Служба бяспекі Украіны абвясціла ў вышук этнічную беларуску, грамадзянку Украіны Галіну Кацюшчанку, якая ачоліла створаную расейскай акупацыйнай уладай так званую «Цэнтральную выбарчую камісію» Запарожскай вобласці і правяла незаконны рэферэндум аб далучэнні да Расіі захопленых расейскай арміяй украінскіх тэрыторый рэгіёну, піша «Радыё Свабода».

Адначасова ўкраінскі суд дазволіў яе затрымаць і прывесці ў суд для вырашэння пытання аб яе арышце. Як адзначаецца ў судовым рашэнні, вышук даручылі правесці аператыўным супрацоўнікам аддзелу супрацьдзеяння кіберзлачынствам у Запарожскай вобласці Дэпартамента кіберпаліцыі Нацыянальнай паліцыі Украіны.

Супраць Галіны Кацюшчанкі завялі справу паводле ч. 5 артыкулу 111-1 і ч. 2 артыкулу 28 Крымінальнага кодэкса Украіны — добраахвотная дзейнасць на пасадзе ў незаконных органах улады, створаных на часова акупаваных тэрыторыях, і злачынства, учыненае ў папярэдняй змове групай асобаў.

За гэтыя дзеянні караюць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасці.

Што вядома пра Галіну Кацюшчанку

Еўрасаюз уключыў ураджэнку Віцебска, жыхарку Мелітопаля Галіну Кацюшчанку (дзявочае прозвішча Курчанка) у новы санкцыйны пакет. Сёлета ў верасні, калі адзначалі гадавіну так званага «рэферэндуму» аб далучэнні Запарожскай вобласці да Расеі, Галіна Кацюшчанка заявіла:

«Запарожская вобласць вярнулася дадому, стала часткай Расейскай Федэрацыі — мы сэрцам і душой разам. Галоўнае, што мы перажылі за гэты год, — гэта адчуванне, што ты дома. Зычу ўсім нам працвітання, веры ў сябе, веры ў сваю краіну. Наша краіна — найлепшая».

Яе сын Глеб вучыўся ў Севастопалі ў кадэцкай вучэльні. А сама яна з гэтага году пачала вучыцца ў Севастопальскім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «паліталогія».

Старонка Галіны Кацюшчанкі ў Facebook амаль пустая. Апошнія здымкі яна публікавала ў студзені 2022 году — за месяц да расейскага ваеннага ўварвання. Яна цікавілася фігурным катаннем, вышыўкай, шыццём і псіхалогіяй.

Перш чым уключыцца ў палітычную дзейнасць, ураджэнка Віцебска займалася ў Мелітопалі невялікім бізнесам, мела статус індывідуальнага прадпрымальніка і аказвала сацыяльную дапамогу людзям без пэўнага месца жыхарства. З 2014 году яна ўступіла ў партыю «Апазіцыйны блок» (адна з партый, утвораных пасля распаду «Партыі рэгіёнаў» Віктара Януковіча. — РС) і спрабавала ўдзельнічаць у выбарах, каб трапіць у Мелітопальскую гарадскую раду. Але ніводнага разу не перамагла.

Клас
20
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2