося аднаўляць амаль з нуля.

Каб выправіць сітуацыю з успрыняццем горада, мясцовыя ўлады нават стварылі хэштэг #хочувВоронеж, які, аднак, таксама ператварыўся ў мем — яго пачалі дадаваць да допісаў з праблемамі рэгіёна.

У лютым 2022 года мем стаў зноў надзвычай актуальным, бо Варонежская вобласць стала прыфрантавой у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Але ад дзяржаўнай мяжы сам горад размешчаны адносна далёка, таму, у адрозненне ад суседняга Белгарада, да сапраўдных бамбардзіровак справа, здавалася, не дойдзе.

Дарэчы, падчас вайны паўтарылася сітуацыя, якая стала прычынай з’яўлення мема. Расійскія ўлады кідалі шалёныя грошы на аднаўленне захопленых і разбураных імі ж гарадоў, у першую чаргу Марыупаля, у той час як руская правінцыя зноў заставалася сам-насам са сваімі праблемамі. 

Жылы дом у Варонежы пасля ўдару беспілотніка. Фота: твітар news_gorlovka

Жылы дом у Варонежы пасля ўдару беспілотніка. Фота: твітар news_gorlovka

Але тут у 2023 годзе здарыўся мяцеж Яўгена Прыгожына, які за адзін дзень без бою заняў мільённы Растоў-на-Доне і рушыў па федэральнай трасе ў бок Варонежа. У варонежскіх уладаў, якія спачатку адмаўлялі рух калоны вагнераўцаў, узнікла паніка, калі баевікі перайшлі мяжу вобласці. Узнікла рэальная пагроза, што горад будзе заняты і, каб яго адбіць, Маскве давядзецца яго бамбіць, як яна бамбіла іншыя гарады. 

Але вагнераўцы праскочылі горад у імклівым руху на Маскву, пасля чаго ў хуткім часе Прыгожын адступіў і пайшоў на перамовы. Варонеж выдыхнуў з палёгкай.

Але тым летам вайна да Варонежа ўсё ж такі даляцела. У шматпавярховы жылы дом ўдарыў украінскі беспілотнік, які цэліўся ў мясцовы авіязавод, але быў заглушаны сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Петрапаўлаўка Варонежскай вобласці пасля аварыйнага сходу боепрыпасу. Фота: ананімныя тэлеграм-каналы

Петрапаўлаўка Варонежскай вобласці пасля аварыйнага сходу боепрыпасу. Фота: ананімныя тэлеграм-каналы

І вось у самым пачатку 2024 года ў выніку аварыйнага сходу боепрыпасу расійскія ВКС разбамбілі сяло Петрапаўлаўку ў Варонежскай вобласці. У выніку былі разбураныя дзевяць дамоў, мноства пабудоў і аўтамабіляў пацярпелі. І хоць гэты райцэнтр знаходзіцца адносна далёка ад Варонежа, але ўсімі гэта падзея была ўспрынятая адназначна як ажыццяўленне даўняга мема.

Беларускі эканаміст і палітычны аналітык Сяргей Чалы прыдумаў і прасоўвае беларускі варыянт мема — «бамбіць Валожын», як адказ на ўсё тыя ж няўдачы на эканамічным і знешнепалітычных франтах. Перайманне дарэчнае, бо стаўленне лукашэнкаўскіх уладаў да беларускага народа сёння мала чым адрозніваецца ад сітуацыі ў Расіі. А да таго ж у апошнія гады знешнепалітычныя кірункі і рыторыка дзвюх краін крытычна, да неадрознасці зблізіліся.

Абодва мемы, расійскі і беларускі, дакладна апісваюць супярэчлівую ўзаемасувязь унутранай і знешняй палітыкі сучасных дыктатур, і жыхарам адпаведных мясцовасцяў застаецца толькі спадзявацца, што мемы не стануць сапраўднай быллю.

Чытайце таксама:

У пасёлку пад Варонежам у выніку расійскага бамбардавання пацярпелі 100 дамоў

Surprise Surprise. Хто такая Сіла Блэк з тыкток-мемаў

Лось, якога выратавалі пад Браславам, стаў героем мемаў 

Клас
29
Панылы сорам
2
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
9