Фільмы з субтытрамі Movies with subtitles Фильмы с субтитрами

Фота: Getty Images

Як піша прафесар кагнітыўнай псіхалогіі Універсітэта Парыж-Усход — Крэтэй — Валь-дэ-Марн Ксаўе Апарысьё (Xavier Aparicio), эфектыўнасць прагляду фільмаў з субцітрамі залежыць ад узроўню валодання мовай, а таксама ад віду субцітраў, якія могуць быць трох тыпаў:

  • стандартныя — прадугледжваюць пераклад з мовы арыгіналу на родную мову аўдыторыі;
  • зваротныя — фільм дублюецца на мову аўдыторыі, а субцітры падаюцца на мове арыгіналу;
  • аднамоўныя — і мова фільма, і субцітры падаюцца на адной мове (для людзей з парушэннямі слыху).

Вучоныя з Універсітэта Манпелье вывучалі ролю субцітраў у разуменні фільма. Роднай мовай удзельнікаў эксперыменту была французская. А вывучалі яны англійскую. Пры гэтым узровень валодання быў дастаткова невысокі. Удзельнікаў падзялілі на тры групы. Кожнай паказвалі адну з версій фільма: са стандартнымі субцітрамі, зваротнымі ці субцітрамі на той жа мове (англійскай).

Аўтары адзначаюць, што ўдзельнікі групы, якая глядзела фільм са зваротнымі субцітрамі (французскі дубляж і субцітры на англійскай мове), прадэманстравалі лепшыя вынікі па запамінанні дыялогаў.

Іншыя даследаванні выявілі, што прагляд фільмаў з субцітрамі на той жа мове дапамагае лепш запомніць словы. А вось стандартныя субцітры, наадварот, перашкаджаюць разуменню і запамінанню.

Вучоныя з Універсітэта Манпелье працягнулі свае эксперыменты. Гэтым разам яны вырашылі вызначыць, ці ёсць розніца ў авалоданні моваю пры дапамозе фільмаў з субцітрамі ў навучэнцаў пачатковага, сярэдняга і прасунутага ўзроўняў.

Удзельнікі кожнай узроўневай групы былі падзелены на чатыры часткі, кожнай была паказаная адна з версій: арыгінальная (без субцітраў), аднамоўная версія, стандартная і зваротная.

Вынікі паказалі, што ўдзельнікі з сярэднім узроўнем валодання мовай дэманстравалі аднолькавыя поспехі незалежна ад версіі фільма. А вось група пачаткоўцаў паказала лепшыя вынікі пры праглядзе фільма са зваротнымі субцітрамі (дыялогі на роднай мове і субцітры на замежнай).

Удзельнікі з высокім узроўнем валодання мовай адзначылі, што субцітры на экране зніжалі якасць разумення. Вучоныя гэта тлумачаць тым, што субцітры — скарочаная і адкарэктаваная версія дыялогаў. А іх з'яўленне на экране не заўсёды адпавядае моманту дыялогу. У выніку глядач не можа звязаць слова, напісанае ў субцітрах, са словам, сказаным у дыялогу.

Чытанне субцітраў складана кантраляваць. Наша вока аўтаматычна чытае інфармацыю а экране. Гэта паказалі вынікі даследавання, падчас якога фіксаваўся рух вачэй. Адцягненне ўвагі на субцітры аўтаматычна змяншала час канцэнтрацыі на дзеянні, якое адбывалася на экране.

Як адзначае аўтар артыкула, у выпадку стандартных і зваротных субцітраў, якія прадугледжваюць хуткае чаргаванне дзвюх розных моваў, растуць кагнітыўныя выдаткі, што ў выніку прыводзіць да складанасцей у інтэграцыі элементаў дыялогу.

Такім чынам, эфектыўнасць прагляду фільмаў з субцітрамі залежыць ад спалучэння моваў, а таксама ад узроўню валодання гэтымі мовамі гледача. Субцітры могуць дапамагчы лепш зразумець дыялогі і сітуацыю ў цэлым, але могуць таксама стаць прычынай зніжэння ўвагі да таго, што адбываецца ў фільме (павялічваюць кагнітыўную нагрузку і пагаршаюць утрыманне ўвагі).

Чытайце яшчэ:

Як хутка вывучыць замежную мову? Вось 11 простых парадаў

Хочаце на роднай мове? Вось пяць рэсурсаў, дзе можна паглядзець кіно па-беларуску

Набірае абароты петыцыя за тое, каб на платформе Duolingo стварыць курс вывучэння беларускай мовы

Клас
16
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?