Скрыншот трансляцыі

Скрыншот трансляцыі

Лідары трох польскіх апазіцыйных партый і кааліцый падпісалі кааліцыйнае пагадненне, якое дазволіць у будучыні сфармаваць урад, піша Reform.by.

«Напярэдадні гадавіны здабыцця незалежнасці можам перадаць добрую, напоўненую адказнасцю за нашу краіну, навіну. Праз хвіліну мы гатовыя парафіраваць тэкст кааліцыйнага пагаднення, якое будзе для нас зборнікам указанняў і рэкамендацый для нашай працы ўжо пасля атрымання ад спадара прэзідэнта такой магчымасці», — сказаў кіраўнік «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск.

Больш за ўсіх галасоў на парламенцкіх выбарах у Польшчы набрала кіроўная партыя «Закон і справядлівасць», аднак атрыманая ёю колькасць дэпутацкіх мандатаў не дазваляе стварыць большасць у Сейме. 248 з 460 мандатаў сукупна дасталіся «Грамадзянскай кааліцыі», «Трэцяй дарозе» (PSL і Polska-2050) і «Новым левым».

Пасля выбараў прэзідэнт Анджэй Дуда правёў сустрэчы з лідарамі парламенцкіх партый. Тады ён сказаў, што не пачуў ад апазіцыі заявы аб наяўнасці ў яе кааліцыйнага пагаднення. У выніку ён даручыў фармаваць урад прэм'ер-міністру Матэвушу Маравецкаму, аднак у гэтага ўрада невялікія шанцы атрымаць падтрымку Сейма.

У панядзелак павінна адбыцца першае пасяджэнне новага складу польскага Сейма.

Маравецкі мае два тыдні на фармаванне ўрада. Яго склад павінен быць зацверджаны Сеймам. Калі Сейм адкіне кабінет Маравецкага, то права вылучыць кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра атрымлівае большасць у ніжняй палаце, якая ў новым скліканні прадстаўлена «Грамадзянскай кааліцыяй», «Трэцяй дарогай» і «Новымі левымі». Яны маюць намер вылучыць на пасаду прэм'ер-міністра Дональда Туска.

Клас
31
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
5