Трое нашых герояў апынуліся за кратамі з розных прычынаў і правялі ў зняволенні розны час. Але ёсць тое, што іх аб'ядноўвае — кожны паспеў адсвяткаваць у няволі зімовыя святы.

Новы год у «Віцьбе»

У 2018 годзе бізнэсмен Аляксандр Кныровіч быў асуджаны за ўхіленне ад выплаты падаткаў на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Больш за 22 месяцы ад гэтага тэрміну мужчыну ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ.

Першы Новы год пасля арышту Аляксандр правёў у ізалятары:

«У камеры нас было трое. Мы пілі газіроўку, нешта елі. Адбой быў перанесены на больш позні час, але святло ў корпусе выключылі на адзінаццатым удары курантаў — такая дробная гадасць ад адміністрацыі. У гэтым плане СІЗА КДБ увогуле «асаблівае» месца».

Пасля вынясення прысуду Кныровіча этапавалі ў віцебскую калонію. У «Віцьбу» (ВК-3) ён трапіў позняй восенню, і да часу зімовых святаў яшчэ не паспеў аднавіцца пасля месяцаў, праведзеных у засценках КДБ.

«Ёсць такое слэнгавае паняцце «раскумарка» — гэта калі чалавек толькі прыехаў з СІЗА і яшчэ не асвоіўся. Я быў у няпростым стане: эмацыйна знаходзіўся яшчэ ў ізалятары, а наперадзе маячыла яшчэ 3 гады адсідкі» — тлумачыць ён адсутнасць святочнага настрою. І ўсё ж, першы Новы год у ВК-3 запомніўся яму прыемным момантам:

«У тое свята нічога асаблівага з ежы ў мяне не было — пасылка яшчэ не дайшла. Я піў гарбату, еў нейкае печыва і раптам нехта проста па-чалавечы са мной падзяліўся — падарыў кавалачак торта».

На тое, каб прыйсці ў прытомнасць, Аляксандру спатрэбілася некалькі месяцаў. З часам ён адаптаваўся да новых умоў, запісаўся ў разнастайныя гурткі, прыстасаваўся да ўнутранага распарадку, таму наступныя святы ўспрымаліся ўжо лягчэй.

ВК-3 «Віцьба», фота: Белсат

ВК-3 «Віцьба», фота: Белсат

У атрадзе, у якім знаходзіўся мужчына, было каля ста чалавек. Для сустрэчы Новага года ўсе разбіваліся па групах: за вялікімі сталамі змяшчалася па 8 чалавек, кампаніі паменш выцягвалі ў праход тумбачку і ўладкоўвалі вячэру на ёй:

«Не лічачы асобных элементаў, у цэлым паміж людзьмі ў калоніі выбудоўваюцца нармальныя чалавечыя адносіны. Таму калі праходзіш міма накрытай тумбачкі, цябе могуць паклікаць далучыцца выпіць гарбаты і сказаць пару слоў».

Святочныя пачастункі ў калоніі былі своеасаблівыя: «Людзі імкнуцца нешта прыгатаваць і накрыць святочны стол. Паколькі няма магчымасці зрабіць гарачае, асуджаныя выдасканальваюцца ў дзвюх рэчах: у разнастайных салатах і тартах. Прычым тарты робяць самыя розныя: у краме купляюць каржы, намазваюць іх згушчонкай і перакладаюць перададзенымі з дому цукатамі».

З салатамі справы ідуць складаней: для таго, каб іх прыгатаваць, неабходныя нажы, але яны захоўваюцца ў кладаўшчыка і выдаюцца строга пад роспіс, да таго ж на ўвесь атрад іх усяго чатыры штукі. У такой сітуацыі зняволеным дапамагаюць самапальныя «заточкі». Імі рэжуць альбо прадукты, якія дашлі ў пасылцы, альбо тое, што атрымалася купіць у мясцовай краме.

«Два-тры разы на месяц ёсць магчымасць наведаць мясцовую краму. Там можна купіць садавіну і гародніну — але ў вельмі абмежаваным асартыменце, кансерваваную рыбу, селядзец. Праўда, кошт у такіх крамах у сярэднім на 20-30% вышэйшы, чым у горадзе — рынкавыя механізмы працуюць нават у калоніі».

За некалькі дзён да 31 снежня адміністрацыя ладзіць масавыя ператрусы «для парадку». Супрацоўнікі калоніі шукаюць тыя самыя заточкі, лішняе адзенне, нешта забароненае з прадуктаў. Бывае, падчас вобшукаў знаходзяць цікавыя рэчы:

«За час маіх трох гадоў у калоніі быў толькі адзін выпадак, калі падчас «шмону» знайшлі нешта незвычайнае — цэлы самагонны апарат. Вось гэта быў сапраўдны скандал. А так на нейкія дробязі адміністрацыя можа заплюшчыць вочы».

Напярэдадні свята кіраўніцтва калоніі здзяйсняе абыход: заходзіць у пакоі, гаворыць віншавальныя прамовы і жадае зняволеным самага галоўнага — найхутчэйшага вызвалення. Акрамя гэтага, на Новы год пераносяць адбой — каб людзі маглі паглядзець тэлевізар, паслухаць бой курантаў, папіць гарбату і спакойна разбрысціся па сваіх нарах.

За час адсідкі ў Аляксандра з'явіліся свае навагоднія традыцыі. Мужчына ўзгадвае: «Побач з нашым участкам знаходзілася царква. Хоць я чалавек няверуючы, але кожны Новы год выходзіў глядзець на купал — у думках гаварыў са сваімі блізкімі і прасіў, каб у наступным годзе здарылася нешта добрае, што зменшыць тэрмін нашага расстання. У апошні год, гледзячы на ​​гэтую царкву, я сказаў сабе: «Добра, зараз я ўсё зразумеў».

Правёўшы ў зняволенні амаль пяць гадоў, Кныровіч прыйшоў да думкі, што ўсе выпрабаванні, з якімі сутыкаецца чалавек, дадзеныя яму для чагосьці. Жыццёвыя ўрокі са сваёй гісторыі ён таксама вынес.

Праваслаўнае Раство ў калоніі

Максім правёў некалькі месяцаў у СІЗА і яшчэ паўтара года ў калоніі. У ізалятары зносіны з царкоўнаслужыцелямі не віталіся, таму і Раство там адзначалася «фармальна». Ва ўстанову прыходзіў бацюшка і раніцай праводзіў невялікую службу — арыштаваны мог наведаць малельны пакой, але размовы пра патаемнае або споведзь лічыліся сярод затрыманых благім тонам.

Так ці інакш, але на святочную службу Максім усё роўна хадзіў — больш у парадку забаўкі, чым каб выканаць рэлігійную традыцыю: «Калі доўгі час карцінка вакол цябе не мяняецца, служба здаецца магчымасцю хоць неяк разнастаіць дні. Я, глыбока няверуючы чалавек, з задавальненнем схадзіў на яе — размяўся».

У калоніі карціна была іншая. Зняволеныя, якія ўжо атрымалі свае тэрміны, цяпер ставіліся да бацюшак з большым даверам:

«Людзі на зону трапляюць розныя — вінаватыя і невінаватыя. У першых прачынаецца запатрабаванне аблегчыць душу, у другіх — знайсці сэнс у несправядлівасці, якая з імі адбылася. Царква падыходзіць і тым і іншым».

Царква ў калоніі «Навасады», фота: сайт Барысаўскай епархіі/А.Клімковіч

Царква ў калоніі «Навасады», фота: сайт Барысаўскай епархіі/А.Клімковіч

Тут на Раство асуджаныя хадзілі на святочную службу, а пасля літургіі рабілі ў камерах імправізаваныя застоллі:

«На час зімовых свят у магазіне павялічвалі асартымент, і тыя, у каго была такая магчымасць, куплялі розныя прысмакі – ікру або смачную каўбасу. Падчас каляднага застолля можна было гэтым падзяліцца з таварышамі і самому пачаставацца».

Асобным пунктам свята для некаторых сядзельцаў ішоў чыфір — вельмі моцны чай, якім у турме замяняюць алкаголь. Праўда, гэты напой адміністрацыяй не вітаўся, таму чаявалі асуджаныя часцей цішком: «У нашым атрадзе быў аматар такой гарбаты. Да арышту гэты мужчына быў заўсёднікам сталічных бараў і вельмі сумаваў па разнастайнасці густаў моцных напояў. Таму ў калядны чыфір ён дадаваў лупіну апельсінаў і імбір — казаў, што так ён становіцца смачнейшым».

Але галоўны калядны цуд заключаўся не ў застоллі: «Сёмага студзеня быў выхадны, таму мы маглі спакойна заняцца бытавымі справамі: зашыць і памыць вопратку, напісаць лісты на волю. У такіх простых рэчах для мяне і было свята».

Каталіцкія Каляды на «Валадарцы»

Алег правёў у СІЗА на Валадарцы каля года. Спачатку думка сустрэць там святы здавалася яму немагчымай, але, прыстасаваўшыся да абставінаў, ён усвядоміў, што жыццё не спынілася і нават у няволі можна знайсці месца для радасці:

«Чалавек прагне святаў, таму што, як бы кепска ні было, без іх немагчыма. Наогул, святы патрэбны ўсім, але для людзей у няволі — яны яшчэ больш важныя».

У камеры, дзе па збегу абставінаў, акрамя нашага героя, сядзела яшчэ некалькі каталікоў, хлопец адзначыў Каляды. Родныя і сябры загадзя перадалі арыштантам пачастункі, таму агульнымі сіламі ім удалося сабраць невялікі святочны стол.

«З раніцы да нас далучыліся людзі, якім было цікава адсвяткаваць каталіцкія Каляды разам з намі. Кожны прынёс да абеду тое, што ў яго было. Атрымалася, што стол падзяліўся на каталікоў, праваслаўных і тых, каму было проста цікава паўдзельнічаць у святочным рытуале».

СІЗА «Валадарка», фота: turby.by

СІЗА «Валадарка», фота: turby.by

Акрамя звычайных страў, Алегу перадалі аблатку — тонкі лісток выпечанага прэснага цеста накшталт вафлі, які з'яўляецца неад'емнай часткай каталіцкага свята.

«У тым коле, у якім святкуеш, кожны адломвае сабе кавалачак аблаткі. Пасля гэтым кавалкам трэба падзяліцца: ты адломваеш, у цябе адломваюць — так вы і віншуеце адзін аднаго з Калядамі. Гэта вельмі кранальны абрад» — кажа хлопец.

Святкаванне Раства ў СІЗА атрымалася па-сапраўднаму душэўным: «Адзін са зняволеных, які ўпершыню сутыкнуўся з гэтай традыцыяй, быў эмацыйна ўражаны: яму спадабалася, калі грамада ўсім дзеліцца і праз тое аб'ядноўваецца». Але напрыканцы Алег дадае:

«Я разумею, што праз маю гісторыю ў людзей можа скласціся ўражанне, што ўсе арыштаваныя так святкуюць. Але гэта далёка не так: і ў СІЗА, і ў калоніі сітуацыі бываюць рознымі. Нехта святкуе ў ШЫЗА, нехта — у памяшканнях камернага тыпу. Некаторым забараняюць перадачы, і яны не маюць амаль нічога. З некаторымі адміністрацыя забараняе мець зносіны пад пагрозай пакарання, і гэтыя людзі ў святы будуць адны. Мне з маім вопытам проста пашанцавала».

Чытайце таксама:

«Цэрбер вялікім нажом разразае мне твар». Студэнтка Ася Булыбенка — пра самае цяжкае зняволенне пасля зняволення, спробу суіцыду і вяртанне да жыцця

«Міліцыянтка тайком падклала ў кішэню пакунак з ежаю і шэптам выбачылася, што мала». Грамадзянка Літвы беларускага паходжання 26 дзён правяла на Акрэсціна 

«Любыя праявы пачуццяў спыняюцца». Журналістка Дар'я Чульцова, якая выйшла на свабоду, — пра тое, як жывуць і кахаюць у калоніі

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?