Фота: Israel Defense Forces

Фота: Israel Defense Forces

Трое ізраільскіх закладнікаў, памылкова забітых салдатамі ЦАХАЛ у сектары Газа ў мінулую пятніцу, выкарыстоўвалі рэшткі ежы, каб напісаць просьбы аб дапамозе, піша Бі-бі-сі.

Закладнікі — 28-гадовы Ётам Хаім, 22-гадовы Самер Талалка і 26-гадовы Алон Шамрыз — былі забітыя ў раёне Шэджая ў Газе, дзе ізраільскія войскі сутыкнуліся з жорсткім супрацівам баевікоў ХАМАС.

Ізраільскія вайскоўцы прызналі, што забойства мужчын, якія трымалі ў руках белы сцяг, было парушэннем «правілаў вядзення баявых дзеянняў».

Са слоў ізраільскага вайсковага чыноўніка, які гаварыў з Бі-бі-сі на ўмовах ананімнасці, мужчыны выйшлі з будынка без кашуль, адзін з іх нёс палку з белай тканінай.

Паводле слоў прадстаўнікоў арміі абароны Ізраіля, якая вядзе расследаванне выпадку, мужчыны пражывалі ў будынку, побач з якім іх застрэлілі, «на працягу некаторага часу».

У нядзелю ЦАХАЛ паведаміў, што падчас ператрусу будынка ізраільскія вайскоўцы знайшлі белую тканіну, на якой рэшткамі ежы было напісана «SOS» і «Дапамажыце, 3 закладнікі».

Сем'і закладнікаў, якія былі захоплены баевікамі падчас нападу на Ізраіль 7 кастрычніка і застаюцца ў палоне ў сектары Газа, заклікаюць ізраільскі ўрад укласці новае перамір'е з ХАМАС, каб вызваліць хоць бы частку палонных.

Першапачатковая ўгода прывяла да вызвалення больш як 100 закладнікаў у абмен на палесцінцаў, якія адбывалі пакаранне ў ізраільскіх турмах.

Прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху настойвае, што «ваенны ціск неабходны як для вяртання закладнікаў, так і для перамогі».

У нядзелю міністарка замежных спраў Францыі Катрын Калана падчас свайго візіту ў Ізраіль заклікала да «новага неадкладнага і доўгатэрміновага спынення агню».

Яе ізраільскі калега Элі Коэн заявіў, што спыненне агню было б памылкай і «падарункам ХАМАС».

Вялікабрытанія і Нямеччына таксама заклікалі да «ўстойлівага спынення агню», але пры гэтым не казалі пра тое, што яно павінна быць неадкладным.

Чытайце таксама:

Што распавядаюць першыя вызваленыя закладнікі ХАМАС

Баевікі ХАМАС вызвалілі 13 ізраільскіх закладнікаў і 12 рабочых з Тайланда

Байдэн: Ізраіль губляе падтрымку сусветнай супольнасці

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
12
Абуральна
0