Зацікаўленне асобай друкара пачалося не адразу. Спадчына Францыска Скарыны стала выклікаць навуковы інтарэс да яго толькі з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. А сталая зацікаўленасць, калі яго амаль штогод згадвалі ў публікацыях, пачалася толькі з другога дзесяцігоддзя ХІХ стагоддзя.

Гэта быў час, калі ў Расійскай імперыі актыўна даследаваўся пласт старадаўніх, у тым ліку і друкаваных, кніг, а таксама славянскія літаратуры, мовы і «гаворкі».

У першыя дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя аўтары ідэнтыфікуюць Францыска Скарыну як аднаго з першых славянскіх выдаўцоў, але ўсе астатнія акалічнасці яго жыцця выклікаюць спрэчкі. 

У той момант ніякага нацыянальнага і гераічнага флёру постаць Скарыны, натуральна, не мела, бо яшчэ не саспела сама беларуская нацыя, каб на яе прэтэндаваць.

Імператар Аляксандр І праводзіў параўнальна мяккую палітыку на нядаўна далучаных землях Вялікага Княства Літоўскага, якія, праўда, у расійскай свядомасці працягвалі ўспрымацца як «польскі край». Шляхта дапускалася ў адміністрацыю, развівалася польскамоўная адукацыя, функцыянаваў Віленскі ўніверсітэт, асабліва не парушалася палітыка талерантнасці ў дачыненні да Уніяцкай царквы.

Але ў 1820-я гады імперыя сыходзіць з ліберальнага шляху, на «вернутых ад Польшчы землях» пачынае праводзіцца зусім іншая этнакультурная палітыка.

Пасля здушэння паўстання 1830—1831 гадоў («польскага бунту») расійскія ўлады і інтэлектуальныя эліты звяртаюцца да «рускасці» беларускага сялянства. Праўда, ідэя, што беларуска-літоўскія землі — гэта спрадвечна расійскія (рускія) землі, з’явіцца яшчэ пазней, у сярэдзіне стагоддзя, за часамі Аляксандра II.

Гаворка пачынае весціся пра «кроўную» сувязь мясцовага насельніцтва з велікарускімі суайчыннікамі ў межах адной «рускай нацыі».

У 1822 годзе Канстанцін Калайдовіч у артыкуле «О белорусском наречии» ўпершыню атаясамляе дзейнасць Скарыны з беларушчынай, але ў спецыфічнай манеры:

«Древнейший пример изменения чистого языка Славянского, принявшего чуждые слова и речения, составившие впоследствии наречие Белорусское, находится в переводах Доктора Франциска Скорины».

У іншых публікацыях адзначаецца, што ягоная мова «руская», але пры гэтым ён відавочна саступае ў вазе асобам пачынальнікаў «першага кнігадрукавання ў Расіі» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якіх паклікаў працаваць у Маскве цар Іван IV.

У 1850-я гады некаторыя царкоўныя дзеячы называлі Скарыну паланізатарам, які сваім перакладам з «вялікім дамешкам паланізмаў» засмеціў сакральную мову Бібліі. Яму супрацьпастаўляюцца абаронцы царкоўнаславянскай чысціні — усё тыя ж Фёдараў і Мсціславец.

Неаднаразова выказваюцца тэзісы пра «пальшчызну» скарынаўскіх твораў. Вяліся спрэчкі пра ягоную рэлігійную прыналежнасць, але на той момант вобраз «рускага каталіка» быў цалкам прымальным.

Аднак пасля ганебнага паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853—1856 гадоў на «заходніх землях» паўсюль пачынаюць рабіць захады, каб падвысіць лаяльнасці да імперскай улады. Праўда, што менавіта рабіць — ці то ўзмацняць беларускасць, ці то «літоўскасць», ці то залагоджваць шляхту, ці то русіфікаваць касцёл, ці то пераводзіць усіх у праваслаўе, — было цяжка вызначыцца.

Дапамагло чарговае вызваленчае паўстанне 1863—1864 гадоў, пасля якога ўлады абралі кірунак на татальную русіфікацыю краю.

Менавіта гэты час супадае з першымі крокамі па папулярызацыі старадаўняга славянскага друкара Скарыны. Развіццё ідэі пра магчымае праваслаўнае паходжанне адкрывала новыя перспектывы напаўнення вобраза першадрукара станоўчымі рысамі ў рамках расійскага імперскага дыскурсу.

Расійскі бібліёграф Аляксей Віктараў, які сцвярджаў пра «рускасць» друкара

Расійскі бібліёграф Аляксей Віктараў, які сцвярджаў пра «рускасць» друкара

Адным з першых у 1867 годзе досыць абгрунтавана і адназначна заявіў, што Скарына не мог вызнаваць нічога, апроч праваслаўя, расійскі бібліёграф Аляксей Віктараў. Аўтар часта выкарыстоўвае «рускі» да абазначэння скарынаўскай мовы, нацыянальнай прыналежнасці альбо самавызначэння.

Але заставалася адна невялікая няўвязка, якая не ўпісвалася ў агульную «рускасць» друкара — ён насіў відавочна каталіцкае імя Францыск.

Яшчэ ў 1858 годзе ў «Зборы дзяржаўных і прыватных актаў, датычных гісторыі Літвы» быў апублікаваны прывілей Жыгімонта І з імем першадрукара ў наступным выглядзе: «Georgij Franciscij Skorina».

«Georgij» было вытлумачана як імя Георгій, але гэта быў адзіны выпадак яго ўжывання з усяго комплексу першакрыніц, у тым ліку і яго ўласных тэкстаў.

Новае імя дазволіла ўключыць друкара ў пантэон рускіх герояў. Праўда, масавага характару выкарыстанне імя «Георгій» у дачыненні да Скарыны пасля публікацыі дакумента не займела. Не згадвалася яно і ў Віктарава, які сцвярджаў «рускасць» друкара. Часам пісалася падвойнае імя «Францыск Георгій».

Партрэт «масквафіла» Антонія Петрушэвіча, які патлумачыў наяўнасць другога імя ў Скарыны тым, што ён мусіў хаваць сваёй праваслаўнае паходжанне для паступлення ва ўніверсітэт

Партрэт «масквафіла» Антонія Петрушэвіча, які патлумачыў наяўнасць другога імя ў Скарыны тым, што ён мусіў хаваць сваёй праваслаўнае паходжанне для паступлення ва ўніверсітэт

У 1875 годзе Антоній Петрушэвіч, грэка-каталіцкі святар з украінскай Галіччыны, якая пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай цалкам увайшла ў склад Аўстрыі, апублікаваў артыкул «Франциск Скорина — издатель в Праге чешской в 1517 г.», у якім паспрабаваў патлумачыць паходжанне другога, каталіцкага імя — Францыск. 

Тут варта адзначыць, што ў Галіччыне, якая адзіная з усходнеславянскіх земляў не трапіла ў склад Расійскай імперыі і дзе таксама бачылі, як расійскія войскі душаць рэвалюцыю 1848-1849 гадоў у Венгрыі, склалася магутная інтэлектуальная плынь «масквафілаў». Да такіх «масквафілаў» належаў і Петрушэвіч.

У сваім артыкуле пра Скарыну Петрушэвіч падтрымліваў меркаванне пра ягонае праваслаўнае паходжанне, а наконт каталіцкага імя выказаў здагадку, што друкар прыняў яго ўмоўна, каб паступіць у Кракаўскі ўніверсітэт. Гэты тэзіс праіснуе надзвычай доўга і набудзе новую моц у наступным стагоддзі пры зусім іншай уладзе.

Гісторыя з імем Георгій пачала развівацца самастойна, на яго аснове нават пачалі прыдумляць новыя імёны — «Юрий» і нават «Григорий», як яго ў 1897 годзе называў гісторык царквы Іван Малышэўскі.

Скарына поруч з князямі Андрэем Курбскім і Канстанцінам Астрожскім становяцца ў расійскім дыскурсе часткай апазіцыі каталіцкай прапагандзе. Змаганне адбываецца з дапамогай рэлігійнай літаратуры, якая пішацца ў тым ліку і «заходняй мовай» з «беларускімі» прадмовамі.

Спадчына першадрукара становіцца аб'ектам даследаванняў альбо выкарыстоўваецца для прыкладаў цэлым шэрагам прафесійных даследчыкаў з высокай рэпутацыяй. Некаторыя з іх выразна падкрэсліваюць асаблівасць гістарычнай Літвы. Пры гэтым поруч з «заходнеруская» стала выкарыстоўваўся тэрмін «беларуская» ў дачыненні да кніжнай мовы Вялікага Княства Літоўскага. Многія аўтары XIX стагоддзя наўпрост звязваюць беларускую мову Скарыны з мовай жыхароў беларускіх губерняў Расійскай імперыі.

Калі падобны погляд на беларускаць Скарыны, няхай і чыста тэрміналагічную, быў нармальным для расійскіх інтэлектуалаў, то і малады беларускі нацыянальны рух ніяк не мог абысці ягоную постаць. Актыўнае прысваенне друкара беларускім рухам зняло верагоднасць яго манапалізацыі іншымі, у тым ліку і расійскай, нацыянальнымі культурамі.

Артыкула Вацлава Ластоўскага «Доктар Франціш Скарына». 

Артыкула Вацлава Ластоўскага «Доктар Франціш Скарына». 

Бурлівыя падзеі пачатку XX стагоддзя і росквіт нацыянальнага руху вельмі ўдала супалі з адзначэннем у 1917 годзе 400-годдзя беларускага друку, якое адлічвалі з моманту выдання Скарынам у 1517 годзе ў Празе сваёй Бібліі. На гэтую падзею адгукнуліся многія беларускія выданні і дзеячы, у тым ліку свае артыкулы пра Скарыну надрукавалі мовазнавец Язэп Лёсік, літаратуразнаўцы Максім Гарэцкі, Рамуальд Зямкевіч ды іншыя.

Каталіцкае імя Францыск ці Францішак не ўваходзіла ні ў якія супярэчнасці з ідэямі і мэтамі беларускага руху, а таму ва ўсіх публікацыях менавіта яно выкарыстоўвалася за асноўнае.

Праўда, акалічнасць з імем Георгій таксама згадалі паралельна з пытаннем аб веравызнанні.

«Трудна згадзіцца, каб Скарына, дзеля паступлення ў універсітэт у Кракаве, зрабіўся замест Юркі Францыскам, як гэта пішуць некаторыя расійскія вучоныя. Кракаўскі ўніверсітэт у пачатку XVI сталецця быў вельмі паступовы, і рэлігійныя пракананні перашкаджаць нікому не маглі», — пісаў Зямкевіч.

Калектыўнае выданне Інстытута беларускай культуры «Чатырохсотлецьце беларускага друку»

Калектыўнае выданне Інстытута беларускай культуры «Чатырохсотлецьце беларускага друку»

Цікавасць да Скарыны замацаваў чарговы 400-гадовы юбілей, якія адзначаўся ў 1925 годзе — ва ўгодкі беларускага друку ў Вільні. Ён ізноў пакінуў пасля сябе мноства публікацый датычна асобы першадрукара як у Савецкай Беларусі, так і ў заходнебеларускім ды эміграцыйным друку. Перавага варыянтаў імя Францыск захавалася. Вацлаў Ластоўскі хоць і піша, што Скарына быў ахрышчаны пад імем Юр'я (Георгій), але ўсё роўна згадвае пра яго як пра Франціша.

У тым жа юбілейным 1925 годзе польскі даследчык Генрык Лаўмянскі праналізаваў яшчэ адзін акт 1532 года — грамату Жыгімонта Старога — і звярнуў увагу, што асветнік там названы egregius Franciscus Skorina de Polocko, таму на старонках часопіса Ateneum Wileńskie выказаў здагадку, што пісар у дакуменце паблытаў словы Georgius і egregius (г. зн. шаноўны, слаўны).

Партрэт Скарыны працы Якава Бразера з кнігі «400-годдзе беларускага друку». На фоне імя друкара — Францішак Скарына

Партрэт Скарыны працы Якава Бразера з кнігі «400-годдзе беларускага друку». На фоне імя друкара — Францішак Скарына

Таксама ён даводзіў каталіцкае паходжанне Скарыны і звяртаў увагу на тое, што культ Святога Георгія, хоць больш пашыраны на Усходзе, не быў чужым на Захадзе і ў Польшчы. Акрамя таго, у актах універсітэта напісана, што падчас паступлення Скарыны сярод абітурыентаў былі людзі з імем «Георгій», таму хаваць сваё сапраўднае імя беларускаму першадрукару не мела б сэнсу. 

Адам Станкевіч, чыю брашуру пра Скарыну Лаўмянскі раскрытыкаваў і які прытрымліваўся версіі аб праваслаўным паходжанні першадрукара, адгукнуўся на адкрыццё досыць скептычна: «Выйшла, праўда, даволі зручна і дасціпна, але каб навукова праконваюча, то не скажу».

Сітуацыя кардынальна змянілася ў 1930-я гады — гэтак жа як Менск стаў Мінскам, Францыск адначасна зноў ператварыўся ў Георгія.

Гэтыя дзве падзеі, вядома, невыпадковыя, яны часткі працэсаў дэнацыяналізацыі, русіфікацыі і згортвання беларусізацыі, якія дасягаліся савецкай дзяржавай праз масавыя рэпрэсіі, што найбольш моцна ўдарылі па беларускай інтэлектуальнай эліце.

Даследчыкі, якія ў гэты час звярталіся да постаці Скарыны, як і рускія даследчыкі XIX стагоддзя, «хацелі бачыць полацкага друкара абавязкова праваслаўным дзеячам».

Была падхоплена і пашыралася версія аб тым, што Скарына пры паступленні ў Кракаўскі ўніверсітэт быццам бы прыняў каталіцкае імя Францыск замест праваслаўнага Георгій, атрыманага ім пры нараджэнні; пазней жа новае сваё імя ён замацаваў назаўсёды, падпісваў ім усе свае выданні і пад гэтым імем стаў вядомым і славутым вучоным-гуманістам.

У 1940-1950-я гады меркаванне пра сапраўднае імя Георгій стала пануючым. 

Беларускі пераклад паэмы «Георгій Скарына»

Беларускі пераклад паэмы «Георгій Скарына»

У 1946 годзе Міхасём Клімковічам была перакладзена з рускай мовы драматычная паэма Міколы Садковіча і Яўгена Львова пад назвай «Георгій Скарына». У ёй сярод іншага былі закранутыя пытанні веравызнання і імя першадрукара. Каралеўскі лекар Балінскі апраўдваецца, што змяніць імя на Францішак прыйшлося праз патрэбу:

Князь Глінскі.
«Як ты пашыцца ў дурні караля прымусіў?»
Балінскі.
«Хварэе наш кароль, і ад хваробы лекаў
Шукае ў добрых справах. Падагрэў
Я гэту думку ў ім, і ён паперу выдаў.
Адно, Лукаш, яму не мог сказаць я,
Што сын твой грэцкай веры і імя
Яму прышлося запісаць Францышак,
А не Георгій. Што-ж? Калі мана ратунак
Ды яшчэ адзіны, няхай даруе бог».

Тое ж самае пасля пацвярджае і сам Скарына:
«Георгій я і ёсць. Францышкам тут назваўся,
Каб да навукі дапусцілі».

Ствараецца вобраз агрэсіўнага каталіцкага Захаду, які прымушае Скарыну хаваць сваю сутнасць, бо «рускі да навук не здатны», а схізматыку адмовяць у прыёме ва ўніверсітэт. І гэта добра кладзецца на тую знешнюю палітыку, якая праводзілася савецкай дзяржавай у той час.

Гістарычны раман «Георгий Скорина» Садковіча і Львова, выдадзены ў 1951 годзе

Гістарычны раман «Георгий Скорина» Садковіча і Львова, выдадзены ў 1951 годзе

У 1951 годзе таксама пабачыў свет гістарычны раман «Георгий Скорина» Міколы Садковіча і Яўгена Львова.

Характэрнай з’яўляецца кандыдацыкая дысертацыя гісторыка Валянціны Чапко «Грамадская і культурная дзейнасць Георгія Скарыны», якую яна абараніла ў 1955 годзе. Яна ўяўляе сабой каштоўную крыніцу аб тагачасных савецкіх уяўленнях пра асобу друкара і сучасныя яму акалічнасці, дзе ігнаруюцца факты на карысць палітычнай кан’юктуры.

Вокладка кандыдацкай дысертацыі Валянціны Чапко «Грамадская і культурная дзейнасць Георгія Скарыны», якую яна абараніла ў 1955 годзе 

Вокладка кандыдацкай дысертацыі Валянціны Чапко «Грамадская і культурная дзейнасць Георгія Скарыны», якую яна абараніла ў 1955 годзе 

«Адкідаючы ў бок здагадку аб нейкім магічным абрадзе, звязаным з прысвойваннем пры нараджэнні дзіцяці падвойнага імя, можна пагадзіцца з меркаваннем аб тым, што Скарына быў вымушаны ўзяць сабе каталіцкае імя, як сродак маскіроўкі, для таго, каб мець магчымасць праслухаць курс у Кракаўскім універсітэце. Але прыняцце ім таго імя, якога ён, відавочна, з прычыны звычкі і афіцыйнай неабходнасці (усе дакументы аб яго адукацыі выдадзены на гэтае імя) прытрымліваўся і пасля, зусім не сведчыць аб тым, што ён перайшоў пры гэтым у каталіцтва.

Гэта быў просты фармальны акт, з якім Скарына не думаў злучаць перамену веры і звязаных з ёю ў Сярэднія вякі перакананняў. Уся далейшая дзейнасць Скарыны даказвае гэта».

Паказальная і рэакцыя беларускай паваеннай эміграцыі на савецкую «геаргіяну». Вось як беларускі скарыназнавец Вітаўт Тумаш, старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, пісаў айцу Пятру Татарыновічу, які жыў у Рыме:

«У сваім абнаглелым русіфікатарскім наступе Масква намагаецца русіфікаваць не толькі сённяшнюю Беларусь, але і ейную прышласць, ейную гісторыю. Адзін гэтага прыклад — Скарына ў іх ужо не Францішак, а Георгій, хоць гэтым іменем сам Скарына ніколі сябе ні ў адным друку сваім не называў.

Хрышчаны ён быў Юрыем, але з імені гэтага не карыстаў. Да волі Скарыны мелі пашаны і расейскія царскія аўтары, і ў сваіх працах яны заўсёды менавалі яго Францішкам, а не Георгіем. Шавінізм чырвоных расейскіх аўтараў у гэтым выпадку аказаўся куды горшы за царскіх.

Ім ужо імя Францішак ніяк праз горла не пралазіць, бо з гэтага самога імені адразу бачна, што ён не расеец. І гэта яны накідаюць і нашым менскім навукоўцам, якія мусяць за імі таксама выкідаць імя Францішак».

Насаджэнне Георгія пачало спадаць разам са смерцю Сталіна, развянчаннем культу асобы і аслабленнем ідэалагічнага ціску ў наступныя дзесяцігоддзі. Ключавой падзеяй у вызначэнні стаўлення да імя Францыск, як да сапраўднага імя Скарыны, стаў чарговы юбілей — 450-годдзе беларускага кнігадрукавання ў 1967 годзе.

Брашура Валянціны Чапко «Беларускі першадрукар Георгій Скарына», выдадзеная ў 1956 годзе

Брашура Валянціны Чапко «Беларускі першадрукар Георгій Скарына», выдадзеная ў 1956 годзе

Напярэдадні святкавання пытанне аб імені Скарыны спецыяльна разглядала бюро аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР.

Бюро азнаёмілася з матывіроўкамі, звязанымі з імем Скарыны і прыняло рашэнне: поўны варыянт яго імені пісаць «Францыск (Георгій) Скарына», а кароткі — «Францыск Скарына».

Было вырашана пакінуць «Георгій» у поўным варыянце імені першадрукара па той прычыне, што гэтым імем ён называецца ў многіх навуковых працах, напісаных у 1930-1950-я гады.

У 1969 годзе літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч ізноў прыйшоў да высновы, што пры паступленні ў Кракаўскі ўніверсітэт Скарыну зусім не было ніякай патрэбы мяняць праваслаўнае імя на каталіцкае, бо гэтая навучальная ўстанова ў той час была адкрытая не толькі для католікаў, але і для праваслаўных.

Рэч у тым, што ў час, аб якім ідзе размова, у Польшчы дзейнічаў закон 1484 года, які прыроўніваў у правах Праваслаўную царкву да Каталіцкага касцёла. Становішча змянілася пазней, калі пачаліся ўзмоцненая паланізацыя і акаталічванне беларусаў і ўкраінцаў, калі палемічная барацьба вакол Уніі прынесла больш выразнае размежаванне паміж праваслаўем і каталіцызмам. Аднак і пазней паасобныя дзеячы траплялі ў каталіцкія ўніверсітэты Рэчы Паспалітай.

Уважліва вывучыўшы архівы Кракаўскага ўніверсітэта часу, калі там навучаўся Скарына, даследчык заўважыў, што «шкаляроў з імем Георгі, якія прыехалі з Беларусі і Літвы, вельмі многа», а таксама, што «імя Георгі мелі не толькі праваслаўныя».

«Калі б Скарына меў імя Георгі, то ніякай патрэбы яго мяняць на іншае не было. Значыцца, Францішак — імя яго ўласнае, з якім ён прыехаў з дому», — падсумаваў Александровіч.

Помнік Скарыну ў Полацку, пастаўлены ў 1974 годзе, ужо не мае згадкі пра Георгія, хоць адна з цэнтральных вуліц трохі раней была перайменаваная менавіта ў гонар Георгія Скарыны. Фота: Яндэкс Карты 

Помнік Скарыну ў Полацку, пастаўлены ў 1974 годзе, ужо не мае згадкі пра Георгія, хоць адна з цэнтральных вуліц трохі раней была перайменаваная менавіта ў гонар Георгія Скарыны. Фота: Яндэкс Карты 

У 1980-1990-я гады, на хвалі чарговага нацыянальнага адраджэння, пра Георгія зноў забыліся ўсе, спрэчкі вяліся збольшага вакол варыянтаў напісання імя Францыск. 

Значнай падзеяй стала першае поўнае выданне дакументаў і матэрыялаў, прымеркаванае да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны. Зборнік склаў супрацоўнік Інстытута літаратуры Акадэміі навук, літаратуразнавец Віктар Дарашкевіч пры актыўным удзеле Адама Мальдзіса і Вячаслава Чамярыцкага.

Па просьбе Мальдзіса былі зноў выяўленыя і скапіраваныя для зборніка дакументы, сярод якіх была «прагматычная санкцыя», пададзеная самім Скарынам у пазнанскую раду.

У адрозненне ад скарочанай і паспешнай копіі, што была зроблена з гэтага дакумента нядбайным канцылярыстам, які прыпісаў імя Georgij, у арыгінале гэта быў звычайны канцылярскі эпітэт egregius — выдатны, як і сцвярджаў калісьці Лаўмянскі. На гэтым спрэчкі наконт імя Скарыны мусілі быць скончаныя.

Але ў 1995 годзе, ужо пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, апошняе скліканне Вярхоўнага Савета Беларусі зацвердзіла пастанову аб дзяржаўных узнагародах, сярод якіх быў ордэн Францыска Скарыны, праўда, без апісання ягонага выгляду.

У 1999 годзе Лукашэнка выдаў указ, які зацвярджаў выгляд дзяржаўных узнагарод. Нягледзячы на бясспрэчную пераканаўчасць довадаў беларускіх навукоўцаў, выгляд ордэна быў прапісаны наступным чынам:

«Авал абрамлены бела-блакітнай эмалевай стужкай з надпісам «Францыск Георгій Скарына».

Праўда, у шырокіх колах на гэтае імя канчаткова забыліся, няма яго і на помніках, і ў назвах вуліц, хоць калісьці за савецкім часам вуліцу ў Полацку пераймяноўвалі менавіта ў гонар Георгія Скарыны. Адзінай, хто на Беларусі працягвае ўпарта чапляцца за памылковае імя, з'яўляецца Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якая ніяк не хоча развітацца з міфам пра праваслаўнае паходжанне першадрукара.

Адам Мальдзіс у час уручэння Лукашэнкам яму ордэна Францыска Скарыны. Фота: president.gov.by

Адам Мальдзіс у час уручэння Лукашэнкам яму ордэна Францыска Скарыны. Фота: president.gov.by

Горка і іранічна, але Мальдзіс, які спрычыніўся да канчатковага вызначэння сапраўднага імя друкара, у 2013 годзе атрымаў з рук Лукашэнкі той самы ордэн з памылковым іменем.

У адрозненне ад папярэдніх важных юбілеяў, якія спрыялі выпраўленню старых уяўленняў пра імя першадрукара, адзначэнне 500 гадоў беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе не прывяло да змянення выгляду адной з найгалоўных дзяржаўных узнагарод.

У сённяшніх рэаліях, калі ўзяты курс на русіфікацыю і дэнацыяналізацыю Беларусі, супрацьстаянне з Захадам, цалкам натуральна, што лукашэнкаўская сістэма не толькі не адмовіцца ад «больш рускага» імя першадрукара, але можа пачаць раскручваюць гэтую зручную для «рускага свету» памылку з новай сілай.

Праўда, сам ордэн Францыска Скарыны, як лічаць некаторыя нацыянальныя дзеячы, ужо апаганены тым, каму рэжым Лукашэнкі яго з зайздроснай рэгулярнасцю ўручае.

Адзін з галоўных ордэнаў краіны працягвае тыражаваць даўно выкрытую памылку

Адзін з галоўных ордэнаў краіны працягвае тыражаваць даўно выкрытую памылку

Створаны для адзначэння значных поспехаў у справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі і прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа, ордэн быў ператвораны ў «медальку» для прадстаўнікоў расійскай поп-эстрады і палітыкі — Надзежды Бабкінай, Мікалая Баскава, Філіпа Кіркорава, Віктара Дробыша, Юрыя Антонава, Барыса Ельцына, Юрыя Лужкова ды Валянціны Матвіенкі. 

Гэта не новая ў гісторыі практыка з падпарадкаванымі народамі і іхнімі ўзнагародамі. Яе можна параўнаць, напрыклад, з прысваеннем Расійскай імперыяй пасля паўстання 1831 года колішніх ордэнаў Рэчы Паспалітай, якія цяпер надаваліся не тым, хто змагаўся за волю, а тым, хто ўдзельнічаў у душэнні паўстання. 

Адзіным выйсцем з цяперашнім ордэнам «Францыска Георгія Скарыны», як уяўляецца, застаецца не касметычнае змяненне выгляду, а ягонае ачышчэнне праз перазаснаванне дэмакратычнымі сіламі і паўторным узнагароджаннем тых, хто сапраўды меў падставы яго атрымаць — без Кіркорава ці Лужкова.

Чытайце таксама:
Першы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. 90 гадоў справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: як гэта было арганізавана
Загадкавая гісторыя адной скульптуры. Як Лукашэнка падарыў тое, чым не валодаў
Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях
Клас
37
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
21

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?