Вока зачапілася за прозвішчы з «няпоўнага спіса» ахвяраў па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: «Яўген Макоўскі, інжынер з Турава». Паспрабаваў знайсці больш інфармацыі.

Беларус з вышэйшай адукацыяй — асоба рэдкая на той час, ды яшчэ вілянчук, з былой сталіцы Княства. Магчыма, з гэтай сям’і паходзіў таксама вілянчук Вячаслаў Макоўскі, намеснік сакратара ЦК БСРГ. У 1928 годзе ён быў арыштаваны i пасаджаны ў Лукішкі, дзе ў хуткім часе захварэў на сухоты. У 1929-м вызвалены з турмы пад заклад i праз некалькі дзён памёр. З крыніц тых часоў вядома таксама пра беларускага ксяндза Макоўскага.

Тураўскі леспрамгас — вядомае тураўцам прадпрыемства. Дзед Васіль казаў, што на пачатку 1930-х гэта была самая прэстыжная кантора ў мястэчку. Леспрамгасаўцы зараблялі рэальныя грошы і, што было яшчэ важней, мелі ўласную прафесійную «лаўку», дзе прадаваліся добрыя прадукты і прамтавары.

У леспрамгасе працавала багата хлопцаў з Заходняй Беларусі, якія ўцяклі ад пераследу польскіх уладаў, балазе мяжа, што праходзіла пад Туравам, паміж Малым і Вялікім Малешавым, ахоўвалася да 1930-х гадоў слаба.

Яўген Макоўскі рабіў інжынерам-таксатарам. Гэта дужа адказная пасада. Інжынер-таксатар арганізоўвае мерапрыемствы па таксацыі лесу, вызначае лясныя запасы, максімальныя аб'ёмы лесанарыхтоўкі, арганізоўвае пасадку новых дрэваў.

Больш нічога пра Яўгена знайсці не ўдалося. Невядома, ці былі ў яго жонка і дзеці. Фота Макоўскага ў адкрытых крыніцах няма.

У жніўні 1956 года рашэннем вайсковага трыбунала справа Беларускага нацыянальнага цэнтра была спынена «за адсутнасцю складу злачынства». Асабістая справа Макоўскага паводле законаў Беларусі можа быць выдадзена толькі сваякам забітага беларуса. Але дзе знайсці тых сваякоў?

У Нясвіжы ўстаноўлены бюст дзеяча ВКЛ Тамаша Макоўскага. А помніка Яўгену Макоўскаму ў Тураве няма. Мадэрная гісторыя краіны ніяк не адужае цыкл бяспамяцтва.

Чытайце таксама:

Першы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. 90 гадоў справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: як гэта было арганізавана

Слуцкія паясы ткалі негрыцянкі — архіўнае адкрыццё

Прыбралі з музея, бо людзі працягвалі на яго маліцца. Выкупленыя беларусамі эскізы праліваюць святло на невядомы раней абраз з Чырвонага касцёла

Клас
12
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
21
Абуральна
4