Партрэты палітвязняў на Акцыі салідарнасці ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Партрэты палітвязняў на Акцыі салідарнасці ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Пасля Акрэсціна і Валадаркі «пасыпалася» здароўе

Вера (імя змененае дзеля бяспекі. — РС) прайшла ІЧУ на Акрэсціна і «Валадарку». На Акрэсціна яна была тры тыдні, у СІЗА-1 на Валадарскага — тры месяцы. На судзе паводле «народнага» артыкула 342 («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Вера атрымала «хатнюю хімію».

Пасля таго, як яе адпусцілі з залі суду, Вера занялася сваім здароўем. Кажа, што за час знаходжання за кратамі два разы перанесла каранавірус, які даў розныя ўскладненні.

«Нам і на Акрэсціна, і на Валадарскага знарок падкідалі ў камеры людзей з ковідам. І мы бясконца хварэлі», — удакладніла былая зняволеная. 

У яе ўтварыліся даўгі за аплату адваката і шматлікіх візітаў да лекараў. Таму Вера вырашыла звярнуцца па дапамогу ў фонд BySol. Збор быў ананімны. Тым не менш Веры сабралі неабходную суму — каля 1500 еўра. 

«Хтосьці не хацеў праз фонд і таму мне асабіста пісаў і ахвяраваў грошы. Сказаць, што я афігела, гэта нічога не сказаць», — кажа Вера.

 Жанчына ў выніку выехала з Беларусі, цяпер за мяжой прыводзіць у парадак здароўе.

«Я не верыла так моцна, што мне дапамогуць. Шчыра, я не вельмі шмат атрымлівала дапамогі ад людзей у жыцці. Гэта для мяне як падарунак ад Дзеда Мароза, нават калі ты забыўся, што ты ў яго верыш! Гэта для мяне такая падпорка ў жыцці цяпер! Вось Венецыя стаіць на пáлях з лістоўніцы, якія ад марской вады не толькі не гніюць, але і робяцца з гадамі мацнейшымі. Так і для мяне стала такімі пáлямі гэтая дапамога і падтрымка», — кажа беларуска.

Яна пакуль не можа працаваць, бо цалкам не легалізавалася ў іншай краіне. Але ўпэўненая, што пры першай жа нагодзе будзе падтрымліваць іншых людзей.

«Калі такое здарылася з табой, ты проста не можаш не рабіць такое ж для іншых! Гэта проста вярнула мне веру ў людзей. Ані на пратэстах, ані ў турме я так не верыла ў людзей, як цяпер», — кажа Вера.

Рэпрэсіі, вайна ва Украіне, лячэнне анкалогіі ў Літве

Аляксандр Царук за апошнія тры гады прайшоў праз шматлікія выпрабаванні. Пасля рэпрэсій у Беларусі выехаў у Літву. Затым паехаў ваяваць за Украіну ў полк Кастуся Каліноўскага. З прычыны праблем са здароўем вярнуўся ў Вільню. Там у Аляксандра пры абследаванні знайшлі рак, таксама ўзнікла неабходнасць замены тазасцегнавога сустава. Пасля абвяшчэння збору сродкаў на аперацыю землякі ахвяравалі яму больш за 5 тысяч еўра.

 

Ён кажа, што дапамога ішла не толькі праз фонд. Многія людзі перадавалі грошы на картку ці асабіста. Дапамаглі і пабрацімы, якія засталіся ва Украіне. Аляксандр дадае, што ён не сядзіць склаўшы рукі (адна рука ў яго не працуе. — РС).

«Дапамагаю людзям, як магу. Вазіў гуманітарную дапамогу ў лагеры для ўцекачоў. Стараемся дапамагаць беларусам, якія вярнуліся ў Літву пасля вайны ва Украіне, стварылі сваю арганізацыю былых ваяроў», — патлумачыў суразмоўца.

Ён кажа, што ўдзячны ўсім, хто працягнуў яму руку ў цяжкі час. Наперадзе ў яго яшчэ абследаванні наконт анкалагічнай хваробы.

Цешацца не столькі грошам, колькі падтрымцы

Нядаўна з Беларусі выехалі Аліна Нагорная і Ігар Случак з двума малымі сынамі. Два гады яны вялі там падпольнае жыццё, асцерагаючыся арышту. Іхнія сацыяльныя сеткі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі». Пачало псавацца здароўе. У выніку сужэнцы вырашылі пакінуць краіну. На арэнду жытла, рэчы для дзяцей і медыцынскую дапамогу яны папрасілі ў неабыякавых беларусаў праз BySol 5 тысяч еўра. За кароткі час ім пералічылі больш за 6 тысяч.

  Аліна Нагорная і Ігар Случак

Аліна Нагорная і Ігар Случак

«Мы спадзяваліся, што людзі нас падтрымаюць. Бо наша праца па абароне беларускай мовы для многіх была важнай. І гэты збор для нас — паказчык, што людзі цанілі нашу працу, яна была патрэбнай», — кажа Ігар Случак.

Цяпер яны спрабуюць уладкаваць сваё жыццё ў Вільні. Случак кажа, што пакуль яны не зусім даюць рады.

«Бо ў Беларусі ў нас была добрая нянька, тут жа іншыя цэны на такія паслугі. Таму пакуль глядзім дзяцей увесь час. І «ябацькі» пакуль адпачываюць ад нас. Але мы ўладкуемся і возьмемся за працу», — запэўнівае «моўны інспектар».

Ігар дадае, што ў Беларусі жыццё больш таннае, але ў Літве ёсць бяспека, якой не было на радзіме. «Там маглі б арыштаваць і кінуць не ў зусім прыемныя ўмовы. Ды дзяцей забраць у прытулак. Тут хоць за гэта не страшна», — дадаў Случак. 

Не выпускалі з турэцкага шпіталя, пакуль не заплаціць за аперацыю

Яўген Грэкаў пасля пераследу ў Беларусі пераехаў жыць у Грузію. Ён працуе рэпетытарам англійскай і кітайскай моў. Беларусам у Грузіі трэба раз на год выехаць у іншую краіну, каб «абнуліць» тэрмін знаходжання. Яўген паехаў у Турэччыну і зламаў там нагу. Прычым так, што спатрэбілася складаная аперацыя. 

«Было горача. Мы стаялі на пірсе, і я вырашыў пакупацца. Вада была настолькі чыстая, што я не разлічыў глыбіню. І вось вышэйшыя сілы, я лічу, збераглі мяне — бо хацеў скокнуць «шчупаком», галавой у ваду, а ў апошні момант перадумаў і скокнуў «салдацікам«, нагамі. І зламаў нагу ў трох месцах», — успамінае суразмоўца.

 

На «хуткай» у паўпрытомным стане яго прывезлі ў шпіталь. Спыталіся пра медыцынскую страхоўку. Але Яўген яе не меў. «У цябе праблемы», — так мне адразу заявілі лекары і дадалі, што такая аперацыя будзе каштаваць ад 10 да 20 тысяч даляраў», — кажа беларус. Медыкам ён прызнаўся, што не мае такіх грошай. Тады лекары, па словах Яўгена, пачалі яго пераконваць, каб ехаў у Беларусь, а яны яго «наколюць» абязбольвальнымі сродкамі. 

«Мне цяжка было тлумачыць, чаму я не магу аніяк ехаць у Беларусь. Добра, што са мной былі знаёмыя, якія «вызванілі» іншы шпіталь і там мне выставілі іншую цану — 5 тысяч даляраў», — тлумачыць эмігрант.

Яўген прызнаецца, што 5 тысяч даляраў для яго — шалёныя грошы. Бо з Беларусі хлопец ехаў з адным заплечнікам, а рэпетытарствам так шмат не заробіш. Пасля аперацыі яго папярэдзілі, што не выйдзе са шпіталя, пакуль не заплаціць — не выпусціць паліцыя на выхадзе. Суму, якая была патрэбная, каб выйсці са шпіталя, Яўгену пазычылі сябры і знаёмыя. Шпіталь пагадзіўся для пачатку на 1500 даляраў. 

«Я ўвесь час данаціў на розныя зборы, у тым ліку на BySoll. Хай гэта былі невялікія грошы з майго боку, але ўсё ж. Таму я вырашыў звярнуцца ў гэты фонд. Падаў усе дакументы, рахункі. І яны адкрылі мне збор», — кажа беларус.

Пакуль яму сабралі не ўсю суму. Але Яўген спадзяецца на дапамогу.

«Бо я лічу, што ў гэтыя цёмныя для нас часы мы, беларусы, мусім стаяць адзін за аднаго, падтрымліваць адзін аднаго. У Батумі ў нас моцная дыяспара. Мы тут адзін аднаго падтрымліваем і верым у лепшыя часы. Мы вернемся ў нашу родную краіну, гэта проста гістарычна наканавана. Але трэба яшчэ час», — дадаў Яўген.

Прасіў на цёплыя рэчы для дзяцей — атрымаў 3 з паловай тысячы еўра

Лекар Міхаіл Самборскі вырашыў прасіць дапамогу, бо дзеці не мелі на зіму цёплых рэчаў. Ён заявіў суму на 800 еўра. У выніку неабыякавыя людзі пералічылі яму больш за 4 тысячы.

«Я саромеўся прасіць дапамогі. Ну так я выхаваны. Я і не дужа спадзяваўся і думаў, што не такі я і пацярпелы. Але мяне сябры пераканалі звярнуцца. Мы ўжо купілі тое самае неабходнае, што нам патрабавалася», — кажа лекар.

  Міхаіл Самборскі

Міхаіл Самборскі

Ён дадаў, што аніяк не чакаў такой вялікай падтрымкі. «Я сам данаціў увесь час, дапамагаў палітвязням, але гэта былі невялікія зусім сумы. Цяпер мне дапамаглі ў шмат разоў больш! Раней я лічыў, што я нейкі ненармальны, бо дапамагаў нават тым, мо каму і не варта. Цяпер жа бачу, што я недаацэньваў людзей! Гэта проста неверагодна — такая вялікая падтрымка. Я моцна крануты гэтым!» — кажа Міхаіл. 

Цяпер ён плануе дапамагчы сваёй дачцэ. Яна вучыцца ў ВНУ, падпрацоўвае і напісала ліст да рэктара, каб знізіў ёй кошт за навучанне. «Але калі рэктар не пагодзіцца, то трэба будзе дачцэ дапамагчы», — кажа лекар. 

«Нікому з людзей грошы з неба не падаюць, усе ж працуюць, зарабляюць. Але аказалі нам такую моцную падтрымку! Думаю, мы абавязаныя перамагчы, раз так дапамагаем адзін аднаму і трымаемся адзін аднаго», — лічыць Міхаіл. 

Апроч кісты, знайшлі яшчэ і апендыцыт

21-гадовая беларуска просіць называць яе Мільва. Яна тэрмінова ўцякала з Беларусі, бо сяброўка ўбачыла яе на здымках у кнізе «Я выходжу».

«Юрыстка параіла мне ўцякаць. Так я апынулася ў Грузіі. Пачаліся праблемы са здароўем. Мне патрэбна была аперацыя па гінекалогіі. І аказалася, гэта не ўсё — яшчэ знайшлі запаленне апендыкса», — кажа Мільва.

Са шпіталя яе не хацелі адпускаць, пакуль не аплаціць усе рахункі. «На жаль, медыцынская страхоўка на такія выпадкі дзейнічае толькі праз год пасля афармлення. Я ж у Грузіі на той момант была толькі 10 месяцаў», — кажа беларуска. 

Яна засталася вінаватая шпіталю каля 1500 даляраў. Дзяўчына працавала барыстай і не мела такіх грошай. Сродкі ёй пазычыла начальніца з працы, але гэтыя грошы трэба было аддаць. Мільва мусіла звярнуцца ў BySol, таксама напісала ў чаты беларускай дыяспары ў Грузіі.

«Быў шок, калі адгукнулася адна беларуска. Яна прыйшла і проста прынесла мне 500 даляраў! «Вось, — кажа, — трымайце». І пажадала мне здароўя. Але было такое, што і хэйцілі ў чатах. Маўляў, маладая, ідзі працуй. Як мне працаваць пасля аперацыі?» — кажа беларуска.

Мільва зрабіла такую выснову, што чалавек можа атрымаць дапамогу ад іншых людзей, асабліва тады, калі сам некаму дапамагае.

Яна кажа, што і ў Беларусі, і ў Грузіі актыўна займалася дапамогай бадзяжным жывёлам.

«Можа быць, у мяне добрая карма. Пасля аперацыі патрэбны былі адмысловыя кампрэсійныя панчохі і кіёк. Я напісала ў чат, і мне незнаёмая жанчына аддала такія панчохі і кіёк са словамі: «Калі яны ўжо вам не будуць патрэбныя, проста аддайце таму, каму трэба будзе. Хай будзе такі акт дабра». Гэта ўсё было вельмі нечакана і вельмі прыемна», — кажа Мільва.

Чытайце таксама:

Ідзе збор грошай на рэпатрыяцыю на радзіму цела загінулага ў Рызе Вадзіма Кавалёва

Клас
35
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
12