Фритьоф Беньямин Шенк. Александр Невский в русской культурной памяти: святой, правитель, национальный герой (1263—2000). — Москва: Новое литературное обозрение, 2007.

Арыгінальнае выданне: Frithjof Benjamin Schenk, Aleksandr Nevskij: Heiliger-Furst-Nationalheld. Ein Erinnerungsfigur im russischen kulturellen Gedachtnis (1263—2000). Koln: Bohlau, 2004. 

Паколькі зараз крыху ажывілася дыскусія датычна Аляксандра Неўскага ў сувязі з адкрыццём помніка святому ля расійскай амбасады ў Мінску, ініцыятарам якога стала Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства пры падтрымцы БПЦ, то вырашыў звярнуцца да гэтай кнігі.

Ясна, што я пра яе шмат чуў пазітыўнага, гартаў, а вось цалкам адолець так і не сабраўся з духам, ды абставіны вымусілі. 

Прытым, калі я быў у Базэлі ў 2017 годзе, то спыняўся ў таварыша, кіраўніком на стыпендыі ў якога якраз быў Шэнк, тады ж якраз па яго ініцыятыве з Цюрыха запусцілі тэатралізаваны «цягнік Леніна», каб нагадаць пра перадпачаткі бальшавіцкай рэвалюцыі. Але з прац швейцарскага навукоўца чытаў толькі невялікае эсэ пра дачыненне Шагала да бальшавіцкай рэвалюцыі з каталога базэльскай выставы Шагала, які застаўся ў маёй мінскай бібліятэцы.

Але, уласна, пару слоў пра кніжку, яна даўно выйшла, шмат адрэцэнзаваная, таму коратка.

Шэнк разбірае вобраз Аляксандра Неўскага як культурны канструкт, ён не спрабуе распавесці «сапраўдную гісторыю», даць адказ, колькі ж рыцараў насамрэч загінула на Лядовым пабоішчы. Мова ідзе пра выкарыстанне гістарычнай постаці ў розных культурных і палітычных кантэкстах, і Шэнк вельмі пераканаўча дэманструе, якія надзвычайныя трансфармацыі перажываў вобраз Неўскага.

Спачатку гэта быў святы рэгіянальнага суздальскага маштабу, і ў жыціях больш увагі надавалася розным цудам (кшталту, што святыя Барыс і Глеб ачольвалі войска Неўскага ў перамозе над нямецкімі рыцарамі), і асабліва розным вылечванням каля магілы святога. Натуральна, што і дамінуючая іканаграфія Неўскага была тады як старца-манаха з барадой. Шэнк толькі на тое намякае, але цалкам магчыма, што пачатковы этап кар'еры святога князя быў звязаны з яго праслаўленнем праваслаўнай царквой, якая была задаволеная сваім прывілеяваным статусам пад мангольскім панаваннем, і князь, які змагаўся з «ерытыкамі», але пакорна служыў манголам, удала падыходзіў пад палітычныя інтарэсы праваслаўных іерархаў.

У Ноўгарадзе спрабавалі выпісаць з яго барацьбіта за мясцовую зямлю, але гэтая традыцыя была знішчаная разам з ліквідацыяй наўгародскіх вольніцаў.

У Маскоўскай жа дзяржаве Неўскі меў новае прызначэнне, з аднаго боку цудатворнага святога, а з іншага — пачынальніка маскоўскай княскай дынастыі.

Але асаблівае значэнне Неўскі набывае ўжо ў пятроўскую эпоху, калі становіцца афіцыйным апекуном Санкт-Пецярбурга, што фактычна забяспечыла Неўскаму бліскучую кар'еру ў Расійскай імперыі. Асабліва ў XIX стагоддзі, калі святы яшчэ стаў і асабістым патронам дынастыі Раманавых (ад Аляксандра І да Аляксандра III), хоць Шэнк якраз на гэтай тэме чамусьці не асабліва засяроджваецца. Больш важна для яго падкрэсліць, што ва ўмовах змагання з каталіцкім пытаннем Неўскі стаў сімвалам сілы праваслаўя. 

Тут якраз паўстае на старонках кнігі і мінскі сюжэт, якім чынам трактаваць узвядзенне царквы Аляксандра Неўскага ў Мінску. З аднаго боку, мы можам пакласці гэту ініцыятыву ў шэраг будаўніцтва храмаў, якія прысвячаліся Аляксандру Неўскаму, па заходніх ускрайках Расійскай імперыі: Варшава (знесены палякамі ў 1920-х), Хельсінкі, Рэвель (Талін). І тады гэта паслядоўная маркіроўка памежных тэрыторый з антыкаталіцкай і антызаходняй сімволікай. Ці ўсё ж тут мела значэнне Неўскага як апекуна расійскага войска, што ўрэшце падтрымлівае Шэнк.

Падрабязна швейцарскі навуковец спыняецца і на тым, як вобраз Неўскага перажыў рэвалюцыйныя змены ў савецкі час, спачатку ад патрапляння ў няміласць, калі ў марксісцкай парадыгме святы, ды яшчэ і князь, стаў увасабленнем эксплуататарскіх класаў.

Неўскі быў «рэабілітаваны» ў 1937 годзе ў сувязі з вяртаннем патрыятычнай парадыгмы. Асабліва Шэнк засяроджваецца на тым, як ствараўся фільм Эйзенштэйна «Аляксандр Неўскі».

Мне вельмі спадабаўся самы прыгожы ход гэтай кнігі (ужо растыражаваны), што знакамітае выказванне «Кто с мечом к нам придёт, от меча и погибнет!» — гэта насамрэч біблейская цытата, якая ў сцэнарый фільма патрапіла праз прамову Сталіна (мабыць, у савецкага правадыра часам прабівалася семінарская адукацыя).

Яшчэ адзін сюжэт з гэтай кнігі, які мне дужа падабаецца: як з Неўскага ляпілі вялікага палкаводца, але з крыніц нічога пра вайсковую тактыку не было вядома. І вось савецкія гісторыкі ў 1937 годзе прыдумалі контртактыку супраць тэўтонскай «свінні», і потым гэтая прыдумка разляцелася па ўсіх падручніках, я нават па сваім дзяцінстве памятаю.

І, натуральна, новы пік кар'еры Аляксандра Неўскага — гэта Другая сусветная вайна, калі з яго зрабілі вялікага палкаводца, які граміў немцаў і праз стагоддзі натхняў савецкіх салдат.

Мабыць, самае слабое месца ў кнізе — гэта апісанне постсавецкай эпохі, фрагментарнае, дзе феномен Неўскага апісваецца хутчэй у постмадэрнісцкіх катэгорыях. Як і постсавецкая Расія, такі сабе лубок.

А вось агрызнулася гэта Расія, і зараз рассоўвае помнікі Неўскага па заходніх ускрайках сваёй імперыі. Гэтага швейцарскі аўтар не змог прадбачыць у гуллівым фінале свайго ў цэлым выдатнага даследавання.

Чытайце таксама:

Тонкі намёк? Топ-чыноўнікі не прыйшлі на адкрыццё помніка Аляксандру Неўскаму, а сам помнік тлумачаць «даніной павагі расейцам»

Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях

«Даніна павагі нашым братам расіянам». У Мінску адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму

Клас
32
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
11