Мікіта Траццякевіч на ўласным матацыкле. Фота з архіву Мікіты

Мікіта Траццякевіч на ўласным матацыкле. Фота з архіву Мікіты

Былога палітвязня Мікіту Траццякевіча затрымалі па «справе байкераў» восенню 2020 года пасля таго, як ён з паплечнікамі падчас мотапрабега не даў невядомым схапіць іншага байкера. Людзі ў цывільным утрымлівалі матацыкліста ў машыне без апазнавальных знакаў. Мікіта з калегамі ўратавалі яго ад выкрадання. За гэта былога палітвязня разам з іншымі двума байкерамі абвінавацілі ў гвалце над міліцыянтамі (арт. 364 КК) і асудзілі на тры гады калоніі. Мужчына цалкам адбыў тэрмін і з'ехаў з краіны.

«Чорная фарба і хром». Байкерскі бэкграўнд

Мікіта з задавальненнем распавядае пра байкерскі досвед і з асаблівай цеплынёй апісвае свой круізёр.

«У 2018 годзе я набыў сабе матацыкл Круізёр Ямаха xvs 650. Вялікі і бліскучы, чорная фарба і хром. А спераду ля абцякальніка калонкі. Гэта была мара дзяцінства. Пасля набыцця я зразумеў, што шчасце існуе. Мне вельмі падабалася адчуваць вецер у твар.

Я зразумеў, што ў Мінску дастаткова разрозненая байкерская суполка. Ёсць шмат матацыклістаў, асобных дробных клубаў, індывідуалаў. Але ўсе самі па сабе. Я зрабіў інтэрнэт-суполку для ўсіх байкераў з карыснай інфармацыяй».

Мужчына дадае, што ў суполцы не абмяркоўвалі палітычныя тэмы, прымалі туды ўсіх, незалежна ад грамадскіх поглядаў. Нават лагатып у іх быў чырвона-зялёнага колеру.

«З Кацярынай Пытлевай пільнавалі, каб не пранеслі лішнія бюлетэні»

На ўчастку для галасавання ў Грушаўцы, дзе быў прыпісаны Мікіта, на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе большасць прагаласавала за Ціханоўскую, распавядае мужчына.

«Там я пазнаёміўся з Кацяй Пытлевай, якая ў маім дзяцінстве ў тэлевізары расказвала пра музыку. І вось яна стаіць са мною побач і мы разам чакаем вынікаў выбараў. Мы з ёй стаялі з тыльнага боку будынка ўчастка і пільнавалі, каб ніхто не пранёс лішнія бюлетэні. Недзе а 22 гадзіне мы пачулі з-за будынка гучны крык «Ура!!!». Так мы зразумелі, што Ціханоўская перамагла на нашым участку. Людзі радасна абдымаліся і плакалі».

«Адмудохалі проста на матацыкле»

Пасля падліку галасоў мужчына паехаў у цэнтр горада, як ён казаў, святкаваць перамогу, і там сутыкнуўся з гвалтам сілавікоў.

«Я даехаў да Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе, дзе мяне адмудохалі проста на матацыкле. Разбілі мне візар на шлеме. На ім жа пазней я налічыў сем слядоў ад дручка.

У пэўны час шэраг амапаўцаў пачаў набліжацца да пратэстоўцаў. Я вырашыў матацыклам перагарадзіць ім шлях. Гэта, канешне ж, не дапамагло».

Хваля шчытоў амапаўцаў дайшла да Мікіты і прайшла скрозь яго.

«Нейкім цудам мяне тады не затрымалі. Я сеў на матацыкл і мяне яшчэ дабівалі сядзячага на ім. Удары дручком сыпаліся па ўсім целе: па шлеме, спіне, рэбрах. Ад моцных траўмаў мяне ўратавала толькі байкерская экіпіроўка. Рукі пасля ўдараў млелі і былі нібы каменныя. Было вельмі страшна. Тады я зразумеў, што навокал адбываецца штосьці не тое. Нібы і сумленна падлічылі, а ўсё роўна адлупцавалі».

Першыя пратэсныя мотапрабегі

Тады мужчына ўсвядоміў, што трэба пратэставаць і вырашыў ладзіць мотапрабегі. Першы адбыўся ў найбліжэйшую суботу пачынаючы ад Кургана Славы.

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

Заезды байкераў ладзіліся кожную суботу на працягу некалькіх месяцаў.

«Я абраў суботу, каб нашымі мотапрабегамі падбадзёрваць пратэстоўцаў напярэдадні нядзельных маршаў».

Але з кожным разам арганізоўваць сустрэчы станавілася ўсё складаней. Як кажа герой, гэта нагадвала гульню «казакі-разбойнікі». Машыны ДАІ агрэсіўна ўкліньваліся ў калону байкераў, перакрывалі скрыжаванні і мянялі кірунак руху калоны. Супрацоўнікі пачалі выкарыстоўваць тактыку арышту мотатранспарту для праверкі дакументаў, распавядае Мікіта.

Месца забойства Тарайкоўскага, Новая Баравая, цэнтр. Маршрут мінскіх мотапрабегаў

«Да таго ж дзеля бяспекі ў нас адмыслова не было ніякай сувязі. Усе ўдзельнікі загадзя ведалі, што прабег будзе ў суботу, але ніхто дакладна не ведаў час і пэўнае месца збору. Мы дамаўляліся пра новыя спосабы бяспечнай камунікацыі. Прыдумлялі новыя стратэгіі перасоўвання па горадзе».

Мікіта распавядае, што ў калоне было ад 50 да 200 матацыклаў, яны перыядычна спыняліся на паркоўках, каб хвост калоны мог дагнаць галаву. Заўсёды спыняліся каля месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі метро Пушкінская. Стараліся рэгулярна заязджаць на Новую Баравую.

«Гэта было захапляльнае відовішча! Мы ўсе пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Калона гучна раве і нібы змяя паўзе па Мінску. Мінакі нам усміхаліся і махалі з узбочыны. Пасля ты прыязджаеш дамоў, у цябе звініць у вушах, але ты ўсё роўна шчаслівы», — дзеліцца ўражаннямі мужчына.

«Мы яго адбілі». Выкраданне байкера

У адну з субот, 19 верасня 2020 года, Мікіта стаў сведкам, як падчас мотапрабегу невядомыя на ягоных вачах выкрадалі байкера.

«Гэта была машына без апазнавальных знакаў з людзьмі ў цывільным, якія ўтрымлівалі ў салоне байкера. Мы не далі машыне з невядомымі з’ехаць i вызвалілі паплечніка. Памятаю тады зычны заклік Андрэя Іванюшына, з якім мы тады нават не былі знаёмыя: «Нікога не біць!». Мы адвезлі байкера ў іншае месца. Але, на жаль, гэта не дапамагло. Праз некалькі дзён яго ўсё адно знайшлі і затрымалі».

За гэта пазней Мікіту асудзілі на тры гады калоніі па артыкуле за гвалт над міліцыянтамі.

Таксама мужчына згадвае яшчэ эпізод з пераследам байкераў, калі сілавікі пэўны час палявалі на асобныя матацыклы.

«Яны падыходзілі да асобных байкаў і проста псавалі іх: рэзалі гуму на колах, а таксама сядзенні, разбівалі нам фары. Мы апавяшчалі ў чатах адно аднаго, каб не пакідалі свае байкі без нагляду. Збіралі талакою грошы на рамонт сапсаваных сілавікамі байкаў. Прадаўцы дэталяў рабілі нам зніжкі. Нягледзячы на наш пераслед, тады была моцная салідарнасць, узаемападтрымка і вельмі цёплае пачуццё адзінства».

Затрыманне

«Мяне затрымалі 3 кастрычніка на адным з мотапрабегаў. Мы тады ехалі па вуліцы Прытыцкага, наведаўшы месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага. На скрыжаванні з вуліцай Ляшчынскага два экіпажы ДАІ «выразалі» галаву калоны, у якой быў і я, і прыціснулі яе да ўзбочыны».

Мікіта адчуваў адказнасць за калону і не стаў уцякаць ад супрацоўнікаў ДАІ. Да таго ж ён не падазраваў, што супрацоўнікі ДАІ могуць яго затрымаць.

«У нас забралі дакументы, і дзесяць матацыклаў у суправаджэнні ДАІ паехалі ў Фрунзенскі РУУС. Там супрацоўнікі зрабілі вопіс нашых байкаў, а супрацоўнікі ГУБАЗіК пачалі вучыць мяне, як трэба паважаць уладу».

Мікіта дадае, што яму нанеслі пабоі, але пра іх шмат гаварыць не хоча. Дадае, што можна было вытрываць.

«На вышыні тры метры крывёй быў напісаны нумар тэлефону»

Пасля РУУСа Мікіту перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Там яго змясцілі ў так званы «стакан», маленькую часовую камеру на аднаго чалавека. Мужчына ўбачыў, як на вышыні тры з паловай метры на белай тынкоўцы крывёю быў напісаны чыйсьці нумар тэлефону.

Наступнай раніцай мужчыну перавялі ў маленькую камеру з бяздомным, ад якога вельмі дрэнна пахла, і з чалавекам з «белай гарачкай».

«У камеры не было крана з вадой. Святло не выключалі нават ноччу. Ежу прыносілі рэдка ды ў розны час. Стан быў вельмі стрэсавы».

У такіх умовах мужчына прабыў тры дні ў сваёй мотаэкіпіроўцы, якая ратавала ад холаду і цвёрдага ложка без матраса. Каб папіць і змыць за сабой у прыбіральні, трэба было падоўгу выпрошваць у прадольнага пластыкавую бутэльку з вадою, распавядае Мікіта.

Пасля ў яго адбыўся суд па скайпе.

«Мяне абвінавацілі ў масавым шэсці, хаця я ехаў на матацыкле. Гэта быў не суд, а спектакль».

Размовы з «падсадным» узніклі ў матэрыялах справы

Мікіта з адвакатам абгрунтоўвалі сваю пазіцыю, але яго ўсё роўна арыштавалі на 12 сутак.

«У мяне цягам трох сутак ледзь не паехаў дах у той камеры, а цяпер мне яшчэ на дзевяць туды ж. Тады мяне, канешне, троху падкасіла. Але на шчасце мяне перавялі з ІЧУ на ЦІП, дзе было трохі больш камфортна.

Там са мною сядзелі два хлопцы: адзін за «няправільны» каментар у інтэрнэце, а другі за тое, што падчас аднаго з маршаў разбіў камеру відэаназірання на ўваходзе ў ІЧУ на Акрэсціна. Таксама з намі ў камеры быў «падсадны», які выпытваў інфармацыю. Пазней нашыя з ім размовы ўсплылі ў матэрыялах справы як вынік аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў».

«Мужыкі, вы самі накасячылі»

Падчас адбыцця арышту Мікіту вадзілі на допыт з сілавікамі.

«У кабінеце на чацвёртым паверсе ЦІПа сядзеў супрацоўнік ГУБАЗіКа ў сінім гарнітуры. Ён пачаў мяне ўпэўніваць, што я не маю рацыі. Я яму адказаў, што яны самі накасячылі. Падчас выкрадання нашага байкера сілавікі не паказалі дакументаў і былі апранутыя не па форме. Іх лёгка было прыняць за злачынцаў. «Адбіваць» свайго — нармальная рэакцыя чалавека.

На дзіва, супрацоўнік спакойна ўспрыняў мой каментар і не стаў на мяне кідацца. Прапаноўваў мне супрацоўнічаць і прызнаць віну. Канешне, я адмовіўся, бо ніякай віны ў сваіх дзеяннях не адчуваю». 

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

15 кастрычніка ў дзень вызвалення Мікіту зноў выклікалі ў той самы кабінет і аб’явілі, што супраць яго завялі крымінальную справу.

«Гэта быў канкрэтны аблом. Я ўжо падрыхтаваўся, што вось зараз пайду дамоў і ўбачу сям’ю. Але мяне адправілі на Жодзіна», — узгадвае Мікіта.

«Я націраў сцены апельсінавай коркай, каб было чым дыхаць»

У Следчай турме ў Жодзіне Мікіта прабыў з 15 кастрычніка і да самага Новага года.

«31 снежня 2020 года мяне этапавалі ў СІЗА на Валадарку. Бо 4 студзеня ў мяне мелася быць першае судовае пасяджэнне, якое перанеслі на месяц праз праблемы са здароўем аднаго з падсудных. Ужо ў лютым нас пачалі вазіць у суд. Гэта быў будынак суда Савецкага раёна.

Судовы працэс быў проста цыркам. На першае пасяджэнне прыйшлі «пацярпелыя» губазікі. На другім яны ўжо прысутнічалі анлайн і са змененымі галасамі.

А той чалавек, якога мы тады адбілі ў сілавікоў, пасля на маім судзе сведчыў супраць мяне».

Падчас судовых пасяджэнняў Мікіта таксама ўтрымліваўся ў «стакане» плошчай метр на метр са сценамі цёмна-зялёнага колеру. На вышыні каля трох метраў знаходзіцца маленькае вакенца — адзіная крыніца святла, якое ледзь трапляе ў «стакан». Перад тварам у дзвярах знаходзіцца «вочка», праз якое супрацоўнікі назіраюць за падсуднымі. Бетонная лаўка, няма чым дыхаць і моцна смярдзіць, распавядае мужчына.

«На наступныя пасяджэнні я браў з сабою апельсінавую корку, якой націраў сцены, каб было чым дыхаць».

«Тумбачка — гэта твар вязня». Пра ціск у калоніі

Як кажа Мікіта, на вязняў ціснуць нібы ў межах закона, але насамрэч прыдзіркі супрацоўнікаў калоніі часта вельмі абсурдныя. Яны могуць прычапіцца да знешняга выгляду, за нібы нястрыжаны ці непаголены стан. Альбо за тое, што вязень не павітаўся.

Па прыездзе ў калонію вязень адразу трапляе на тры тыдні ў карантын, дзе адміністрацыя пачынае ціснуць на зняволеных.

«У час карантыну я не меў доступу да асабістых рэчаў. Мусіў штораніцы з дапамогай драўляных «прасікаў» рабіць канцік на засцеленым ложку. Трэба было строга сачыць за парадкам у тумбачцы, бо прыходзіў начальнік і казаў, што тумбачка — гэта твар вязня. Што «брытвачка мусіць ляжаць роўненька, а зубная шчотачка — перпендыкулярна». Я думаў тады, дзядзя, ты ў рангу маёра і кажаш такую бздуру». 

«Грубыя» парушэнні Мікіты

Мікіта распавядае, як супрацоўнікі калоніі беспадстаўна выпісваюць палітычным вязням парушэнні, каб дадаткова на іх націснуць і зрабіць адбыванне пакарання яшчэ больш невыносным.

«Першае маё парушэнне — гэта кніжка пад падушкай. На той момант я чытаў «Знесеныя ветрам». Другое парушэнне мне выпісалі за тое, што працаваў у прамзоне ў тапках, а не ў ботах. У мяне ў калоніі была толькі адна пара абутку. Я працаваў на дрэваапрацоўцы, пілавінне ўвесь час трапляла ў боты і пасля ў гэтых ботах немагчыма было хадзіць. То-бок, у тапках было значна камфортней і зручней».

Тады мужчына зразумеў, што мадэль калоніі — гэта мадэль краіны ў мініяцюры са сваёй міліцыяй і жыхарамі, з уласнай судовай сістэмай і нават з асобнай турмой унутры турмы — штрафным ізалятарам і памяшканнем камернага тыпу. Ды са сваёй бясплатнай медыцынай (смяецца).

Непадлічаныя пакеты ў торбе — гэта парушэнне

«Цікавы прыклад. Звычайная практыка — праверка торбы з асабістымі рэчамі. У цябе мусіць быць вопіс усіх рэчаў, якія там ляжаць. Супрацоўнікі звяраюць, што ў цябе пазначана ў спісе і што рэальна ляжыць у торбе. Калі ўсё супадае па спісе, яны пытаюць, чаму ў вопісе няма самой торбы. А калі ў вопісе пазначана торба, яны зноў пытаюць, чаму не пазначаныя пакеты, у якіх ляжаць твае рэчы. Чаму ў пакеце з пакетамі не пазначана, колькі ляжыць пакетаў».

«Я лаяўся матам»

«Нас запрасілі ў актавую залу, каб у дзень сям’і паглядзець тэматычны фільм. Я не вытрымаў тады і сказаў: «Сукі, вы забралі мяне ад сям’і і цяпер будзеце казаць, што сям’я — гэта важна». Адзін з афіцэраў гэта пачуў і выпісаў мне парушэнне. Хаця яны самі заўсёды размаўляюць лаянкай».

Мікіту павялі ў кабінет намесніка начальніка калоніі па папраўчым працэсе, які загадаў мужчыну пісаць тлумачальную запіску. У гэты момант у памяшканне зайшоў зампаліт, з якім Мікіта не павітаўся, бо схіліўся над паперай. За гэта на яго зноў склалі парушэнне.

«Я не паспеў своечасова зрэагаваць і чарговая «наруха» прыляцела проста на роўным месцы».

Яшчэ два парушэнні Мікіту выпісалі за сон у ШІЗА.

«У вас сядзіць палітвязень і ён яшчэ не «злоснік»?»

Мужчына кажа, што парушэнні выпісваюць у адвольным парадку, пэўных правіл не існуе.

«Мусары» глядзяць на твае паводзіны. Калі ты ідзеш супраць іх, бычыш, усяляк пратэстуеш, тады яны могуць ужо пасля трэцяга парушэння адправіць цябе ў ПКТ.

Таксама супрацоўнікам важна, каб з моманту парушэнняў не прайшоў год, бо пасля яны «згараюць», ты «абнуляешся» і адміністрацыі трэба здымаць з цябе статус злоснага парушальніка. Начальнік калоніі абавязкова спытае падначаленага, маўляў, як так, у іх сядзіць палітвязень і ён не мае статусу злоснага парушальніка».

Рэспіратары і пальчаткі выдавалі толькі на час праверкі. Прамзона

Праца на прамзоне вялася пазменна: тыдзень у першую, тыдзень — у другую змену. Але кожны аўторак тых, хто стаіць на прафуліку, выводзілі на дадатковыя працы.

«Першыя паўтара года я працаваў на дрэваапрацоўцы. Пасля мяне перавялі на металаапрацоўку — даставаць метал з кабеляў. Там было вельмі брудна, пыльна. Каб спрасціць працу тым «абраным», хто супрацоўнічае з адміністрацыяй калоніі, там з дапамогай станкоў распільваюць аплётку кабеляў, якая пачынае гарэць і дыміць. А ты ўсім гэтым дыхаеш».

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

Мужчына кажа, што рэспіратары, пальчаткі і акуляры выдавалі толькі тады, калі ў калонію прыязджалі з праверкамі. Па-за праверкамі вязень мусіць карыстацца ўласнымі сродкамі абароны, у тым ліку і абуткам. Да таго ж абутак вельмі складана ўзгадніць з адміністрацыяй, бо дазваляецца выкарыстоўваць толькі пэўную яго мадэль.

«На дрэваапрацоўцы ў пэўны час сталі вырабляць лучыну для распальвання каміна. Каб больш яе прадаць, нам сталі моцна завышаць працоўную норму. Спачатку было 20 пакецікаў лучыны, потым сталі патрабаваць 40. Аднойчы трэба было зрабіць аж 75 пакецікаў.

Дзесьці праз паўгода мы ў прамзоне назіраем гару ў чатыры метры і шырынёй метраў з 20 з мяшэчкаў з лучынай. Яе так ніхто і не купіў».

«Гэта людзі знішчэння, а не стварэння»

Мікіта расказаў, як з дарагой драўніны высокай якасці на прамзоне выраблялі паддоны для прадукцыі завода «Гомельшкло». Фура адвозіла гэтую прадукцыю на склады завода, дзе вырабы ляжалі некалькі месяцаў у марным чаканні пакупнікоў, пакуль не дасягалі стану некандыцыі. Пасля паддоны, усе ў цвілі і дэфармаваныя, вярталі туды, дзе іх вырабілі. Палітвязні іх разбіралі і пускалі на гаспадарчыя патрэбы, у тым ліку і на лучыну.

«Я не ведаю, як так адбываецца. Гэта людзі знішчэння, а не стварэння. Да зняволення я працаваў у кампаніі, дзе ўсе любілі сваю працу. А ў калоніі на прамзоне рабочыя ўсяляк ухілялілі ад працы і ўвогуле не хацелі нічога рабіць. Я шчыра здзіўляўся, чаму ў іх такое стаўленне да працы, пакуль не атрымаў свой першы заробак — 27 капеек за месяц — і ўсё зразумеў».

Тады мужчына таксама пачаў паступова ўхіляцца ад працы, бо такая вялікая працоўная нагрузка за такія мізэрныя грошы была несправядлівай.

Як Мікіта спраўляўся з цяжкасцямі зняволення

Мужчына кажа, што ён аптыміст і да суду ўспрымаў сваю гісторыю зняволення як квэст або гульню.

«Мне было нават цікава, бо я патрапіў у зусім іншы свет са сваімі законамі, традыцыямі і правіламі. Нават міжкамерная сувязь была своеасаблівай гульнёй».

Калі Мікіту агучылі прысуд у тры гады калоніі, у яго наступіла дэпрэсія, ён шмат чытаў, каб не думаць пра гэта.

«Адначасова я ўсведамляў, што якім бы доўгім ні быў мой тэрмін, у мяне ёсць жонка і дзіця, якія мяне чакаюць на волі. Наперадзе яшчэ доўгае жыццё. Таму я імкнуўся захаваць у сабе ўсё лепшае. А каб не шкадаваць пра страчаны час у калоніі, трэба яго правесці максімальна карысна, наколькі гэта там магчыма».

Менеджарскі досвед Мікіты дапамог яму ў няволі. Ён падзяліў увесь час зняволення на дробныя часткі  «спрынты», кожная з якіх складала чатыры месяцы.

«Таксама я падзяліў сваё нявольніцкае жыццё на пяць кірункаў: спорт, здароўе, хобі, праца і адукацыя. Па кожным з кірункаў я ставіў доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя мэты».

«21 км па коле». Як прабегчы паўмарафон у калоніі

Ва ўмовах зняволення мужчына здолеў падрыхтавацца і прабегчы паўмарафон, што было няпростай задачай.

«Я прабег яго на спартыўнай пляцоўцы. Кола складае 330 метраў. Я зрабіў 70 колаў за 1 гадзіну і 52 хвіліны. Паводле правілаў, на спортпляцоўцы можна знаходзіцца ў сярэднім гадзіну. Таму я адмыслова абраў выходны дзень. Тады на пляцоўцы ладзяць спаборніцтвы, на якія я запісаўся як удзельнік».

Каб падрыхтавацца, Мікіта, акрамя трэніровак, чытаў падшыўкі старых часопісаў пра спорт. У перадачы яму даслалі бегавыя красоўкі.

Напісанне лістоў як тэрапеўтычная практыка

Мікіта распавядае пра напісанне лістоў не толькі як пра адзін са спосабаў камунікацыі, але і як пра важную тэрапеўтычную практыку, якая дапамагала яму ў зняволенні.

«Вельмі важна пісаць лісты на волю. Падчас гэтага працэсу ўвесь клубок думак, ад якога цяжка вызваліцца, раскладваецца на роўныя радкі. Калі я заканчваў пісаць ліст, то адчуваў у галаве прыемную спустошанасць і лёгкасць».

«Адчуваў, што проста там падохну». Пра панічную атаку ў ШІЗА

Падчас зняволення Мікіта двойчы трапляў у ШІЗА, дзе зазнаў вельмі цяжкія выпрабаванні. Агулам ён адсядзеў там 29 сутак. Першы раз яго адправілі туды на пяць сутак за тое, што мужчына дзеля зручнасці прыйшоў працаваць на прамзону ў тапках, а не ў ботах.

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

Мікіта Траццякевіч. Фота: spring96.org

У ШІЗА вязня распранаюць дагала, вяртаюць толькі майку і майткі і выдаюць так званую «робу» з тонкай сінтэтычнай тканіны, якая зусім не грэе. Вязні называюць гэтую тканіну «стекляшка». На спіне ў вязня вялікімі літарамі надпіс «ШІЗА».

«Мяне памясцілі ў камеру з вялікім акном у дзвярах, а не як звычайна, з маленькім вочкам. Гэта так званы «акварыум» — камера для суіцыднікаў. Ад пятай раніцы і да дзявятай вечара ты не робіш у ШІЗА практычна нічога. Я там адчуваў сябе як тыгр у клетцы. Тады я зразумеў дзікіх жывёл, якія бегаюць у клетцы заапарка без перапынку. Людзі ў ШІЗА робяць гэтаксама. Ты проста ўвесь час ходзіш па клетцы».

Мікіта ўзгадвае, што даўжыня камеры па дыяганалі 7,5 крокаў. Там ён правёў пяць дзён.

«Калі ты сядзіш у ШІЗА і табе зусім няма чаго рабіць, то ўзгадваюцца самыя даўнія і зацёртыя ў памяці падзеі. Ты бачыш два эпізоды з жыцця як два слайды. Пасля яны адсоўваюцца і ўсплывае новы слайд з новым даўно забытым успамінам. І так далей. Ты сядзіш і адчуваеш, як рыпіш мазгамі і як аднаўляюцца твае нейронныя сувязі».

У дзень вызвалення Мікіту не выпусцілі.

«У момант вызвалення мяне чамусьці не выпускаюць. Я разумею — штосьці не тое. Праз пару гадзінаў мяне вывелі з камеры і накіравалі ў кабінет, дзе сядзеў начальнік калоніі».

Там на Мікіту склалі новы пратакол за тое, што ён нібы спаў у ШІЗА і прызначылі яшчэ сем сутак у штрафным ізалятары.

«Тады ў мяне троху сыйшла зямля з-пад ног, але я падумаў, што раз вытрымаў пяць, то змагу адсядзець яшчэ сем сутак».

Мужчына працягваў ставіць зарубкі аб адбытых сутках. Штораніцы і ўвечары да яго прыходзіў з праверкай дзяжурны памочнік начальніка калоніі, які правяраў чысціню камеры і пільнаваў, каб па кутах не было павуціння. Мікіта чуў, што за яе могуць зноў даць суткі як за «неналежнае ўтрыманне камеры».

У ШІЗА ў вязня ўвесь час «рваны» сон. У памяшканні вельмі халодна, там можна паспаць максімум тры-чатыры гадзіны да таго моманту, пакуль не астыне цела. Пасля гэтага пачынае калаціць, распавядае мужчына. Трэба рабіць вельмі інтэнсіўную руханку, каб зноў разагрэць цела. Але нават пасля пяці сутак у ШІЗА сілаў на фізічныя практыкаванні ўжо не застаецца.

«Трэба прапацець. Зрабіць 30 прысяданняў, 30 адцісканняў. Парабіць нейкія выпады, пападцягвацца. Толькі тады ў паўнепрытомным стане ты валішся з ног і можаш паспаць наступныя тры гадзіны не зважаючы на моцны холад».

На 11-ы дзень у камеру прыйшоў начальнік атрада і сказаў, што на Мікіту склалі новы пратакол, зноў за сон у камеры. Ён жа параіў палітвязню прызнаць віну, бо тады нібы прызначаць меншы тэрмін. У выніку Мікіту пасадзілі ў ШІЗА зноў на сем сутак.

«Тады ў мяне здарылася моцная панічная атака. Я ўпаў на калені і стаў задыхацца. Бо разумеў, што мне маглі бясконца працягваць суткі. З’явілася ўсведамленне, што мяне тут могуць проста знішчыць і ім за гэта нічога не будзе.

Толькі дзякуючы ўспамінам пра сям’ю я змог вытрываць. На сённяшні дзень я разумею, што гэта быў важны досвед і ўвогуле ўсё, што нас не забівае, робіць мацнейшымі. Цяпер адчуваю, што ўжо ўсё змагу вытрываць. Але тады я думаў, што проста там падохну».

«Маё новае затрыманне — пытанне толькі часу»

Неўзабаве пасля вызвалення Мікіты зноў затрымалі яго паплечніка, байкера Андрэя Іванюшына, які толькі нядаўна вызваліўся, адбыўшы 2,5 года ў калоніі.

«Я тады якраз падаў дакументы на новы пашпарт, які мусіў быць гатовы толькі праз тыдзень. І тут я дазнаюся пра новае затрыманне Іванюшына. Гэта мяне вельмі знервавала».

Мікіта мусіў штотыдзень адзначацца ў РУУСе. Там жа яму паставілі адзнаку, што ён невыязны. Іншы палітвязень, які вызваліўся раней за мужчыну і быў асуджаны па такім самым артыкуле, што і Мікіта, адзначаўся ў іншым РУУСе і ўсяго толькі раз на два месяцы. Да таго ж ён не меў невыязнога статусу. Таму Мікіта падаў заяву на перавод у іншы РУУС.

«Я разумеў, што раз узялі Іванюшына, то маё затрыманне — пытанне часу. Праз пару дзён мне тэлефануюць з РУУСа і просяць прыйсці перапісаць заяву аб пераводзе, бо старую нібы згубілі. На званок адказала жонка, якая сказала, што мяне нібы няма дома. Пасля званка мы адразу пачалі збіраць мае рэчы. Я з’ехаў з дому і змяніў мабільны тэлефон. Пакуль чакаў пашпарт, у мяне штодзень была параноя і развіўся нервовы цік».

«Я развітаўся назаўсёды з ракою, домам, дрэвамі»

Мікіта з жонкай спрабавалі вылецець у Грузію праз Расію, але праз абмежаванне на выезд яго развярнулі ў расійскім аэрапорце. Мікіта вярнуўся ў Беларусь і залёг на лецішчы.

«Я разумею, што зноў вярнуўся на лецішча, з якім ужо развітаўся фактычна назаўсёды: з ракою, з домам, з фруктовымі дрэвамі. У мяне ў той момант проста пачаў «ехаць дах». Каб неяк адцягнуцца, я збіраў восеньскія яблыкі і касіў газон. Я мяне не было такога адчування ані ў карцары, ані ў калоніі».

Мікіта Траццякевіч у Варшаве на акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Фота: spring96.org

Мікіта Траццякевіч у Варшаве на акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Фота: spring96.org

У выніку Мікіту з жонкаю і дзіцём атрымалася выехаць з Беларусі і цяпер яны ў бяспечным месцы ў Іспаніі.

На новым месцы сям’я ўдзельнічае ў дзяржаўнай праграме адаптацыі бежанцаў і вядзе тэматычны тэлеграм-блог «Бежанцы ў Гішпаніі», у якім распавядае пра цяжкасці і спосабы іх пераадолення.

Чытайце таксама:

«Невядома, што з ім і ці жывы ён увогуле». Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека патрабуе спыніць катаванні Максіма Знака

«Крэўныя спадчыннікі энкавэдыстаў з 30-х прыпаднялі вечка труны мінулага і маршыруюць па сённяшняй Беларусі»

«Каронкі для зубоў вязні рабілі самі». Эксперты расказалі пра турэмную медыцыну ў Беларусі

«Сказала, што нават год за кратамі можна параўнаць са смяротным прысудам». Як пенсіянерка апынулася за кратамі за палітыку

Клас
19
Панылы сорам
3
Ха-ха
7
Ого
8
Сумна
25
Абуральна
20