— Напэўна, гэта нешта прыроджанае. Мая старэйшая сястра была загадчыцай аддзялення Дзяржынскай бальніцы. Стрыечны брат — таксама медык. А мяне на медыцыну сяброўка спакусіла, — усміхаецца Людміла Паўлаўна.

Яна нарадзілася ў Бійску. Пазней сям'я пасялілася ў Курскай вобласці і ўрэшце апынулася ў Беларусі.

— Так здарылася, што бацька з мамай рассталіся. Мой дзядзька — ваенны, вандраваў па свеце. Аднойчы яго накіравалі на службу ў Мінск. Пераехаў сам і мяне забраў. У Мінску я жыву з 18 гадоў, — удакладняе суразмоўца.

Загарэўшыся медыцынай, Л. Ішчанка падалася на двухгадовыя курсы Чырвонага Крыжа, а далей, як кажуць, узыходжанне па лесвіцы.

Па цяперашнім адрасе 6-я паліклініка працуе з 1990 года. 7-павярховы будынак пабудавалі яшчэ ў 1985-м. Сёння ва ўстанове працуюць звыш 260 супрацоўнікаў, а на абслугоўванні — жыхары сямі раёнаў Мінска, акрамя Заводскага і Фрунзенскага. У лічбах — больш за 32 тыс. чалавек, 40% з якіх — пенсіянеры.

Людміла Паўлаўна пачынала працаваць у цяпер пустым будынку на Свярдлова. Спачатку абабягала дома, будучы ўчастковай медсястрой, потым стала старшай і галоўнай. Кажа, хварэлі людзі 40 гадоў таму тым жа, што і цяпер — гіпертанія, сэрца, суставы.

Цяпер 81-гадовая Л. Ішчанка — медсястра УГД-аддзялення. Кажа, доктарам не стала, бо паклала сілы на сям'ю. Стала добрай медсястрой. Кабінет наша гераіня дзеліць з загадчыцай аддзялення Вольгай Макоўскай.

Людміла Паўлаўна кажа, што калегі і знаёмыя дзівяцца, як гэта — на адным месцы 56 гадоў.

— Людзі шукаюць і мяняюць, камусьці заробак вышэйшы, камусьці да дома бліжэй. А нас выхавалі так, каб знайсці сабе па душы раз і на ўсё жыццё. Ну а што скакаць? А што, у іншай установе іншая медыцына? — задае рытарычнае пытанне Людміла Паўлаўна і дадае, што для такой стабільнасці важная яшчэ і атмасфера ў калектыве.

— Калі камфортна, на працу хочацца ісці. Наш калектыў за столькі гадоў мяняўся, але мне неяк заўсёды шанцавала з калегамі. Галоўныя дактары былі талковыя, як і цяперашняя. Алена Пуціла з намі тры гады. І потым праца такая, што сумаваць не даводзіцца, новыя абсталяванне, методыкі, — падсумавала Ішчанка.

«Жанчына сама робіць сябе цёткай»

 — Ніколі не выйду ў краму ў хустцы — прызнаецца Людміла Паўлаўна. — Асабіста я не хачу быць бабуляй вонкава ў аніякім узросце.

Суразмоўца ўпэўненая, што жанчына абавязаная сябе даглядаць.

— А некаторыя самі робяць з сябе цётку і бабулю. Бо не любяць сябе. А гэта няправільна. Трэба быць у гармоніі з сабой, вось тады яно з душы на твар. Мае пацыенты часта пытаюцца, колькі мне гадоў. А потым здзіўлена — «Ого, не сказалі б! Гадоў на 20 маладзейшая», — усміхаецца Л. Ішчанка.

— Мне 81, і я карыстаюся ўсімі крэмамі — для рук, цела, для твару ў мяне дзённы і начны. Дарэчы, люблю беларускія сродкі. Касметыку бяру 65+, бо 80+ крэм не вынайшлі, — кажа наша гераіня.

Яе раніца пачынаецца а 5:30.

— Спачатку зарадка, а потым трэба пастаяць ля люстэрка — макіяж і прычоска. А як пайсці да людзей квактухай? Дарэчы, на ноч я кручу валасы на бігудзі, так прычоска аб'ёмнейшая. Наогул, медык — твар паліклінікі. Таму і выглядаць трэба годна, — дадае Людміла Паўлаўна, папраўляючы валасы.

Яшчэ адзін рэцэпт прыгажосці ад гераіні — рух.

— На працу і з працы я хаджу пешшу. Ад Ульянаўскай да Сурганава прыкладна 5 км. У добрае надвор'е я спыняюся на вулічных трэнажорах. І ў выходныя гуляю па парку, находжваючы мінімум 10 км. Уключаю ў тэлефоне крокамер — і пайшла. Таму, калі хочаце жыць даўжэй, актыўнічайце, займайцеся спортам, — кажа суразмоўца і кідае следам. — І не ежце шмат. У мяне з 18:00 рот на замку. Ем я ўсё, але няшмат.

У канцы размовы Людміла Паўлаўна прадэманстравала нам фізпадрыхтоўку.

— Ра-а-аз! — праз пару секунд рукі 81-гадовай медычкі ўверсе і роўна так жа сама апынаюцца ўнізе. А потым у рух прыходзяць ногі. Таксама за секунды. Нават стала сорамна проста стаяць і глядзець. — Кажу ж, рух — жыццё. І ўзрост тут ні пры чым! — заўважыла пры канцы Л. Ішчанка.

Па даных Камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама, у Мінску працуюць 360 чалавек ва ўзросце 80 гадоў і старэйшыя. І ў асноўным — у сферы аховы здароўя.

Чытайце таксама:

У Беларусі «нармалізуюць» заслужаных пенсіянераў — пры непавазе да дзяржорганаў іх пазбавяць павышанай пенсіі

«Сказала, што нават год за кратамі можна параўнаць са смяротным прысудам». Як пенсіянерка апынулася за кратамі за палітыку

Хто рызыкуе трапіць у «пенсійную пастку» і чаму ў доктара гістарычных навук пенсія 220 рублёў?

Жывуць на адну пенсію, сутыкаюцца з ашуканцамі, усім задаволены: вынікі апытання беларускіх пенсіянераў

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
1