— Уладзімір Віктаравіч, прайшла чутка, быццам вы махнулі рукой на ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі, і назаўжды з'ехалі ў Іспанію. Гэта праўда?

— Поўнае глупства! Шчыра кажу: люблю сваю краіну, і кідаць яе не збіраюся. Мяне ўсё ў Беларусі задавальняе: прэзідэнт, умовы, валюта, цэны. У нас няма вайны, мы незалежная краіна. Вы ведаеце, што я заўсёды быў праціўнікам уваходжання ў склад Расіі і агульнай валюты.

У мяне ў Іспаніі знаходзіцца сям'я, тут жывуць тры мае ўнукі і адна ўнучка — яна зусім нядаўна нарадзілася, літаральна на днях, яшчэ зусім малюсенькая.

Я як дзядуля хачу як мага больш часу праводзіць са сваімі роднымі і блізкімі. І ўнукаў трэба дапамагаць гадаваць. Шасцёра дзяцей жа! Калі хто яшчэ не ведае, у мяне дзве дачкі.

А Беларусь я ніколі не пакіну. І я як магу яе ўсюды рэкламую і прасоўваю.

Хоць нейкі перыяд часу я праводжу за межамі краіны, я актыўна ўдзельнічаю ва ўсіх працэсах, пачынаючы ад бізнэсу і заканчваючы палітыкай. Я плачу падаткі ў Беларусі, займаюся экспартам прадукцыі, каб прыносіць даход краіне.

Так што тыя, хто хочуць, каб я эміграваў, не дачакаюцца!

— Чаму, на ваш погляд, узнікаюць такія чуткі?

— Не ведаю. Я раней часта лётаў у Іспанію і часта вяртаўся, быў навідавоку ў Мінску, а цяпер у сувязі з сітуацыяй на мяжы, часта не наездзішся туды-сюды. Ды і дачка мая малодшая тут вучыцца, у школу яе вазіць трэба.

У найбліжэйшы час я вярнуся ў Мінск. Я шмат часу праводжу ў Мінску і сустракаюся з усімі, у тым ліку і з прадстаўнікамі ўлады.

А наогул з прычыны ўзросту (мне ж за 70!) маю права ўжо і перадыхнуць.

Але рэч нават не ў гэтым. Я не раблю сакрэту, што мая сям'я жыве ў Іспаніі. Мая старэйшая дачка выйшла замуж за добрага іспанскага хлопца, таму і жыве ў Барселоне.

Але, дарэчы, усе мае ўнукі маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь. І я таксама не мяняў беларускае грамадзянства. Мне падабаецца мая краіна.

— Некаторыя, мабыць, думаюць, што вы ўсе грошы за мяжу вывезлі.

— Адкрытым тэкстам скажу: усе спецслужбы і падатковыя, напэўна, ведаюць, колькі грошай я вывез. Амаль 90 адсоткаў усіх маіх даходаў укладваецца ў развіццё прадпрыемства «Дарыда», і не толькі. Таму я менш за ўсё перажываю, калі чую, што, маўляў, Дзялендзік дзесьці там шыкуе, гуляе на шырокую нагу. Я не на чужыя, а на свае грошы жыву, якія сумленна зарабіў.

— А што з вашым бізнэсам? Санкцыі адбіліся? Ведаю, што вы пастаўлялі шмат вады ў еўрапейскія краіны…

— Мы ўсюды прасоўвалі сваю прадукцыю, працавалі са многімі краінамі. Толькі Вільня выкінула нас. Але, напрыклад, Латвія і некаторыя іншыя краіны па-ранейшаму працуюць з намі. Дзякуй латвійскаму ўраду за тое, што не ідуць на канфрантацыю.

Я лічу, што з суседзямі трэба сябраваць, гэта нават абмеркаванню не падлягае.

— На носе парламенцкія выбары. Вы ўжо былі дэпутатам. Яшчэ раз не хочаце?

— Я ніколі не рваўся да ўлады. Мне не патрэбны ні пасада міністра, ні дэпутацкі фатэль. Тое, што я думаю, я свабодна кажу. І калі ёсць нейкія праблемы — смела агучваю іх. Ведаю, што да маіх слоў прыслухоўваюцца.

— Уладзімір Віктаравіч, а праўда, што вы зноў жаніліся? У сацсетках пішуць, што вы яшчэ адну беларускую прыгажуню павезлі ў Іспанію. І што ў вас новая жонка.

— Я са сваёй першай жонкай разведзены, але мы з ёй вельмі блізкія, і жывем побач, і бачымся кожны дзень, яна ўвесь час побач.

Усе, напэўна, ужо ведаюць, што апошнія 20 гадоў мы разам з маці маёй другой дачкі Сафіі — Машай. Дачцэ нашай 13 гадоў нядаўна споўнілася.

— Так кажуць, ужо трэцяя жонка ёсць — Вольга…

— Ніякай трэцяй жонкі няма, Божа барані! Клянуся перад Богам! Ні трэцяй, ні пятай!

— Ну вось, а чуткі аб вашых каханнях плывуць…

— Не ведаю, адкуль гэта ўсё ўзялося.

Я да жанчын стаўлюся паважліва. І разавыя, выпадковыя адносіны — не для мяне, я ў гэтым сэнсе чалавек надзейны і прыстойны.

Жанчына для мяне — як букет кветак, які трэба даглядаць, берагчы і любавацца ім.

— Уладзімір Віктаравіч, а дзе Новы год сустракаць збіраецеся? У Барселоне ці ў Мінску?

— Вядома, у Мінску! Ужо і квіткі ёсць. Беларусь я ніколі не пакіну. І людзям як дапамагаў, так і буду дапамагаць, як рабіў дабро, так і буду.

Чытайце таксама:

«Зразумеў, да чаго ўсё ідзе». Стала вядома, чым цяпер займаецца заснавальнік «Дарыды» Уладзімір Дзялендзік

Салігорцы абвінавацілі Дзялендзіка ў «рэйдарскім захопе» іх бізнэсу. Дзялендзік: Хай аддаюць мне 11 мільёнаў еўра!

«Аляксандр Рыгоравіч, не ідзі на аб’яднанне з Расіяй!» Агнявое інтэрв’ю 2019 года з уласнікам «Дарыды», мільянерам Уладзімірам Дзялендзікам

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
20
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
2