Упершыню амаль за 80 гадоў існавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прадстаўнік Расіі пазбавіцца месца ў галоўнай судовай інстанцыі. Суддзя Кірыл Геваргян не змог перавыбрацца ў склад Міжнароднага суда ААН, які быў заснаваны ў 1945 годзе, каб вырашаць прававыя спрэчкі паміж дзяржавамі і даваць заключэнні па прававых пытаннях для арганізацыі, піша The Moscow Times.

Геваргян, які працаваў у судзе ААН з 2015 года, а ў 2021-м стаў яго віцэ-старшынёй, атрымаў толькі 77 галасоў на Генеральнай Асамблеі ААН, заняўшы перадапошняе месца сярод усіх кандыдатаў і апярэдзіўшы па ўзроўні падтрымкі толькі прадстаўніка Конга.

Савецкага або расійскага суддзі ў складзе Міжнароднага суда не будзе ўпершыню ў гісторыі: кандыдат ад РФ набраў меншасць галасоў у абодвух галасуючых органах (Савет бяспекі, і Генеральная асамблея), і гэта наглядна адлюстроўвае сапраўдны ўзровень падтрымкі Расіі ў ААН, зазначае міжнародны юрыст Сяргей Галубок.

Ён падкрэслівае, што невыбранне расійскага суддзі нясе не толькі сімвалічныя, але і рэальныя наступствы: у Расіі не будзе гарантаванага голасу ў справах супраць яе.

«Падтрымка кандыдатаў у Міжнародны суд — гэта не пустыя рэзалюцыі, — сказаў Галубок The Moscow Times. — Гэта асноўны судовы орган, у якога шмат спраў на разглядзе».

Клас
27
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1