Алесь «Ювелір». Фота: архіў Алеся 

Алесь «Ювелір». Фота: архіў Алеся 

Прастрэлілі дзве нагі і пацэлілі ў спіну

Алесь цяпер збірае дапамогу. Ён прабыў на фронце 18 месяцаў. Ён ваяваў у складзе добраахвотніцкага падраздзялення «Пагоня», а затым перайшоў у Другі замежны легіён. Яго пабрацімы — пераважна грузіны. Ваююць у легіёне і некалькі дзясяткаў беларусаў. Камандуюць падраздзяленнем афіцэры-ўкраінцы.

Раней на пытанне «чаму выправіўся на вайну» Алесь вынаходзіў пафасныя фармулёўкі, маўляў, «каб адстаяць свабоду». Цяпер жа, зведаўшы мяжу паміж жыццём і смерцю, адказвае не мудрагеліста.

«Ва Украіну адправіўся, бо не ведаў, што рабіць на радзіме, — гаворыць добраахвотнік. — Сядзець у Беларусі і наракаць, што вакол свалата, я не мог. Вырашыў паехаць на вайну і хоць чымсьці дапамагчы ўкраінцам».

Алеся параніла пад Ліманам (горад на Данеччыне) 5 жніўня падчас выканання баявога задання. Яму з саслужыўцам, таксама беларусам з пазыўным «Мінск», наказалі разведаць сітуацыю ля пазіцый расійскіх войск. Непадалёк ад варожых акопаў хлопцы трапілі пад абстрэл.

Алесю аскепак міны трапіў у спіну, а затым аўтаматныя кулі пацэлілі ў дзве нагі. «Мінск» хацеў дапамагчы сябру, але выцягнуць яго з-пад страляніны не змог. Неўзабаве яго самаго параніла ў нагу і ён памёр ад страты крыві.

«Я быў увесь пакоцаны, — апавядае Алесь, — Каля гадзіны ляжаў побач з расійскімі пазіцыямі. Каб не выкрыць сваю хованку, па іх не страляў з аўтамата, а кідаў гранаты. Ісці не мог. Губляў прытомнасць. Потым з нашага боку падышлі хлопцы. Іх я пазнаў. Падняў руку. Чамусьці ў наш бок больш не стралялі. Мяне эвакуявалі без усялякіх здарэнняў».

Ліман быў вызвалены 1 кастрычніка 2022 года. У горадзе было разбурана багата дамоў, знішчаная інфраструктура. Да поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ў горадзе жыло больш за 20 тысяч чалавек. Калаж з фота: investigator.org.ua

Ліман быў вызвалены 1 кастрычніка 2022 года. У горадзе было разбурана багата дамоў, знішчаная інфраструктура. Да поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ў горадзе жыло больш за 20 тысяч чалавек. Калаж з фота: investigator.org.ua

Алесь кажа, што найцяжэйшае — губляць на вайне сяброў. За паўтара года яму давялося развітвацца са многімі.

Летась у верасні пад Бахмутам загінуў яго знаёмы з пазыўным «Жнец». Яго пахавалі ва Украіне, хоць ён хацеў «легчы ў родную зямельку». Сёлета ў сакавіку загінуў беларус з пазыўным «Маляваныч». Малады хлопец добра маляваў графіку. Саслужыўцам ён размалёўваў аўтаматы. Кожны малюнак на ім адлюстроўваў вобраз уладальніка.

Адрэзалі 9 сантыметраў косткі

Алесь кажа, што са спіны асколкам вырвала кавалак плоці. Левую нагу куля прабіла наскрозь. Гэтыя раны загаіліся. Бяда з правай нагой.

Куля пашкодзіла костку, 9 сантыметраў якой ужо адрэзалі.

«Адразалі пакрысе, бо яна гнаіцца, — апавядае мужчына. — У назе інфекцыя. Першыя два месяцы наогул нічога не маглі зрабіць. Ляжаў у рэанімацыі. Былі кепскія аналізы, а потым дыягнаставалі сепсіс, заражэнне крыві. На аперацыі пераставаў дыхаць. Штодня былі аперацыі, прыбіралі гной, зноў зашывалі. Давялося купляць лекі за свае грошы…»

(увага, ніжэй будуць жорсткія фота)

Так выглядае параненая нага Алеся «Ювеліра» пасля 4 месяцаў лячэння. Фота: архіў Алеся

Так выглядае параненая нага Алеся «Ювеліра» пасля 4 месяцаў лячэння. Фота: архіў Алеся

У Алеся няма прэтэнзій да персаналу шпіталя. У ім паважліва ставяцца да вайскоўцаў. Але ў лякарні не аказалася патрэбных яму прэпаратаў. Антыбіётыкі пасля курсу лячэння пераставалі дапамагаць з яго інфекцыяй.

«Можа, гэта звязана з асаблівасцямі майго арганізма. Напрыклад, побач ляжаў пабрацім, якому прэпараты дапамаглі. А вось у маім выпадку яны не даюць рады», — заўважае Алесь.

Большы выбар лекаў у прыватным цэнтры. У сваім звароце аб дапамозе добраахвотнік піша, што патраціў на патрэбныя антыбіётыкі 120 тысяч грывень (больш за 10 тысяч рублёў).

«Пры ўскладненні лабараторыя не змагла вызначыць інфекцыю, якая дае сепсіс, у прыватнай клініцы вызначылі хутка, але платна, — тлумачыць ён і дадае:

Я не жалюся, я хачу захаваць нагу, пакуль гэта магчыма…»

Па словах Алеся, пагроза ампутацыі нагі актуальная. У яго засталося толькі 1,5 сантыметра косткі, і калі гэты кавалачак адрэжуць, то не будзе магчымасці паставіць імплантант, каб нарасціць яе.

Алесь «Ювелір» на бальнічным ложку. Фота: архіў Алеся 

Алесь «Ювелір» на бальнічным ложку. Фота: архіў Алеся 

У тым, як забяспечаны дзяржаўны шпіталь лекамі, Алесь убачыў адгалоскі савецкай медыцыны.

«Я даўно кажу, што немагчыма стварыць натаўскую армію рукамі савецкіх афіцэраў. Гэта ў поўнай меры тычыцца і сістэмы аховы здароўя», — тлумачыць ён.

«Вайна будзе доўгай»

Добраахвотнік хоча вярнуцца на перадавую. Пытанне аднак у тым, якую вайсковую работу яму даручаць пасля цяжкага ранення з улікам таго, што ён мае амаль 50 гадоў.

Вайсковы абутак па выкананні баявога задання салдатамі. Фота: архіў Алеся 

Вайсковы абутак па выкананні баявога задання салдатамі. Фота: архіў Алеся 

Алесеў зварот угледзелі прапагандысты Лукашэнкі і Пуціна. Лукашэнкаўцаў узрадавала, што добраахвотнік «канчаткова згубіць параненую нагу і скардзіцца на мясцовую сістэму аховы здароўя». А пуцінцы зрабілі з беларуса грузіна, напісаўшы, што паранены «Алесь з Тбілісі».

«Мяне абсалютна не кранае, што яны пішуць. Гэта ворагі, і чакаць ад іх спачування не выпадае. Для мяне важная тая справа, якую я мушу рабіць, а яна для мяне станоўчая. Я ведаю, чаму ва Украіне, таму на словаблудства прапагандонаў не звяртаю ўвагі», — з усмешкай зазначае беларус.

Алесь не лічыць Украіну сваёй радзімаю і пазбягае гаварыць пра мясцовую палітыку.

«Я сюды прыехаў, каб дапамагчы, чым магу. Для мяне асноўнае фронт, — паўтарае ён. —

Я не ўкраінец. Мне не хочацца атрымліваць украінскага грамадзянства і не таму, што не люблю Украіну. Я адчуваю сябе беларусам, але ў мяне неўзабаве скончыцца пашпарт, таму ў мяне няма выйсця».

Адпачынак на перадавой. Фота: архіў Алеся

Адпачынак на перадавой. Фота: архіў Алеся

Алесь мяркуе, што вайна будзе доўгай. 

«Калі гутарыш з хлопцамі да 30 гадоў, дык яны лічаць, што неўзабаве даціснем. Гэта ў іх гаворыць моладзевы максімалізм, які пазбаўлены жыццёвага досведу. Але ў мяне за плячыма даволі працяглае жыццё і я навучыўся прызнаваць непрыемнае», — даводзіць пехацінец.

Алесь не можа патлумачыць, дзеля чаго забіваюць расіяне ўкраінцаў. На гэтае пытанне яму не адказалі і палонныя расійскія вайскоўцы. Сярод іх, заўважае ён, трапляліся адукаваныя людзі.

Так выглядае акоп у непагадзь. Фота: архіў Алеся 

Так выглядае акоп у непагадзь. Фота: архіў Алеся 

«Расія — краіна, дзе масава п'юць, забіваюць і робяць багата таго, ад чаго валасы дуба становяцца. Для чаго яны ваююць, мы, відаць, зразумеем, калі скончыцца вайна. Я не кажу пра палітыкаў з Крамля, а простых расіян», — разважае суразмоўца.

Паводле яго, «расіян нельга назваць дэбіламі, яны хутка вучацца і ваююць вельмі добра».

«Вызваленне Беларусі ад лукашызму не будзе хуткім»

У Алеся даўняя гісторыя змагання з лукашызмам.

У другой палове 1990-х ён далучыўся да «Белага легіёна» і дагэтуль лічыць сябе сябрам гэтай арганізацыі, якую заснавала моладзь Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

«У нас было братэрства. Мы дапамагалі адзін аднаму. Хоць Легіён і перастаў існаваць, але пабрацімства засталося. Калі я сустракаў Міраслава Лазоўскага (загінуў 16 мая пад Бахмутам. — НН), ці Сяргея Чыслава (Бульбу), то ў мяне ўздымаўся настрой. Сустрэчы з імі надаюць аптымізму», — гаворыць пехацінец.

Па яго словах, цяпер пабрацімства, як у «Белым легіёне», існуе на вайне, дзе пабрацім зробіць усё, каб дапамагчы іншаму.

Алесь «Ювелір» на пазіцыі. Фота: архіў Алеся

Алесь «Ювелір» на пазіцыі. Фота: архіў Алеся

Алесь лічыць, што вызваленне Беларусі ад лукашызму не будзе хуткім. Для гэтага павінны сысціся многія фактары: унутраныя і знешнія.

Баец замежнага легіёна не верыць у заявы кіраўніцтва Палка Каліноўскага, што беларускія добраахвотнікі здольныя вызваліць Беларусь. Ён скептычна ставіцца і да запэўніванняў, што кіраўніцтва Украіны будзе спрыяць гэтаму.

На яго погляд, калі такое адбудзецца, то «з боку Украіны гэта будзе тая ж анексія з захопам улады».

Пакуль, мяркуе ён, не здольная вызваліць Беларусь і палітычная эміграцыя, «якая не можа дамовіцца, седзячы ў Вільні і Варшаве».

«Цяпер розныя групоўкі беларускай эміграцыі змагаюцца паміж сабою за ўладу. На першым плане ў іх, хто больш зрабіў ды наваяваў для Беларусі», — заўважае Алесь.

Добраахвотнік не мае амбіцый увязвацца ў палітычныя баталіі. Ён хоча вярнуцца ў Беларусь, але не ў цяперашнюю. Таму, яму застаецца ваяваць за Украіну са спадзевам, што перамога наблізіць перамены на радзіме.

Глядзіце таксама:

«Перад намі сядзелі людзі, якія ненавідзяць украінцаў». Былы пасол Украіны пра перамовы на пачатку вайны, страх беларусаў, міністра Макея і феномен Лукашэнкі

Беларус адправіўся на вайну пасля выпадковай сустрэчы з Някляевым. У 23 гады ў баі ён страціў нагу. Вось што ён робіць цяпер

«Нам патрэбны ваенны досвед, трэніравацца, бо наперадзе Беларусь». Пабрацім успамінае Міраслава Лазоўскага

«Калі я загіну, пахавайце мой попел пад любым дубам». Пабрацім згадвае Міраслава Лазоўскага

«Быць легіянерам — вельмі ганарова ў Францыі». Інтэрв’ю з беларусам з Замежнага легіёна

Клас
33
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
47
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?