Павел Тапузідзіс, фота belarus.kp.ru

Павел Тапузідзіс, фота belarus.kp.ru

Мостабудаўнік з Асеціі

Продкі Тапузідзіса па бацькоўскай лініі — грэкі з тэрыторыі сённяшняй Турцыі. У 1920-х яны беглі ад этнічных чыстак у адзіна магчымым кірунку, на савецкі Каўказ. З прыходам да ўлады Сталіна большасць з іх выслалі ў Сібір і Казахстан, моцна прарэдзіўшы папуляцыю савецкіх грэкаў.

Вельмі мала каму з іх удалося ацалець двойчы. Продкі Тапузідзіса — з такіх. Сам будучы бізнэсмен нарадзіўся і вырас у такім ацалелым грэцкім сяле ў Асеціі.

У Беларусі апынуўся таму, як потым казаў сам Тапузідзіс, што трэба было некуды паступаць, а толькі ў краіне далёка на захадзе СССР, у Беларусі, быў шанец улезці ва ўніверсітэт з такім паходжаннем.

Адвучыўся ў Палітэху і застаўся. За саветамі Тапузідзіс рабіў кар’еру ў дзяржаўнай будаўнічай арганізацыі, займаўся ўзвядзеннем мастоў і даслужыўся да начальніка ўпраўлення.

«У 1980-я, калі мне было трохі за 20, мы з мужам яшчэ не былі багатымі і вельмі радасна жылі. Дзесяць гадоў пражылі ў Мінску на Аўтазаводзе — у маленькім доме барачнага тыпу на чатыры сям’і. Там нарадзіліся дзеці. Жылі ад заробку да заробку. З пачкі тварагу пяклі гару найсмачнейшага печыва, дзяліліся з суседзямі рэцэптамі таннага салату ці баршчу. Калі нарадзіўся Паўлік, у нас не было нават падгузнікаў. Часам іх прывозілі з Польшчы, але надзявалі толькі ў паліклініку», — вось так апісвала ўмовы, у якіх жыў будучы мільярдэр, ягоная жонка, настаўніца Ірына Тапузідзіс.

На момант распаду СССР Паўлу Тапузідзісу было 35 год. Ва ўмовах адкрытага рынку і масы магчымасцяў мостабудаўнік плюнуў на працу, якая ўжо не давала статусу і не абяцала грошай. Пайшоў шукаць сябе у камерцыі.

Першыя венчуры Тапузідзіса былі прымітыўнымі, дробнымі і саматужнымі, без шанцу вырасці ў нешта вялікае: пахавальныя вянкі, цацкі.

«Грэцкі бізнэс»

Шчаслівую пуцёўку ў вышэйшую бізнэс-лігу Тапузідзіс атрымаў не зусім выпадкова. Тут была свая заканамернасць. Рэч у тым, што цыгарэты па ўсім свеце — гэта грэцкі бізнэс.

Нават далёкі ад сферы чалавек успомніць, што знакаміты другі муж Жаклін Кенэдзі, мільярдэр Арыстоцель Анасіс — спадчынны тытунёвы магнат. Ягоныя бацькі, дарэчы, таксама беглі ад туркаў, кінуўшы ў Малой Азіі свае тытунёвыя плантацыі.

Выканаўчы дырэктар і старшыня праўлення тытунёвага гіганта Philip Morris International — грэк Андрэ Каланцопулас. На камандных высотах у расійскім тытунёвым бізнэсе таксама шмат грэкаў.

Павел Тапузідзіс, ганаровы консул Грэцыі, на дні нацыянальных культур у Мінску. Фота: Belta.by

Павел Тапузідзіс, ганаровы консул Грэцыі, на дні нацыянальных культур у Мінску. Фота: Belta.by

Грэцкая дыяспара адна з самых старажытных і моцных у свеце, параўнальная з габрэйскай ці армянскай. Грэкі ад свайго ўзнікнення рассяляліся па свеце.

Таму калі ў маладую дзяржаву пацяклі першыя аптовыя пастаўкі заходніх цыгарэт, еўрапейскія грэкі проста не маглі знайсці найлепшай кандыдатуры ў партнёры на месцы, чым грэкамоўнага Паўла Тапузідзіса.

«Калі адкінуць смешныя рэчы, то сур’ёзны бізнэс Тапузідзіс пачаў з аптовых паставак цыгарэт у Беларусь. Усе, хто ў нешта вырас, пачыналі з паставак.

Потым усе агледзеліся, прыкінулі, куды рухаецца свет — у розніцу. І пачалі думаць, як адкрыць розніцу і як пабудаваць вытворчасць. Трэба разумець і інтарэсы заходнікаў: а нашто ім губляць на лагістыцы, калі можна нешта вырабляць на месцы?

З гродзенскай фабрыкай тады не дамовіліся. British American Tobacco (BAT) і Japan Tobacco International​ (JTI) зрабілі стаўку на Тапузідзіса. Фабрыка вырасла з гэтага супрацоўніцтва.

Тым больш што нешта прымітыўнае, без фільтра, яны ўжо і самі рабілі. Такім чынам, партнёр ужо быў, грэкі за яго паручаліся і нават дапамаглі грашыма.

Па сутнасці, заставалася падзяліцца тэхналогіямі для вырабу. Тапузідзіс звязаўся адразу з дзвюма гіганцкімі карпарацыямі. Былі месяцы, калі і тыя, і тыя ездзілі ў Мінск па чарзе», — апісвае першыя этапы росту Тапузідзіса наш суразмоўца, які 10 год працаваў у «Тытунь-Інвесце».

Сумеснае беларуска-амерыканскае прадпрыемства «Тытунь-Інвест» з’явілася ў 1997 годзе. Фабрыка з заходнім абсталяваннем адкрылася ў 2001-м. Яна выпускала ўласную прадукцыю — цыгарэты «Карона» і «Форт», а таксама брэнды, правы на якія належаць BAT i JTI. З часам амерыканцы выйшлі з долі.

Даходы дзялкам, гузы — на Тапудзіса

«Сам сабою гэта бізнэс не вельмі высокамаржынальны, як бы каму ні здавалася. Тут сэнс у тым, што зарабіць яму дапамаглі абставіны і штармавыя адносіны Беларусі з Расіяй», — апісвае прычыны далейшай удачы іншы наш суразмоўца.

«Калі звярнуць увагу, то толькі пасля 2020 года пайшло актыўнае зрошчванне з Расіяй і павышэнне ў нас акцызаў на тытунь і алкаголь. Раней іх не падымалі, гэта было вечнае пытанне на перамовах — адно з нешматлікага, што Расія прасіла ў Беларусі», — тлумачыць былы супрацоўнік «Тытунь-Інвеста».

Павел Тапузідзіс у акулярах. Фота: TUT.by

Павел Тапузідзіс у акулярах. Фота: TUT.by

Граніцы паміж дзяржавамі няма. Вось і атрымліваўся такі дзівосны win-win-win: дзяржава выдае празмерныя квоты; Тапузідзіс робіць грошы на аб’ёме; карпарацыі, які атрымаюць з аб’ёмаў, таксама ўсім задаволены і не пікнуць; набліжаныя да Лукашэнкі дзялкі гоняць гэта на продаж у Расію і нажываюцца.

«Кантрабанда — вар’яцкія прыбыткі, але я не назіраю, каб яны асядалі ў Тапузідзіса, — лічыць былы супрацоўнік «Тытунь-Інвеста». — Тут таксама трэба разумець, як уладкаваная сістэма. Фабрыка робіць адносна танныя цыгарэты і зарабляе на аб’ёме, але вось каму яна іх будзе адгружаць? Хто іх павязе далей і заробіць на дэльце цэнаў з Расіяй? Гэта ўжо пытанне часта палітычнае і схаванае ад грамадства.

Бо фактычна ёсць цэлая праслойка схаваных ад вачэй дзялкоў (апошнім часам — членаў хакейных каманд малодшых Лукашэнкаў), якія і зарабляюць на розніцы цэнаў. А ўсе гузы падаюць на Тапузідзіса.

Права ўзяць цыгарэты на заводзе — гэта прэмія для набліжаных з часоў, калі замацавалася ўлада сям’і, калі патрабаванням стала немагчыма адмаўляць», — лічыць былы працаўнік «Тытунь-Інвеста».

Віктар Пятровіч — адзін з самых эфектыўных менеджараў у краіне

Як Тапузідзіс пазнаёміўся са сваім партнёрам Віктарам Пятровічам, нам дакладна невядома. Але мяркуючы па выпісках аб месцах працы з базаў «Белпола», ужо з 1994 года Пятровіч працаваў разам з Тапузідзісам. Больш гэтая пара не разыдзецца. Пятровіч на 8 год маладзейшы за Тапузідзіса, цяпер яму 59 гадоў. 

Віктара Пятровіча тыя, хто з ім перасякаўся, апісваюць як інтраверта, які цяжка сыходзіцца з людзьмі. Але пры гэтым геніяльнага ўпраўленца.

Дакладна вядома, што большую частку жыцця кампаніі «Тытунь-Інвест» аперацыйным кіраваннем займаецца менавіта Пятровіч, прычым ён адказвае за рознапланавыя праекты. А за Тапузідзісам — вызначэнне стратэгіі і камунікацыя. У парафію Пятровіча ён не лезе.

Віктар Пятровіч, фота з сістэмы «Пашпарт». 

Віктар Пятровіч, фота з сістэмы «Пашпарт». 

Забаўна, але Пятровіч хоць і абсалютна непублічны, жыве амаль на публіцы — яму належыць той самы дом з белай цэглы на паркоўцы «Кароны» на Кальварыйскай, якая адкрылася ў 2006-м.

Дом у дзіўным месцы — пасярод паркоўкі «Кароны» на Кальварыйскай — належыць мультымільянеру Віктару Пятровічу. Скрыншот з Яндэкс Панарамы

Дом у дзіўным месцы — пасярод паркоўкі «Кароны» на Кальварыйскай — належыць мультымільянеру Віктару Пятровічу. Скрыншот з Яндэкс Панарамы

Яго здольнасці спатрэбіліся і раскрыліся тады, калі быў сфарміраваны першасны капітал кампаніі, зароблены на тытуні. Пашырацца ім не давалі, прыходзілася выбіраць, у што інвеставаць далей.

«Пятровіч — адзін з самых эфектыўных менеджараў у краіне. Уся аперацыйная частка бізнэсаў на ім. І ўсё, што ён робіць, арганізавана вельмі добра. Ну вось тая ж «Карона» — каб з нуля зрабіць такі праект, трэба быць выбітным арганізатарам.

[Загарадны клуб] «Робінсан Клаб» — не ведаю, наколькі там бізнэс прыбытковы, але ён жывы. Тытунёвая фабрыка, будаўніцтва, харчаванне… Гэта прадстаўнік таго рэдкага тыпу менеджараў, якія могуць весці самыя рознапланавыя бізнэсы, і ўсё ў іх удаецца. Ну, можа толькі продаж тэхнікі не ўзляцеў», — дае характарыстыку Пятровічу адзін з вядомых беларускіх банкіраў.

«Робінсан Клаб» на Мінскім моры — уласнасць «Тытунь-Інвеста». Клуб названы ў гонар маркі любімага верталёта Пятровіча, Robinson. Раней там была верталётная пляцоўка, якую пашырылі да рэстаранна-адпачынкавага комплекса. Сам верталёт, дарэчы, разбіўся. Фота: robins.by

«Робінсан Клаб» на Мінскім моры — уласнасць «Тытунь-Інвеста». Клуб названы ў гонар маркі любімага верталёта Пятровіча, Robinson. Раней там была верталётная пляцоўка, якую пашырылі да рэстаранна-адпачынкавага комплекса. Сам верталёт, дарэчы, разбіўся. Фота: robins.by

«Карона» — арыенцір для галіны

«Вядома, тое, што пачатак капіталу Тапузідзіса з Пятровічам зроблены на цыгарэтным бізнэсе, іх не ўпрыгожвае. Але калі глядзець на тое, куды яны прыйшлі ў выніку… Зрабілі Мінск іншым. Цэлая вялікая галіна бізнэсу — рытэйл, — стала раўняцца на «Карону», якая паказвала, у якім кірунку павінен рухацца гандаль, што такое па-сапраўднаму добрая крама.

У Маскве такія ўжо былі, у Рызе былі, а ў Мінску не было.

Не Чыж («Прастор» — «НН») зрабіў перадавую краму, не Васілько («Еўраопт» — «НН»), а Тапузідзіс з Пятровічам усім паказалі. У прынцыпе, у нашых шыротах дзяржаву заўсёды вялі наперад не цары, а Строганавы. І вось для мяне Павел Георгіевіч — гэта перадусім такі сапраўдны купец, які спрыяе развіццю бізнэсу, а праз яго — грамадства і краіны. Ён пашырае цывілізацыйнае поле», — апісвае ўзыход «Кароны» ветэран мінскага бізнэсу.

Па-менеджарску цікава, як вырасталі «Кароны». Тады ў рытэйл спрабавалі ўлезці ўсе, у каго з’явіліся грошы — ніякіх унікальных бар’ераў для ўваходу ў сеткавы гандаль няма, патрэбныя толькі фінансы і экспертыза.

Чытайце таксама: «Чаму клёцкі даражэйшыя за сушы? Што, твае бацькі сушы елі?!» Павел Тапузідзіс пра біткойны, беларускую мову і мачанку

«І яны, хоць і з аглядкамі, усё рабілі самі. А не як многія: выпішам сабе менеджараў з Расіі, якія нам наладзяць працэсы, усё запрацуе, а мы будзем грушы збіваць і лічыць грошы.

Першая «Карона» на Кальварыйскай. Побач з ёй жыве Пятровіч. 

Першая «Карона» на Кальварыйскай. Побач з ёй жыве Пятровіч. 

«Прастор» так рабіў, напрыклад. І нічога ў іх не выйшла. «Карона» пайшла сваёй дарогай, без варагаў, з беларусамі», — дае характарыстыку Пятровічу менеджар адной з рытэйлерскіх сетак.

«Калі толькі ўкараняўся цяпер ужо звыклы фармат гіпермаркетаў — гэта 6—8 тысяч квадратных метраў, то проста не было такіх будынкаў у краіне. І дэвелапераў, якія ўзводзяць пад патрэбы сеткі, таксама не было. Трэба было самім будаваць. А гэта рызыка — ніхто не рабіў такога. Усе глядзелі: удасца ці не ўдасца, узляціць ці не ўзляціць?», — дадае іншы суразмоўца.

Тапузідзіс — даляравы мільярдэр ці не?

У 2015 годзе Павел Тапузідзіс у размове з «Нашай Нівай» агучваў перакананне ў тым, што найбліжэйшым часам стане мільярдэрам.

Чытайце таксама: Павел Тапузідзіс: «Выдам загад і прымушу цябе любіць беларускую мову»

Ці ўдалося гэта яму? Можна паспрабаваць падлічыць.

Сёння «Тытунь-Інвест» разам са сваімі «Каронамі» — адзін з самых вялікіх па плошчах бізнэсаў у краіне. У Тапузідзіса і Пятровіча 18 гандлёвых цэнтраў па краіне, прыкладна столькі ж крам. Тытунёвая фабрыка, некалькі гатэляў, іншая камерцыйная нерухомасць. Мінскія дэвелаперы лічаць, што на дваіх Тапузідзісу і Пятровічу належаць каля 900 тысяч квадратных метраў нерухомасці па краіне, а па-сапраўднаму багатымі яны пачалі рабіцца з сярэдзіны 2010-х, калі стрэліў рытэйл.

«Думаю, іх абодвух у найлепшы час у залежнасці ад кан’юнктуры можна ацэньваць на два з паловай мільярды. У горшы час нестабільнасці, як цяпер, тэхнічна яны будуць каштаваць мільярд-паўтара. Так што сваёй мары, думаю, яны дабіліся», — ацаніў кошт бізнэсаў «Тытунь-Інвеста» наш суразмоўца з прыватнага банка.

Перапляценні з Лукашэнкам

Рытэйл і будаўніцтва ў Беларусі— гэта такія бізнэсы, у якіх няма бар’ераў для ўваходу, заняцца імі можа любы. А вось тытунёвы бізнэс — не адкрытая тэма, яна зарэгуляваная складанымі механізмамі ліцэнзій і квот.

А паколькі ў Беларусі, кажучы «дзяржава», маеш на ўвазе сям’ю Лукашэнкаў, то любы бізнэсмен, які меў з ёй адносіны, у вачах грамадства пачынаў успрымацца як асоба, блізкая да сям’я дыктатара. Часта Тапузідзіс сам даваў нагоды так думаць.

«Пабудаваць каток на 4-м паверсе было не маёй ідэяй. Гэта было, можна так сказаць, пажаданне прэзідэнта, калі ён мне ўчастак выдзяляў», — апісваў Тапузідзіс абставіны атрымання зямлі пад «Карону-Замак» насупраць Палаца Незалежнасці.

Ён жа засядаў у выбарчых камісіях на выбарах, пачынаючы з 2010 года. Участак знаходзіўся ў мінскім Сухараве. Тапузідзіс быў кіраўніком камісіі, але сам, як кажуць, умудраўся ніколі не падпісваць выніковыя пратаколы, а на адных з выбараў кандыдат «супраць усіх» атрымаў у яго нечуваныя 20%.

«Наша Ніва» некалькі разоў пісала рэпартажы і інтэрв’ю з участка, на якім старшынстваваў Тапузідзіс.

Праўда, у 2020-м ні Тапузідзіса, ні яго супрацоўнікаў у выбарчай камісіі ўжо не было. 

Для чаго бізнэсмен сядаў у камісію? Вось што пра гэта думаюць ягоныя калегі.

Павел Тапузідзіс. Фота: Belta.by

Павел Тапузідзіс. Фота: Belta.by

«У Тапузідзісе нешта жыве ад савецкага чыноўніка, яму зразумелыя ўсе гэтыя псеўдаактыўнасці. Я думаю, што ў часы СССР і пазней у яго быў вопыт засядання ў выбарчых камісіях. І што такое справядлівыя выбары, ён таксама цудоўна ведае.

Але зноў жа, realpolitik — гэта было і пытанне яго выжывання. У яго такі бізнэс, які з аднаго боку заўсёды трэба абараняць ад дзяржавы, з іншага — бізнэс цалкам ад яе залежыць.

А яшчэ і вырас моцны канкурэнт ў асобе Аляксея Алексіна, які вось ужо дакладна блізка з сям’ёй.

Тапузідзіс, на мой погляд, спрабаваў гуляць тымі ж картамі, хаця б каб паказаць, што «я таксама не дысідэнт», калі Лукашэнка раптам спытае характарыстыку на яго, каб вырашыць лёс. А тое, што Алексін носіць [дыскрэдытуючыя Тапузідзіса паперы] — я не сумняюся. Яны не размаўляюць паміж сабой», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў.

«У свіце старэйшага Лукашэнкі Тапузідзіса ніколі не было, у першае кола ён не ўваходзіў. Думаю, і сам не імкнуўся, і пры двары яго не да канца разумелі — усходні чалавек, іншай пароды, не нейкі там Чыж», — лічыць ён.

«Алексін — гэта Віктар, Тапузідзіс — гэта Дзмітрый»

Але ў лёсавызначальныя для бізнэсу перыяды ў яго здараліся моманты блізкасці з Дзмітрыем Лукашэнкам, з якім ён сышоўся на глебе фінансавання Прэзідэнцкага спартовага клуба. Арганізавана гэта так, што з 2% абавязковага падатку на нерухомасць ты афіцыйна, па сваім выбары, можаш палову плаціць не ў бюджэт, а на спорт. І Тапузідзіс, канечне, выбраў правільнага адрасата для плацяжоў.

«Гэта заклала падмуркі адносін, а Дзмітрый да таго ж убачыў у Тапузідзісе неардынарнага суразмоўцу, таму што Павел Георгіевіч сапраўды вельмі цікавы чалавек і нават, я б сказаў, мудры. Ведае экзатычныя мовы, прыяцельствуе з усходнімі бізнэсменамі. У Беларусі больш такіх фігур няма», — мяркуе значны мінскі бізнэсмен, які пасля крымінальнай справы і кароткай адседкі выехаў жыць за мяжу.

«Я думаю, перыядычна яму трэба актыўней падтрымліваць адносіны з Дзмітрыем, таму што ж сітуацыя якая: у Віктара Лукашэнкі ёсць свой тытунёвы фаварыт у выглядзе Алексіна. І яны вельмі актыўна спрабуюць зняць Тапузідзіса з дошкі, каб Алексін застаўся манапалістам.

Адносіны з Віктарам у Паўла Георгіевіча вельмі прахалодныя, яго душаць, прымушаюць прадаць фабрыку. Я ведаю, што Алексін некалькі разоў спрабаваў купіць завод па дысконтнай цане. Тапузідзіс не здаецца і, я дапускаю, бегае да Дзмітрыя, каб здымаць пагрозу. Магчыма, з ім так гуляюцца», — дадае адзін з былых менеджараў «Тытунь-Інвеста».

Летась «Наша Ніва» паведамляла, што тытунёвы бізнэс Тапузідзіса апынуўся ў складанай сітуацыі праз кулуарныя гульні Алексіна.

«Пасля ўвядзення санкцый на калій і дрэваапрацоўку ўзнікла сітуацыя, калі кантрабанду проста няма куды «зашываць» — праз граніцу мала што едзе. […] Такім чынам з'явіліся звышаб'ёмы, якія раней ішлі на Захад. Іх цяпер трэба рэалізоўваць на ўнутраным рынку, а таксама акуратненька піхаць у Расію, якая гэта не вельмі любіць. А столькі цыгарэт на ўнутраным рынку не трэба — таму Алексін не вельмі па-джэнтльменску душыць Тапузідзіса, карыстаючыся сваім уплывам і блізкасцю да ўплывовых асоб на самым версе», — расказвалі «Нашай Ніве» суразмоўцы з дадзенай сферы. 

Чытайце таксама: Алексін душыць Тапузідзіса. І блізкі да поспеху

«Проста прыкрыць фабрыку Тапузідзіса немагчыма. Вышукваецца законны спосаб абмежаваць магчымасці канкурэнта, а ў стратэгічнай перспектыве — паставіць на калені і выкупіць.

Сэнс у тым, што і гродзенская дзяржаўная фабрыка «Нёман», і «Інтэр-Табака» Алексіна працуюць згодна з выдадзенымі квотамі. А вось у Тапузідзіса на фабрыку квотаў ужо няма і новых амаль не выдаюць.

Завод «Тытунь-Інвеста» ўжо каторы месяц прастойвае пад выглядам «мадэрнізацыі і рамонту», а па факце — стаіць, бо не выдаюць квот», — расказалі абазнаныя крыніцы.

«Нашай Ніве» таксама стала вядома, што Алексін адабраў у Тапузідзіса права прадаваць вырабленыя «Тытунь-Інвестам» цыгарэты ў іншыя, апроч «Кароны», сеткі. А продаж у астатнія сеткі дырэктыўна ішоў праз структуры Алексіна. 

Чытайце таксама: Крыніцы: Алексін хоча адабраць у рытэйла права прадаваць цыгарэты і цалкам забраць рынак, для гэтага пішацца асобны закон

«Так што Віктар з Алексіным яго хоць і не знялі з дошкі, але моцна падрэзалі. Думаю, Дзмітрый дапамагаў у адстойванні. Усе лічаць, што Алексін — гэта Віктар, Тапузідзіс — гэта Дзмітрый», — мяркуе наш суразмоўца з банкаўскіх колаў.

Як бізнэс у Беларусі атрымлівае ўчасткі пад забудову?

Старэйшы Лукашэнка ў даўнія часы некалькі разоў сустракаўся з Тапузідзісам. Гэта трапляла на камеры афіцыйных СМІ.

«Некалі яго Лукашэнка прымаў, Тапузідзіс тады пазіцыянаваў сябе голасам камерцыі з простымі думкамі, што не можа дзяржава быць і рэгулятарам, і ўладальнікам, што правілы для ўсіх павінны быць адны, што суды павінны нармальна разбіраць спрэчкі паміж дзяржаўнымі і прыватнымі суб'ектамі», — успамінае суразмоўца «Нашай Нівы».

Для чаго бізнэсоўцы пагаджаюцца на такія сустрэчы ці дабіваюцца іх?

«Думаю, Тапузідзіс разглядаў гэта як унёсак у захаванне таго, што мае. Ну і імкнуўся зрабіць прыемна «Каронай» у Шклове і лядовымі коўзанкамі», — кажа чалавек, які ведае абставіны сустрэчы з Лукашэнкам, якія не паказалі па БТ.

Чытайце таксама: Тапузідзіс: Праект, які абмяркоўваўся з Лукашэнкам, будзе рэалізаваны ў Шклове

Па тэлебачанні тады прадэманстравалі, як Тапузідзіс разважае пра патрэбу ўдасканальвання гандлю ў рэгіёнах, у тым ліку ў Шклоўскім раёне.

«Тапузідзіс — гэта тыповы прадстаўнік усходняга бізнэсмена: хлебасольны, гаваркі, умее будаваць адносіны, жартуе, шмат ведае. Тое, што яго не выбілі — гэта ўжо ўменне выбудоўваць адносіны з рознымі людзьмі», — расказвае чалавек, знаёмы з ім.

Каб даць ацэнку выдзялення яму зямлі пад «Карону-Замак», трэба разумець, як усё было арганізавана тады і цяпер.

Цяпер праводзяцца аўкцыёны, бо ў народа з’явіліся грошы, інвестары гатовы між сабой спрачацца рублём. Але так было не заўсёды, усяму беларускаму бізнэсу 30 год, сфарміраванага капіталу раней не было. 

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Карона-Замак» у Мінску. Фота: Sergey_Nik_Melnik, photocentra.com

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Карона-Замак» у Мінску. Фота: Sergey_Nik_Melnik, photocentra.com

«Раней ты прыходзіш у гарвыканам або аблвыканкам, там ім абяцаеш, што пабудуеш вось гэтае, грошай прывядзеш вось столькі, працоўных месцаў будзе вось столькі. Яны не вераць у сваё шчасце — на табе ўчастак! Так працавала па ўсёй краіне.

Потым Лукашэнка адабраў у выканкамаў права выдзяляць участкі ў сталіцы і вакол яе, замкнуў на сябе. Асабліва землі сельскагаспадарчага значэння. Але прынцып захоўваўся той жа самы. Ну, толькі да праектаў ужо дадаваў па-гаспадарску нейкія свае пажаданні, напрыклад «пабудаваць каток», «спартыўны цэнтр» і гэтак далей. Для мяне гэта запомнілася менавіта так», — падзяліўся сваёй ацэнкай буйны мінскі дэвэлапер.

«Для мяне паказчык набліжанасці — гэта наяўнасць індывідуальных рашэнняў або льготаў. Калі ты працуеш па агульных правілах і разбагацеў — ты малайчына. Калі пад цябе нешта прымаецца — нюансы», — тлумачыць логіку сістэмы ён. 

Коўзанка у «Карона-Замку». Фота bestbelarus.by

Коўзанка у «Карона-Замку». Фота bestbelarus.by

Не заўсёды дэвелаперскія задумы былі рэалістычныя.

«Маса правалаў [была] у будаўніцтве жытла, Лукашэнка потым разносіў сваіх чыноўнікаў, што яны далі [ўчасткі] не падумаўшы. А купляць [зямлю] таксама не асабліва хацелі — тады не сыдзецца фінансавая мадэль. Таму калі ішоў нехта сур’ёзны, не жулік, то яму проста давалі. Гэта цяпер, калі не аўкцыён, а выдзяленне зямлі — ужо маса пытанняў. А тады, уявіце, Лукашэнка будуе рэзідэнцыю. Што павінна быць насупраць? Пустыр? Панэлькі? А іншага тады не будавалі. І тут знаходзіцца чалавек, гатовы пабудаваць пампезны і самы вялікі ў гісторыі Беларусі гандлёвы цэнтр. Вось і разгадка», — так тлумачыць суразмоўца «Нашай Нівы» з банкаўскай сферы, якім чынам Тапузідзіс атрымаў участак пад «Карону-Замак».

Як Тапузідзіс трапіў пад санкцыі

Ва ўмовах дыктатуры бізнэсменам няма дзе выказвацца, таму меркаванне пра іх фарміруюць тыя, каму гаварыць можна — пераважна палітычная эміграцыя. Вось і Тапузідзіс у многім стаў ахвярай сваёй закрытасці. 

Два гады таму журналісты знайшлі праз базы «Кіберпартызанаў» вылет Тапузідзіса на грэцкі курорт у кампаніі сям’і Дзмітрыя Лукашэнкі і дапоўнілі гэта сведчаннямі Аляксандра Грачышнікава — чалавека, які ў 2020 годзе падаваў дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты як прыхільнік Міколы Статкевіча і сутыкнуўся з палітычнымі рэпрэсіямі, трапляў на суткі Акрэсціна.

Грачышнікаў казаў, што асабіста сядзеў за сталом з Тапузідзісам і чуў, як бізнэсмен хваліўся, што асабіста вынайшаў схему кантрабанды цыгарэт. 

Але вось які нюанс. Аляксандр Грачышнікаў, які прэзентуе сябе бізнэсменам, знаёмым з Тапузідзісам, у рэальнасці дзіўны персанаж, якога неаднаразова лавілі на хлусні. Ён фальсіфікаваў сваю біяграфію, спрабуючы назбіраць сабе данатаў праз «Байсол».

Ён называў сябе журналістам «Детективной газеты ХХІ век» — такая газета рэрайтаў ёсць, але, згодна з выпіскамі з баз «Белпола», Грачышнікаў там, прынамсі афіцыйна, не працаваў. У Беларусі Грачышнікаў прадстаўляўся даішнікам, супрацоўнікам Міністэрства юстыцыі (няпраўда), работнікам «Таварыства сацыяльнай абароны супрацоўнікаў АУС» (такога не існуе ў прыродзе) і гэтак далей. 

У 1998 годзе яго судзілі за незаконнае нашэнне халоднай зброі, у 2019-м завялі крымінальную справу за злоўжыванне даверам і прысваенне $60 тысяч. З сярэдзіны 2021 года ён у вышуку ў Беларусі за нібыта хуліганства.

Аляксандр Грачышнікаў, скрыншот «Белсат». 

Аляксандр Грачышнікаў, скрыншот «Белсат». 

У розных месцах Грачышнікаў расказваў каардынальна рознае пра абставіны свайго ад'езду з Беларусі. У адным месцы — што яго з сутак у 2020-м павезлі на вобшук, але ён уцёк. У іншым — што хаваўся ў Беларусі разам з сям’ёй і здолеў выехаць толькі падчас пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам у маі 2021 года, калі, маўляў, пагранічнікам было не да яго.

Ён свяціў у кадры падробнымі «ксівамі» КДБ і іншых дзяржаўных органаў. Хлусіў пра час і абставіны заведзеных на яго крымінальных спраў.

Ці мог такі чалавек быць блізкім з адным з самых багатых — і самых закрытых — людзей краіны? Адназначна, не.

Але гэты фрагмент, магчыма, меў вызначальнае значэнне для бізнэс-лёсаў Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча, таму мы засяродзілі на ім увагу.

Ацэнка і эфект ад санкцый

Чаму ўвялі санкцыі менавіта цяпер? Амерыканцы прымеркавалі іх пад сесію «Стратэгічнага дыялогу» з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў Вашынгтоне.

Як гэты жэст ацэньваюць беларускія бізнэсоўцы і да якіх практычных наступстваў ён прывядзе?

«Тое, што цыгарэты заходніх брэндаў перастануць вырабляць на «Тытунь-Інвесце», — гэта факт. Але цыгарэты не знікнуць, а зменяць назвы. Алексін жа даўно пад санкцыямі — і працуе неяк. Калі разважаць пра рытэйл, то ў іх шмат імпарту. Вядома, што паліцы не апусцеюць, вазіцца ўсё працягне. Але, магчыма, у іншых сетак будзе канкурэнтная перавага, бо «Кароне» прыдзецца даплочваць пасярэднікам», — лічыць беларускі банкір.

«Тэарэтычна ў мабільнасці гэта Тапузідзіса можа абмежаваць, калі ён лётаў у Амерыку. Але для Тапузідзіса на Мінскае мора з’ездзіць — ужо падзея. Не трэба забываць, ён ужо без усмешкі заглядвае ў пашпарт. Каб атрымаць задавальненне ад жыцця, колькі яго засталося, ужо неабавязкова лятаць у Амерыку.

А як чалавек, народжаны на Каўказе, Павел Георгіевіч больш звычайнага любіць жанчын, асабліва маладых. А ў гэтай частцы ў нас поўнае імпартазамяшчэнне, гэтага не адбяруць. Ягоны партфель, набіты нерухомасцю — таксама.

А еўрапейскіх санкцый, верагодна, не дапусціць Грэцыя. 

Але, усё ж, я думаю, ён не хацеў, каб такой была ацэнка ягонай дзейнасці. Для яго гэта крыўдна», — дадае мінскі дэвэлапер.

У адрозненне ад прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, тыя прадстаўнікі беларускага бізнэсу, якія выехалі ў краіны Еўрасаюза і з якімі гаварыла «Наша Ніва», негатыўна ацэньваюць уключэнне кіраўнікоў «Тытунь-Інвеста» ў санкцыйныя спісы.

«У нас не Англія і не Амерыка. Усяму беларускаму бізнэсу, па сутнасці, тры дзясяткі гадоў. І ўсе гэтыя гады мы жывём пры адной уладзе, якая падпарадкавала сабе ўсе формы жыцця. Не судакранацца з ёй, калі ты вырастаеш у нейкую вялікую фігуру — немагчыма. Не гуляць па іхніх правілах — немагчыма. Нельга меркаваць, што любы, хто разбагацеў за гэтыя 30 год, мярзотнік і кашалёк Лукашэнкі. А іншыя былі, каб пры іх разбагацець?», — сказаў «Нашай Ніве» мінскі бізнэсовец.

Арэндныя плошчы «Кароны», імаверна, самыя вялікія з прыватных у краіне. Фота: megapolis-real.by

Арэндныя плошчы «Кароны», імаверна, самыя вялікія з прыватных у краіне. Фота: megapolis-real.by

З Мінска нам напісалі, што ў асобных кампаніях з заходнім капіталам, якія арандуюць памяшканні ў «Каронах», прайшлі нарады на тэму, што рабіць далей, каб не трапіць пад другасныя амерыканскія санкцыі.

«У мяне некалькі крам у «Каронах» і пару дзясяткаў супрацоўнікаў — частка з іх мае артыкул 23.34, — але я нікуды дакладна пераязджаць не буду. Іншых такіх месцаў для арэнды я не знайду, прасцей увогуле закрыцца. І па-філасофску мне цікава: атрымліваецца, гэта нас амерыканцы цяпер зрабілі бандытамі толькі таму, што мы здымаем памяшканні ў «Тытунь-Інвеста»?», — сказаў «Нашай Ніве» мінскі прадпрымальнік.

Для яго Тапузідзіс не табу, хоць сам прадпрымальнік адназначна падтрымлівае рух супраць дыктатуры.

Тапузідзіс і Чыж: адрозненні 

«Ці мог бы Тапузідзіс з Пятровічам разрасціся без цыгарэтнага бізнэсу? Наўрад ці. Але зладзействаў яны як бізнэсмены, я лічу, не рабілі.

Тапузідзіс для многіх беларускіх прадпрымальнікаў — хросны бацька. Не толькі ў тым сэнсе, што носьбіт бізнэс-мудрасці, а чалавек, які ў цяжкую хвіліну грашыма дапамагаў людзям захаваць свае справы, выжыць у крызісы. Яго паважаюць за прыстойнасць: нікога не зруйнаваў — хаця мог бы, нікога не пасадзіў у турму.

Гэта не Шакуцін, не Чыж, не Баскаў. Гэта чалавек іншай культуры, які з вышыні сваіх гадоў, вопыту і грошай мог бы даўно забыць пра субардынацыю, але будзе гаварыць на «вы» нават з тымі людзьмі, чый лёс ён можа вырашыць у імгненне. Прыбіральшчыцы ў «Кароне» скажа «вы». Гэта падкупляе.

Ён стварыў рэальныя рэчы, якія ёсць і нікуды не дзенуцца. А што пабудаваў той жа Чыж? Алексін? Чым яны займаліся?

А тое, што Тапузідзісу прыходзілася ісці на кампрамісы… А давайце пашукаем, калі зменіцца ўлада, тых, каму не прыходзілася», — падагульніў чалавек камерцыйных колаў. 

Калі вам важнае тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас капейкай праз Патрэон. Дзякуючы гэтаму, мы зможам больш.

Чытайце таксама:

Быў Элькінд, стаў Скітаў. Гісторыя дырэктара «Бабушкінай крынкі» і закуліссе імперыі кіраўніцтва спраў Лукашэнкі

Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Верабей трапіў у прыцэл сілавых структур

«Знялі з яго няслаба». Банкруцтва пагражае «Востраву чысціні»

Клас
74
Панылы сорам
19
Ха-ха
18
Ого
16
Сумна
29
Абуральна
53