Крманбек Бакіеў Курманбек Бакиев Kurmanbek Bakiyev

Афіцыйны здымак сям'і экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева. Фота зроблена пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2009 годзе. Скрын відэа user-se3pr6fo5j / YouTube

У красавіку 2010 годзе ў Кыргызстане адбыліся масавыя выступленні апазіцыі з патрабаваннем адстаўкі выбранага на новы тэрмін прэзідэнта Курманбека Бакіева, які сам да гэтага ўзначаліў краіну на хвалі «рэвалюцыі цюльпанаў» 2006 года. Яго родны брат Жаныбек Бакіеў, які кіраваў службай дзяржаўнай аховы, аддаў загад страляць па пратэстоўцах.

Расстрэл маніфестантаў выклікаў новую хвалю пратэстаў. Курманбек Бакіеў быў вымушаны збегчы спачатку на поўдзень краіны ў горад Ош, а затым пасля перамоваў з прэзідэнтамі Казахстана, Расіі і Беларусі прыняў рашэнне збегчы з краіны.

Назарбаеў дапамог Бакіеву выбрацца з краіны, а Лукашэнка падрыхтаваў спецаперацыю па эвакуацыі.

Прыём Бакіевых у Беларусі

Як сцвярджаюць расследавальнікі, усяго ў Беларусь прыехала як мінімум 20 членаў клана Бакіева. Знаходжанне іх усіх у Беларусі трэба было легалізаваць такім чынам, каб абысці ордар Інтэрпала. Лукашэнка загадаў не толькі выдаць усім беларускія пашпарты, але і стварыць асобным чальцам клана альтэрнатыўныя асобы.

Спачатку ўсім сямейнікам Бакіева аформілі рэгістрацыю ў службовым інтэрнаце Службы бяспекі па вуліцы Караля, 38 у Мінску.

Усе астатнія пытанні легалізацыі, як сцвярджаецца ў матэрыяле, даручылі курыраваць супрацоўніцы Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС Пляшкевіч Алене Міхайлаўне, якая больш вядомая як Караленка Ларыса Іванаўна. Пад гэтым імем яна выступае як дырэктарка ўстановы «Ларыскор», створанай для прыкрыцця аператыўна-вышуковай дзейнасці, наладжвання агентурнай працы і слежкі за палітычнымі апанентамі.

Справа з пашпартамі Бакіева

У беларускае грамадзянства Курманбек Бакіеў быў прыняты вельмі хутка на падставе спецыяльнага ўказа Лукашэнкі ад 10 жніўня 2010 года. Ужо 13 жніўня Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС аформіў Бакіеву пашпарт грамадзяніна Беларусі.

Як сцвярджаюць расследавальнікі, Бакіеў аформіў яшчэ адзін пашпарт на іншае імя з атрыманнем новага ID-нумара на імя Закіра Саліева. Такім чынам, для Бакіева была створана другая асоба, бо, як вядома, кожнаму чалавеку пры першай выдачы пашпарта прысвойваецца ўнікальны ідэнтыфікацыйны нумар. Змяніць яго ці атрымаць новы немагчыма.

Выдача двух пашпартоў на розныя імёны і з рознымі ID-нумарамі сведчыць, як сцвярджаюць аўтары расследавання, аб глыбокай прапрацоўцы і легендаванні, падобнай таму, як гэта было зроблена для згаданай вышэй Ларысы Караленка (Алены Пляшкевіч).

Курманбек Бакіеў з кыргызскім пашпартам невыязны з Беларусі, бо знаходзіцца ў міжнародным вышуку. А вось з беларускім не ўсё так адназначна. Акрамя магчымасцей падарожнічаць, наяўнасць другога пашпарта дала магчымасць Бакіеву заключыць паралельна яшчэ адзін шлюб.

Як высветлілі, што Бакіеў і Саліеў — адна асоба

Расследавальнікі распавялі, што першапачаткова ім былі вядомыя звесткі толькі пра другую жонку Бакіева — Таламушаву Назгуль Муратбекаўну і яе дзяцей.

Дзякуючы «Кіберпартызанам» яны змаглі праверыць наяўнасць беларускіх пашпартоў на імёны ўсіх вядомых дзяцей Бакіева. У АІС «Пашпарт» у пазашлюбных дзяцей Бакіева бацькам пазначаны Закір Саліеў.

Праверыўшы пашпарт і фота загадкавага Закіра Саліева, расследавальнікі высветлілі, што гэта Курманбек Бакіеў. Яны сцвярджаюць, што фотаздымкі ў пашпартах на імя Курманбека Бакіева і Закіра Саліева ідэнтычныя.

Паралельная жонка Бакіева Назгуль Таламушава памерла ў студзені 2023 года, 18 студзеня яе пахавалі ў яе родавай вёсцы.

Курманбек Бакіеў (Закір Саліеў) з паралельнай жонкай Назгуль Таламушавай і дзецьмі ад гэтай сувязі. Фота AKIpress

Курманбек Бакіеў (Закір Саліеў) з паралельнай жонкай Назгуль Таламушавай і дзецьмі ад гэтай сувязі. Фота AKIpress

У каго з клана Бакіева яшчэ ёсць два пашпарты

Па словах расследавальнікаў, сын брата Бакіева — Саліеў Асылбек Жаныбекавіч — быў прыняты ў грамадзянства ў кастрычніку 2011 года. У 2017 годзе ён атрымаў яшчэ адзін пашпарт. Падставай для выдачы новага пашпарта, як і ў першым выпадку, пазначана даведка аб прыняцці ў грамадзянства. У выніку ў новым пашпарце на тое ж імя быў пазначаны новы ID-нумар, сфарміраваны ўжо па правілах, якія пачалі дзейнічаць з 1 студзеня 2012 года, калі змяніўся алгарытм фарміравання ID нумара. У ім цяпер няма адпаведнасці канкрэтных лічбаў даце нараджэння, а таксама няма ўказання на пол яго ўладальніка.

Атрымліваецца, што Асылбека ў 2017 годзе паўторна прынялі ў грамадзянства, але ўжо як зусім іншага чалавека.

Саліевымі ў Беларусі сталі малодшы брат Бакіева Жаныбек і яго сямʼя. Пятровымі сталі афіцыйны сын Бакіева Марат з жонкай і двое сыноў. Пятровым стаў і сын Марата ад яшчэ адной яго спадарожніцы — Іны Мяняйлавай. На апошнюю ў Беларусі зарэгістравана ААТ «Саўн Хол», а на Кіпры афшор Fairy Tale Holdings Limited.

Акрамя Бакіева, у Беларусь збег былы прэмʼер-міністр Кыргызстана Даніяр Усенаў, які змяніў імя на Данііл Урыцкі.

Як сцвярджаюць расследавальнікі, чальцы кланаў Бакіева і Усенава вядуць у Беларусі цэлы шэраг бізнэсаў ад казіно да біятэхналагічнай кампаніі.

Наяўнасць беларускіх пашпартоў дазваляе ўсім бесперашкодна перамяшчацца па свеце. Напрыклад, сам Курманбек Бакіеў у 2015 годзе спакойна злётаў на тры тыдні ў Ізраіль. А ў маі 2018 года на прэзідэнцкім самалёце вярнуўся з Грузіі, дзе, хутчэй за ўсё, прабыў 10 дзён.

Брат Бакіева Жаныбек Саліеў у маі 2011 года на пяць дзён злётаў у Аўстрыю, а ў чэрвені на тры дні зʼездзіў у Літву. Пазней ён наведаў Чарнагорыю, Грэцыю, ААЭ.

Чытайце яшчэ:

Бакіеў хоча вярнуцца ў Кыргызстан?

Бакіеў падарыў таямнічы катэдж каля Драздоў 19-гадовай дачцэ

Лукашэнка сустрэўся з Бакіевым і параўнаў яго з птушкай

Як выглядае дом Бакіева, які ён сабе пабудаваў у Мінску ФОТЫ

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
53