Андрэй Кароль Андрей Король Andrey Korol

Рэктар БДУ Андрэй Кароль. Скрын відэа BelarusOneTV / YouTube

У перадачы «100 пытанняў даросламу» на БТ у рэктара БДУ Андрэя Караля сярод іншага спыталі пра абавязковае размеркаванне для платнікаў.

Па словах рэктара, студэнт-платнік — «вельмі ўмоўна платнік». Ён патлумачыў: «Плата за навучанне ў шмат разоў меншая за тое, што плацяць нават у краінах-суседзях па той жа спецыяльнасці. І гэта не таму, што мы танна цэнім адукацыю, а таму, што дзяржава ўкладае свае грошы для таго, каб падтрымаць чалавека, які вучыцца на так званай платнай форме навучання. Калі дзяржава мае, умоўна кажучы, свой пакет акцый у навучанні платніка, то чаму яна не павінна мець пэўных правоў?»

«А калі платнікаў пачнуць размяркоўваць, ці не баіцеся вы, што шмат хто паедзе ў тую ж Расію за такі ж кошт за навучанне?» — пацікавіліся ў рэктара.

Па словах Караля, рэктар мала чаго баіцца.

«Ты кожны дзень пралічваеш і разумееш, што можа быць, а што не можа. І людзі гэта таксама пралічваюць і добра разумеюць. Пры ўмове, што адукацыя ў ВНУ Беларусі (я нават не гавару пра БДУ, які стаіць па шэрагу крытэрыяў вышэй у міжнародных рэйтынгах, чым топавыя ВНУ Расійскай Федэрацыі) нічым не горшая.

Сэнс страляць сабе ў нагу — ехаць незразумела за колькі тысяч кіламетраў ад роднага дому».

Кароль запэўніў, што ведае, колькі каштуе навучанне ў вядучых ВНУ Расіі. І яно даражэйшае, чым у Беларусі.

«І гэта з-за таго, каб потым не мець для платнага студэнта магчымасці атрымаць свае прафесійныя навыкі? Я не бачу ніводнага плюса. Нехта, хто лічыць, што яму гэта выгадна — калі ласка.

Масава гэтага не было, і я спадзяюся, што не будзе. Калі ёсць нейкія індывідуальныя перавагі ў студэнтаў, то ёсць права выбару. Ніхто гэта не забараняе і, спадзяюся, такой забароны не будзе. Кожны нясе за свой учынак адказнасць самастойна».

Андрэй Кароль адзначыў, што рашэнне пра абавязковае размеркаванне платнікаў яшчэ не прынята.

Чытайце яшчэ:

«Кумулятыўны эфект». Міністр адукацыі прагназуе значнае падаражэнне навучання ў ВНУ

Былы кіраўнік паліклінікі разважае пра змены ў законе для медыкаў. Ён бачыць і плюсы

Абавязковае размеркаванне платнікаў могуць увесці ў 2024-м

Клас
4
Панылы сорам
16
Ха-ха
29
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
24