«Катюшин расчёт» — так называецца перадача на «Беларусь-1», якую вядзе Кацярына Ціхамірава. Тэмы гучаць наступным чынам:

  • «Хто рыхтуе баевікоў для Беларусі?»;
  • «Хто злівае беларускіх наймітаў?»;
  • «Брудныя метады экстрэмістаў»;
  • «Збеглыя ў 2020-м хочуць вярнуцца дамоў»;
  • «Бандэраўскі Гітлерюгенд».

Менавіта Кацярына Ціхамірава паспрабавала разыграць прадстаўніцу Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову. Прапагандыстка загрыміравалася, прадставілася памочніцай «аднаго расійскага алігарха» і выйшла на сувязь з Кавальковай. Ціхамірава прапаноўвала сваёй суразмоўцы грашовую дапамогу ў расійскіх рублях, а таксама пыталася, ці пагодзіцца яна замясціць Святлану Ціханоўскую на месцы лідаркі дэмакратычных сілаў.

Цяпер Ціхамірава шмат робіць рэпартажаў пра полк Каліноўскага.

«Гэта дарога ў адзін канец. Украінскія вярхі не шкадуюць ні сваіх, не пашкадуюць і чужых. Да апошняга ўкраінца, да апошняга найміта», — казала прапагандыстка ў адным з апошніх ролікаў.

У гэты час у сюжэце мільгала фота забітага Івана «Брэста» Марчука, якое актыўна качавала ў расійскіх Z-пабліках. Хто ж такая гэтая Кацярына Ціхамірава?

«Няправільная ўкраінка»

Да Беларусі жанчына не мае ніякага дачынення. Яна сама родам з Севастопаля, з Крыму.

«Калі браць нацыянальнасць, то я ўкраінка», — казала яна ў інтэрв'ю выданню «Беларусь сегодня». Ціхаміравай 35 гадоў.

У іншым сваім допісе ў сацыяльнай сетцы Facebook Ціхамірава падзялілася, што яна «няправільная ўкраінка, бо расейка».

«Я, Кацярына Ціхамірава, у дзявоцтве Салюк, а па маці — Палішчук. Я дачка няправільных украінцаў, якія вызвалялі Кіеў, штурмавалі непрыступны Кёнігсберг, аднаўлялі Севастопаль і адбудоўвалі расійскі Калінінград. Так, я няправільная ўкраінка, таму што руская!» — напісала яна.

З Севастопаля ў Калінінград сям’я Ціхаміравай пераехала, калі будучая прапагандыстка яшчэ хадзіла ў школу. У Крыме ў яе заставаліся бабка з дзедам, якія ўжо памерлі.

Таксама яна ўспамінае, як у 1990-я з іншымі дзецьмі сустракала ў Крыме нямецкіх турыстаў. «Як маленькія расійскія малпачкі скакалі перад імі за маркі і слодычы».

Змагалася з праявамі «германскасці» ў Калінінградзе

У Калінінградзе дзяўчына вучылася на настаўніцу расейскай мовы і літаратуры. Пры гэтым казала, што заўсёды марыла працаваць журналісткай.

Мара спраўдзілася, Кацярына стала супрацоўнічаць з калінінградскім радыё «Русский край». Гэтае СМІ сябе пазыцыянуе наступным чынам:

  • «Радыёстанцыя, якая стварае сваю рэдакцыйную палітыку на аснове айчынных духоўных і маральных каштоўнасцяў».

  • «Мы русские, с нами Бог», — гэтыя словы Суворава былі лозунгам працы «Русского края».

Сваім кантэнтам радыёстанцыя нагадвала нешта сярэдняе паміж «Регнумом» і «Царьградом».

«Я працавала на радыёстанцыі, набліжанай да Рускай праваслаўнай царквы. Яно называлася так менавіта праз ідэалагічнае супрацьстаянне «еўрапейскасці», — казала Ціхамірава.

У іншым інтэрв'ю яна падкрэслівала, што ёй казалі: «Праца ў «Русском крае» — гэта як чорная метка на ўсё жыццё».

Сама яна падчас працы ў Калінінградзе актыўна змагалася з праявамі «германізацыі» ў горадзе. Сваім настаўнікам называе журналіста Андрэя Выпалзава, які якраз праславіўся асуджэннем «германізацыі» Калінінграда.

На сённяшні дзень «Роскомнадзор» прыпыніў ліцэнзію «Русского края». Галоўны рэдактар радыё Міхаіл Чаранкоў напісаў, што блакаванне адбылося на фоне перадвыбарнай зачысткі інфармацыйнага поля альбо «па скарзе на адну са свежых антыізраільскіх і антысіянісцкіх публікацый».

На аватарцы ў Чаранкова стаіць арыштаваны Ігар Стралкоў. Сам Чаранкоў моцна крытыкуе Пуціна, пры гэтым падтрымлівае вайну ва Украіне.

«Баец просіцца ў атрад»

У Калінінградзе Ціхамірава выйшла замуж. Яе абраннікам стаў дальнабойнік Аляксей Ціхаміраў. З ім разам яны крыху падарожнічалі па Еўропе.

Пераезд у Мінск быў звязаны якраз са сваякамі мужа. У Беларусі ў яго жыў дзед, былы вайсковы пракурор Уладзімір Давыдаў. Спачатку яго даглядала маці Аляксея Ціхамірава, але потым яна памерла. І тады ўжо дзеда сталі даглядаць унук з нявесткай. Уладзімір Давыдаў памёр у лістападзе 2021 года.

Спачатку Кацярына з мужам прыязджалі ў Беларусь на некалькі дзён кожныя некалькі месяцаў, а потым і цалкам пераехалі. Адбылося гэта ў 2020 годзе, калі ў свеце пачалася эпідэмія каранавірусу.

Жанчыне не падабалася, што ў параўнанні з Беларуссю ў Расіі трэба паўсюль насіць маскі.

У нядаўнім інтэрв'ю для перадачы «Скажинемолчи» на «Беларусь-1» яна казала, што 30 жніўня 2020 года пайшла ў краму, каб падрыхтаваць дзіця да 1 верасня, і сутыкнулася з пратэстоўцамі. Пасля лінейкі ў школе яна напісала ў прыват да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. «Баец просіцца ў атрад», — так, паводле Ціхаміравай, пачыналася паведамленне.

«Лячэнне за дзяржаўны кошт на шконцы»

Неўзабаве яе запрасілі працаваць на тэлебачанне. «Ну, паехалі! За Радзіму», — так напісала Ціхамірава ў сваім інстаграме 10 кастрычніка 2020 года, змясціўшы фота з мікрафонам БТ.

Ужо ад лістапада 2020 года расейка Ціхамірава стала расказваць гледачам БТ пра тое, што дэмакратыя не патрэбна, а пратэстоўцам плацяць, і як Захаду патрэбен толькі хаос у Беларусі.

У жніўні 2021 года Ціхамірава ўдзельнічала ў прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён даваў у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў. Была запрошаная на прыём на стары Новы год у Лукашэнкі.

З часам Ціхаміравай сталі давяраць «выкрывальніцкія» рэпартажы, яна рыхтавала сюжэт пра нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Праўда, Ціхамірава так і не знайшла людзей, якія б маглі нешта кепскае сказаць пра Бяляцкага. У ролі «экспертаў» выступалі людзі ў зацемненых пакоях са схаванымі тварамі і змененымі галасамі. Пра Бяляцкага ж Ціхамірава сказала, што яго «прэміявалі санаторна-курортным лячэннем за дзяржаўны кошт на шконцы».

У 2022 годзе з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Кацярына Ціхамірава рашуча падтрымала расейскую армію. Менавіта ёй належаць рэпартажы на БТ аб тым, што вялізная колькасць трупаў сярод цывільнага насельніцтва ў Бучы — пастаноўка. Прапагандыстка пераконвала, што адмова Еўропы ад расійскага газу — гэта яе самагубства.

«Сёння Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі. Не хапае толькі трэцяй сястры. Бедная, разарваная д’ябальскімі танцамі Украіна… Хутка вернецца ў сям’ю. У гэтым няма сумневаў», — пісала Ціхамірава 2 красавіка 2023 года.

Гэтым летам Ціхамірава разам з сям’ёй ездзіла на адпачынак у акупаваны Крым. Пры гэтым усё яшчэ час ад часу скардзіцца ў сваіх сацсетках, як сумуе па Калінінградзе і Балтыйскім моры.

Чытайце таксама:

Азаронак напісаў ліст Сталіну: «Пакланюся табе. Вышэй за цябе толькі Бог»

«Надзець на шыю стужку ЛГБТ — для мяне гэта проста край». Лёгкаатлетка Мірончык-Іванова расказала пра свае каляровыя фобіі

Прапаганда азадачылася, чаму моладзь абмяркоўвае серыял «Слова пацана», а не выбары. І распісалася ў бяздарнасці

Клас
6
Панылы сорам
9
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
46