Пра знікненне мужчыны выданню расказала Юліяна, блізкая знаёмая беларуса.

— Вацлаў жыве ў Сочы ўжо пяць гадоў. Ён рыхтаваўся адправіцца ў кругасветнае падарожжа наступным летам, а пакуль выпрабоўваў лодку і жыў у ёй — яна была афіцыйна зарэгістраваная ў памежнікаў пад бартавым нумарам.

Па словах суразмоўцы, сябры неаднаразова прапаноўвалі мужчыну пераехаць зімой на сушу і нават знайшлі прыдатны варыянт, але не паспелі.

— Яму далі ключы ад вольнай хаткі, але ён усё роўна паехаў начаваць у сваю лодку. У ноч з 26 на 27 лістапада Вацлаў перастаў выходзіць на сувязь, у сеціве з тых часоў не быў. А ў тую ноч у Сочы якраз бушаваў шторм страшнай сілы. На наступны дзень сябры прыязджалі да таго месца, дзе была лодка. Убачылі толькі ніжнюю частку асноўнай лодкі, на якой ён збіраўся адплыць у падарожжа, і абломкі двух іншых. Мы мяркуем, што лодку сарвала з якара і занесла ў мора.

Аб планах беларуса на кругасветку стала вядома яшчэ ў 2016 годзе. Тады ён пабудаваў сваю першую самаробную лодку — плыт з падручных матэрыялаў — і адплыў на ёй з Адэсы ў Паўднёвую Амерыку. Праўда, першае вандраванне доўжылася нядоўга. Праз сем дзён беларуса затрымала марская паліцыя Румыніі. Мужчыну дэпартавалі, лодку канфіскавалі, але Вацлаў не развітаўся са сваёй марай. Ён пераехаў у Сочы і апошнія некалькі гадоў рыхтаваўся да новай вандроўкі.

Па словах сяброў Вацлава, зараз ён лічыцца зніклым без вестак.

— Гэта чалавек свету, найдабрэйшы, але дзівакаваты — вось такая ў яго была незвычайная мара, — кажа Юліяна.

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
18
Абуральна
1