Твіт з названай картай быў апублікаваны ў твітары Visegrád 24. Ён сабраў больш за 2 тысячы рэпостаў, многія з якіх былі зробленыя расейцамі, каб давесці, што пагромы гэта не «руская традыцыя», а беларуская, украінская і польская. Беларусы і ўкраінцы ў адказ абурыліся такімі заявамі, нагадаўшы пра тое, што расійскімі імперскімі ўладамі была ўведзена «мяжа аселасці», якая ахоплівала Беларусь, Украіну і Польшчу, па-за якой яўрэям забаранялася жыць без спецыяльных дазволаў, таму заканамерна, што большасць пагромаў будзе прыпадаць на гэтыя тэрыторыі.

Твітамі падобнага кшталту пракаментавалі апублікаваную карту пагромаў многія расійскія і прарасійскія акаўнты

Твітамі падобнага кшталту пракаментавалі апублікаваную карту пагромаў многія расійскія і прарасійскія акаўнты

Але ці такімі талерантнымі і бязгрэшнымі ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва былі беларусы? Грунтоўны адказ на пытанне, хто і навошта граміў яўрэяў на беларускіх землях за часамі Расійскай імперыі, даецца ў артыкуле беларускага гісторыка Валянціна Міхедзькі «Улада, рэвалюцыя і пагромы ў Беларусі ў пачатку ХХ ст.» 

У пачатку ХХ стагоддзя «Яўрэйская энцыклапедыя» ў артыкуле «Пагромы ў Расіі» адзначала адсутнасць пагромаў у 1880-х гадах на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю — г.зн. на тэрыторыі сучаснай Літвы і Беларусі. Паводле выдання, у беларускіх губернях за 1905 год адбылося ўсяго 7 яўрэйскіх пагромаў, у той час як ва ўкраінскай часты «мяжы аселасці» ажно 690.

Міхедзька даводзіць, што на сёння звесткі былі ўдакладненыя і можна казаць пра 292 пагромаў у кастрычніку 1905 года ў «межах аселасці», з якіх толькі 23 выпадкі адбыліся на Беларусі. Тлумачэнняў такой дыспрапорцыі няшмат. 

Амерыканска-брытанскі гісторык Джон Клір бачыць прычыну ў адсутнасці на Беларусі і Літве «казацкіх традыцый», а французская даследчыца Клер Ле Фоль тлумачыць нізкі ўзровень антыяўрэйскай агрэсіі запаволеным характарам мадэрнізацыйных працэсаў.

Але варта звярнуць увагу на тое, адкуль увогуле на Беларусі маглі з’явіцца антыяўрэйскія настроі. 

Сельскагаспадарчы ўхіл беларуска-літоўскага краю з практычна поўнай адсутнасцю буйной прамысловасці стварыў умовы, у якіх кожная этнаканфесійная група займала сваю нішу і свой узровень у сацыяльных і эканамічных адносінах.

Доля яўрэйскага насельніцтва ў заходніх губернях Расійскай імперыі

Доля яўрэйскага насельніцтва ў заходніх губернях Расійскай імперыі

Яўрэям у гэтай сістэме сацыяльна-эканамічных адносін традыцыйна належала месца дробных гандляроў і рамеснікаў, што рабіла канкурэнцыю, а значыць і ўзаемную непрыязнасць, з іншымі групамі мінімальнай.

Увядзенне «Часовых правіл» 3 мая 1882 года («травеньскіх законаў»), якія рэзка абмяжоўвалі правы яўрэйскага насельніцтва пасля рэформаў Аляксандра II, аказала магутны ўплыў на сацыяльныя працэсы ў беларускіх губернях. Як адзначаў віленскі генерал-губернатар Пётр Святаполк-Мірскі, створаная ўрадавымі мерамі «крайняя цесната… насельніцтва ў гарадах панізіла каштоўнасць… працы». Вынікам гэтага стала «беднасць, якая мяжуе з поўнай галечай агульнай масы яўрэйскага насельніцтва» 

Ужо з канца ХІХ стагоддзя ў гарадах назіраўся значны лішак працаздольнага яўрэйскага насельніцтва. Галеча, бяспраўе і роспач замкнёных расійскім заканадаўствам у перанаселеных гарадах і мястэчках рабочых і рамеснікаў стварылі ўмовы для шырокага яўрэйскага працоўнага руху. 

Урадавая забарона сіянісцкіх арганізацый, забарона дзейнасці легальнай «Яўрэйскай незалежнай працоўнай партыі», якія пераследавалі эканамічныя і нацыянальна‑культурныя мэты, таксама спрыялі палітызацыі і радыкалізацыі працоўнага руху. 

Расла колькасць сутыкненняў яўрэйскіх рабочых з паліцыяй і войскамі. Вуліцы беларускіх гарадоў і мястэчак ператвараліся ў арэну баявых дзеянняў. Мясцовыя улады былі няздольныя супрацьстаяць хуткаму разгортванню рэвалюцыйнага руху.

У гэтай сітуацыі ў асабліва ўразлівым становішчы аказаліся мясцовая адміністрацыя, асабліва яе нізавыя ўзроўні, і жандарска-паліцэйскія структуры, на якіх і ляжала штодзённая адказнасць за захаванне «парадку». Менавіта гэты фактар, на думку Міхедзькі, быў асноўным у эскалацыі антыяўрэйскага гвалту на тэрыторыі Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя.

«Ахвяра пагрому» работы Якава Паніна. 1920-я. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

«Ахвяра пагрому» работы Якава Паніна. 1920-я. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

Ва ўсіх выпадках, калі вынікам пагрому былі значная матэрыяльная шкода або чалавечыя ахвяры, іхнімі арганізатарамі было мясцовае расійскае чынавенства і жандары.

Пасля здушэння паўстання 1863 года чыноўніцкі корпус у краі мэтанакіравана фармаваўся імперскім рэжымам, праз што да пачатку ХХ стагоддзя значная частка мясцовых чыноўнікаў лічыла сябе «панамі, а яўрэяў і іншаверцаў — ворагамі… сябе арыстакратамі — белай скурай, а яўрэяў — чорнай». У справаздачах і данясеннях віленскага, мінскага, віцебскага, магілёўскага губернатараў за 1901—1903 гадоў прадстаўлена вельмі негатыўная характарыстыка яўрэйскага насельніцтва, якое вінавацілася ў эканамічнай эксплуатацыі мясцовага хрысціянскага насельніцтва і арганізацыі антыўрадавага руху. 

Магілёўскі губернатар Мікалай Клінгенберг, пастаўлены на чале губерні ў 1902 годзе, быў адным з галоўных ініцыятараў распраў над яўрэямі на Беларусі

Магілёўскі губернатар Мікалай Клінгенберг, пастаўлены на чале губерні ў 1902 годзе, быў адным з галоўных ініцыятараў распраў над яўрэямі на Беларусі

Найбольш яркім прадстаўніком кансерватыўнай часткі мясцовай адміністрацыі быў магілёўскі губернатар Мікалай Клінгенберг, які праявіў сябе прыхільнікам жорсткіх, у літаральным сэнсе «палачных» метадаў кіравання.

Ён бачыў прычыну абвастрэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў краі ў тым, што «ўсё яўрэйскае насельніцтва вельмі варожа настроенае ў дачыненні да рускага». У мясцовай адміністрацыі і паліцыі фарміравалася прэзумпцыя «калектыўнай віны» яўрэяў.

Дзейнасць рэвалюцыйных арганізацый у рускіх кансерватыўных колах успрымалася як абраза нацыянальных пачуццяў рускага народа і выступленне супраць расійскага валадарства ў краі: «такога блюзнерства над рускай уладай і нацыянальнасцю, мы, рускія мазыране, яшчэ ніколі не бачылі! О, няма М. М. Мураўёва!…»

З 1902 года ў беларускія гарады і мястэчкі значна павялічыўся прыток сялянскай моладзі з вёскі, якая таксама цярпела ад аграрнага перанасялення. Але ў гарадах яны не маглі атрымаць пастаянную працу ды наладзіць свой побыт – і на гэтую фрустрацыю вельмі добра клалася антысеміцкая прапаганда.

Асабліва вялікую падтрымку рэакцыянеры знаходзілі сярод рускіх старавераў у Беларусі, для якіх праз асаблівасці веравучэння і эканамічную канкурэнцыю было характэрна негатыўнае стаўленне да яўрэяў. 

Целы ахвяраў Кішынёўскага пагрому 1903 года

Целы ахвяраў Кішынёўскага пагрому 1903 года

Кішынёўскі пагром 1903 года, у якім было забіта 50 чалавек і яшчэ 600 чалавек скалечана, а дакладней паблажлівая рэакцыя на яго з боку імператара Мікалая II і міністра ўнутраных спраў Вячаслава Плеве, сталі абнадзейвальным сігналам для прыхільнікаў жорсткіх мер і ў беларускіх губернях.

Першай маштабнай пагромнай акцыяй у Беларусі стаў яўрэйскі пагром у Гомелі 1—2 верасня 1903 года.

Мяркуючы па архіўных крыніцах, пагром быў падрыхтаваны і арганізаваны сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў вайскова-паліцэйскіх і жандарскіх структур, чынавенства дзяржаўных ведамстваў, чыгуначных службоўцаў і дробнай гарадской буржуазіі. 

Следчыя дакументы паказваюць, што ўзровень антыяўрэйскай агрэсіі ў Гомелі быў недастатковы для спантаннага ўзнікнення канфлікту, таму выбралі групы, якімі можна было маніпуляваць.

Антысеміцкая прапаганда перш за ўсё знайшла водгук у асяроддзі маргіналізаванай сялянскай моладзі з пакалення, якое вырасла ў беларускай вёсцы ўжо пасля выхаду «Часовых правіл» і не мела штодзённых зносін з яўрэйскім насельніцтвам.

Асноўную масу шараговых пагромшчыкаў складалі рабочыя Лібава-Роменскіх і Палескіх чыгуначных майстэрняў, сялянская моладзь, занятая ў горадзе на падзённых і сезонных работах, у асноўным на чыгунцы і будаўніцтве, а таксама «басякі-залатаротцы» — прадстаўнікі гарадскога люмпен-пралетарыяту. У ходзе пагрому да іх далучыліся сяляне прыгарадных вёсак. 

Яўрэй, забіты ў вераснёўскіх пагромах 1903 года ў Гомелі

Яўрэй, забіты ў вераснёўскіх пагромах 1903 года ў Гомелі

У выніку пагрому загінулі не менш за 12 чалавек — 7 яўрэяў (па іншых даных — да 12) і 5 хрысціян. Ахвяры сярод хрысціян былі выкліканыя дзеяннямі войскаў, якія абстралялі натоўпы людзей. Цяжкія калецтвы атрымалі 8 чалавек, усяго ж было паранена каля 50 чалавек. Значныя матэрыяльныя страты былі нанесеныя не менш чым 400 яўрэйскім сем'ям, каля 250 жылых і гандлёвых памяшканняў былі пашкоджаныя і разбураныя, пры тым, што найбольш моцна пацярпела яўрэйская бедната. 

Перад судом сталі 1 дваранін, 5 мяшчан і 38 сялян з вёсак Магілёўскай губерні, сярэдні ўзрост якіх складаў 24,5 года. 

Магілёўскі губернатар, які выступіў перад прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны Гомеля, абвінаваціў іх саміх у правакаванні беспарадкаў і страце «павагі да ўлады».

У рапарце Клінгенберг сцвярджаў: «…хоць здарэнню гэтаму надаецца характар яўрэйскага пагрому, але лічу сваім абавязкам сведчыць перад Вашай Імператарскай вялікасцю, што галоўнымі вінаватымі ў падзеі з'яўляюцца самі яўрэі. Падпольнай антыўрадавай прапагандай яны абураюць працоўны клас, падбухторваючы да беспарадкаў, якія пры першым зручным выпадку адбіваюцца на іх жа саміх з прычыны іх абуральна дзёрзкага і грэблівага стаўлення да хрысціян». 

Магілёўская губерня са значным адрывам лідзіравала на тэрыторыі Беларусі па колькасці і цяжару пагромаў. Гомельскі пагром паклаў пачатак цэлай серыі інцыдэнтаў, якія распаўсюдзіліся на значную частку тэрыторыі Беларусі і працягваліся, прынамсі, да сярэдзіны 1906 года.

Пагром ці пагроза пагрому становіцца для мясцовай адміністрацыі — перш за ўсё нізавой яе часткі — спосабам штодзённага кіравання.

Карыкатура амерыканскага часопіса 1904 года, якая паказвае яўрэяў, якія ўцякаюць з Расійскай імперыі пад страхам пагромаў, і цара Мікалая II, які патурае гэтаму

Карыкатура амерыканскага часопіса 1904 года, якая паказвае яўрэяў, якія ўцякаюць з Расійскай імперыі пад страхам пагромаў, і цара Мікалая II, які патурае гэтаму

Руска-японская вайна адкрыла новы этап у разгортванні антыяўрэйскага гвалту. Увосень 1904 года па беларускіх губернях прайшла хваля так званых «мабілізацыйных» пагромаў. Яны адбыліся пераважна на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і, часткова, Мінскай губерняў. На тэрыторыі Магілёўскай губерні было не менш за 14 пагромаў, у Віцебскай і Мінскай па 6 пагромаў, а вось па Гродзенскай і Віленскай губернях звесткі пра пагромы не выяўленыя.

Мабілізаваныя на вайну сяляне канцэнтраваліся на зборных пунктах у сёлах, гарадах і мястэчках, пры гэтым працяглы час яны былі без кантролю, нагляду і харчавання, п'янствавалі і хуліганілі. Шматлікія выпадкі ўхілення яўрэяў ад мабілізацыі толькі падбухторвалі беларускіх сялян-рэзервістаў.

Пад уплывам прапаганды, якая тлумачыла няўдачы Расіі ў вайне з Японіяй «здрадай» яўрэяў, мабілізаваныя сяляне грамілі і рабавалі яўрэйскія дамы і маёмасць. У павятовых і губернскіх гарадах расійская адміністрацыя мела магчымасць прадухіліць пагромы, але не стала гэтага рабіць.

Карыкатура польскага мастака Генрыка Навадворскага на Беластоцкі пагром 1906 года. Пагромшчык паказаны ў царскай фуражцы з кукардай набакір

Карыкатура польскага мастака Генрыка Навадворскага на Беластоцкі пагром 1906 года. Пагромшчык паказаны ў царскай фуражцы з кукардай набакір

Дэманстратыўна карны характар меў самы маштабны з «мабілізацыйных» пагромаў, які адбыўся 10—11 кастрычніка ў Магілёве.

Летам 1905 года рэзка актывізаваліся рэвалюцыйныя арганізацыі ў павятовых гарадах, мястэчках Магілёўскай і Мінскай губерняў, дзе ўлады не мелі значных ваенных і паліцэйскіх сіл.

Грамадска‑палітычны крызіс інтэрпрэтаваўся як канфлікт «яўрэяў» і «рускіх».

Надзвычайнай вастрыні дасягнула супрацьстаянне ўладаў і рэвалюцыйных арганізацый у Гомелі. Акты тэрору, узброеныя сутыкненні сталі тут паўсядзённай з'явай. Гомельскі паліцмайстар, пасля серыі замахаў на яго жыццё, публічна абвясціў, што «ўсякага яўрэя, які належыць да адкідаў яўрэйскага грамадства і называе сябе дэмакратам» і наблізіцца да яго, будуць расстрэльваць казакі канвою. Сітуацыя рэзка змянілася на карысць улады. Магілёўскі губернатар з задавальненнем адзначаў, што ў выніку «ў Гомелі запанаваў… поўны спакой».

Рынак перад Вялікай сінагогай у Гомелі

Рынак перад Вялікай сінагогай у Гомелі

Актывізацыя пагромных настрояў увесну — улетку 1905 года выклікала незадаволенасць часткі вышэйшай пецярбургскай бюракратыі, якая ўгледжвала ў гэтым перш за ўсё недазваляльную «самадзейнасць» на месцах.

Аднак прыхільнікі жорсткіх захадаў з мясцовай адміністрацыі не ўспрымалі ўсур'ёз меркаванні са сталіцы.

Ва ўрадавых вярхах былі ўплывовыя сілы, якія праяўлялі відавочныя сімпатыі ідэі «пакараць яўрэяў» нягледзячы на нестабільнасць сітуацыі, а хутчэй — менавіта дзякуючы ёй. Менавіта на такіх людзей і арыентаваліся прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі — магілёўскі губернатар Мікалай Клінгенберг і, збольшага, мінскі губернатар Павел Курлоў.

Таварыш міністра ўнутраных спраў, камандзір корпуса жандараў Дзмітрый Трэпаў у сярэдзіне лета 1905 года на данясенні Клінгенберга аб тым, што «… абуральныя дзеянні яўрэяў настройваюць хрысціянскае насельніцтва да пагромаў», наклаў красамоўную рэзалюцыю «Пара».

Пётр Сталыпін, які дамагаўся «заспакаення» краіны перш за ўсё ваенна-бюракратычным шляхам, улетку 1906 года пагражаў губернатарам «мяжы аселасці» персанальнай цяжкай адказнасцю за кожную праяву славутай пагромнай «стыхіі», якой традыцыйна апраўдваліся мясцовыя ўлады.

Новая магутная ўспышка антыяўрэйскага гвалту адбылася ў кастрычніку 1905 года і была звязаная з абвастрэннем крызісу расійскай самадзяржаўнай сістэмы. За гэты пэрыяд на тэрыторыі Беларусі адбылося ня менш за 23 пагромы, найбольш — 13 — у Магілёўскай губерні, у Мінскай зафіксавана 8 пагромаў, у Віцебскай — 2 пагромы ў Віцебску і Полацку, а на тэрыторыі Гродзенскай і Віленскай губерняў пагромы не адзначаныя. 

Сінагога ў Оршы, дзе адбыўся адзін з буйных пагромаў

Сінагога ў Оршы, дзе адбыўся адзін з буйных пагромаў

Такім чынам, асноўная маса пагромаў адбылася ў Магілёўскай губерні, дзе асабліва вылучаецца Аршанскі павет, а таксама ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, які залежаў у аператыўных вайскова-паліцэйскіх адносінах ад Магілёўскай губерні.

Такая лакалізацыя пацвярджае залежнасць маштабу пагромаў ад палітычных пазіцый губернскай адміністрацыі.

Магілёўскі губернатар Клінгенберг спрабаваў прадставіць пагромы як стыхійную праяву «народнага гневу», пераконваючы начальства, што «хрысціянскае насельніцтва сапраўды абуранае рэвалюцыянерамі».

Матэрыялы спраў і сведчанні дазваляюць казаць пра паліцыянтаў, «якія спецыялізаваліся» на карных акцыях, у тым ліку і на арганізацыі пагромаў.

У Магілёўскай губерні такім быў памочнік магілёўскага паліцмайстра С. Мізгайла. Яго прысутнасць і актыўная дзейнасць адзначаныя падчас пагрому ў Гомелі 1903 года, пры пагроме ў Магілёве ў 1904 годзе, ва ўзброеных разгонах дэманстрацый у Магілёве ўлетку 1905 года, падчас пагрому ў Оршы ў кастрычніку 1905 года. З 1906 года на пасадзе гомельскага паліцмайстра ён заступаўся за мясцовых чарнасоценцаў і атрымаў скандальную вядомасць праз здзекаванне і збіццё мясцовых жыхароў. 

Дэманстранцыя чарнасоценцаў у Адэсе ў 1905 годзе

Дэманстранцыя чарнасоценцаў у Адэсе ў 1905 годзе

У 1903—1905 гадах на тэрыторыі беларускіх губерняў пры садзейнічанні паліцэйска-жандарскіх структур з’явіліся манархічныя чарнасоценскія групоўкі, якія сталі пасля асновай для легальных крайне правых арганізацый. 

Пагромы 1903—1905 гадоў у Беларусі былі завершаныя пагромам у Гомелі 13—14 студзеня 1906 года.

Гэты пагром стаў фінальным актам у жорсткім супрацьстаянні ўлад і рэвалюцыйных арганізацый, які разгарнуўся на працягу ліпеня — снежня 1905 года. Ён прадэманстраваў адыход ад ранейшай тактыкі, разлічанай перш за ўсё на запалохванне масы яўрэйскага насельніцтва, цяпер галоўнай мэтай было спыненне фінансавання рэвалюцыйных арганізацый. Шкода, нанесеная пагромам, дасягала беспрэцэндэнтнай для Беларусі сумы 4 млн рублеў.

Падчас пагрому былі забіты не менш за 4 чалавекі, а 11 чалавек атрымалі раненні.

Пагром быў арганізаваны сумеснымі высілкамі жандарскага афіцэра Падгарычыні-Петравіча, мясцовых чыноўнікаў, служачых і мяшчан. Старшынёй Савета міністраў Сяргеем Вітэ па выніках праведзенага расследавання акалічнасцяў пагрому быў складзены і прадстаўлены цару мемарандум, у якім выказвалася неабходнасць пакарання арганізатараў пагрому. Аднак Мікалай II пакінуў яго без наступстваў.

У большасці выпадкаў асноўную частку пагромшчыкаў складалі сяляне, доля якіх, аднак, з 1903 па 1905 год скарацілася з 96% да 55%, і мяшчане, як беларусы, так і прадстаўнікі рускага стараверскага насельніцтва, асабліва актыўныя ў Віцебску і Полацку. Удзел у найбуйнейшых пагромах прынялі і салдаты раскватараваных часцей расійскай арміі. Зафіксаваны таксама ўдзел у пагромах прадстаўнікоў паштова-тэлеграфных і чыгуначных служачых і рабочых.

Карыкатура 1906 года на чарнасоценскую і казацкую агітацыю перад выбарамі ў Дзяржаўную Думу, якая зводзілася да закліку «Бі…», а каго трэба біць было і так усім вядома

Карыкатура 1906 года на чарнасоценскую і казацкую агітацыю перад выбарамі ў Дзяржаўную Думу, якая зводзілася да закліку «Бі…», а каго трэба біць было і так усім вядома

Матывацыя дзеянняў асноўнай масы пагромшчыкаў была разнастайнай.

Асноўная маса сялян і мяшчан кіраваліся матывамі помсты пад уплывам правакацыйных чутак, які прыпісвалі яўрэям уяўныя забойствы хрысціян і разбурэнне хрысціянскіх храмаў.

Многія асцерагаліся, што ўраўнанне ў правах прывядзе да пагаршэння становішча хрысціянскага насельніцтва, што было наступствам доўгачасовай сегрэгацыі расійскімі ўладамі мясцовага грамадства.

Сярод сялян паўсюдна былі моцныя матывы рабавання яўрэйскай маёмасці і імкненне пазбавіцца ад пазыковай залежнасці ад яўрэйскіх гандляроў, ліхвяроў і крамнікаў. 

Салдаты паддаваліся ўплыву абвінавачванняў яўрэяў у «здрадзе» Расіі ў гады руска-японскай вайны. Пры гэтым нельга, вядома, адмаўляць і таго, што спрыяльную глебу для антысеміцкай прапаганды стваралі і экстрэмісцкія дзеянні яўрэйскіх рэвалюцыйных арганізацый.

Нарэшце, існаваў непасрэдны прымус да ўдзелу ў пагроме з боку шэрагу чыноўнікаў паліцыі і сельскай адміністрацыі. Антысеміцкая агрэсія патрабавала пастаяннага заахвочвання і падштурхвання з боку чыноўнікаў і паліцыі.

Менавіта ў гэтым асяроддзі антыяўрэйскі гвалт разглядаўся як выкананне «патрыятычнага абавязку», як «абуджэнне доўга «драмалай» рускай нацыянальнай самасвядомасці».

Адсутнасць агрэсіўнага антысемітызму ў беларускага насельніцтва дазваляе растлумачыць адносную малалікасць пагромаў, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў перыяд 1903—1906 гадоў. Палітычныя перамены ў імперыі звялі пагромныя настроі ў беларускіх губернях на нішто.

Аднавіліся пагромы ў рэвалюцыйны 1917 год, да 1919 года яны правакаваліся пераважна антысавецкімі сіламі — незадаволенне бальшавікамі, якіх многія асацыявалі з яўрэямі, было распаўсюджана на ўсё яўрэйскае насельніцтва. Асабліва вылучаецца пагром, які адбыўся ў Гомелі падчас антысавецкага «Стракапытаўскага» мяцяжу 24-28 сакавіка 1919 гадоў, калі было забіта да 25 камуністаў, большасць якіх была яўрэйскай нацыянальнасці.

Пацярпелі яўрэі, асабліва ў Мазырскім і Рэчыцкім паветах, і ад пагромаў, арганізаваных польскімі акупацыйнымі войскамі ў жніўні 1919 — ліпені 1920 года. Яўрэйскае насельніцтва вымушана было цярпець грабяжы і здзекі, прыцягвалася на прымусовую працу, адзначаліся забойствы яўрэяў.

Фармаванні Станіслава Булак-Балаховіча, сёння ўзведзенага ў ранг нацыянальнага беларускага героя і змагара супраць бальшавізму на Беларусі, арганізоўвалі пагромы, падчас якіх яўрэйскае насельніцтва падвяргалася масавым грабяжам, здзекам і забойствам. Палітычныя прычыны тут спалучаліся з жаданнем парабаваць. Усяго, па няпоўных дадзеных, балахоўцамі было забіта больш за 246 яўрэяў, з іх 60 у вёсцы Міхедавічы, і 70 — у вёсцы Вялікія Гарадзяцічы.

Грамілі яўрэяў і банды антысавецкіх атаманаў, сярод якіх асаблівай жорсткасцю вылучаецца банда Івана Васільчыкава, больш вядомага як «атаман Галака». Гэтай і іншымі групоўкамі ў 1921-1922 гадах, па няпоўных даных, было забіта больш за 400 яўрэяў.

Шыльды на чатырох дзяржаўных мовах, сярод якіх і ідыш, у савецкім Мінску

Шыльды на чатырох дзяржаўных мовах, сярод якіх і ідыш, у савецкім Мінску

Але з іншага боку паказальна, што і першая і другая Устаўныя Граматы БНР дэкларавалі роўнасць усіх народаў і моў. У адказ на гэта яўрэйская фракцыя Мінскай гарадской Думы заявіла пра падтрымку беларусаў, пра ўдзел у стварэнні БНР і выдаткаванне грошай на беларускія справы. Прыхільна ставіліся да яўрэйства і ў маладой Савецкай Беларусі, дзе ідыш быў адной з дзяржаўных моў, ствараліся яўрэйскія прэса, школы, тэатры.

У 1921 годзе Рада і ўрад БНР у выгнанні выдалі адозву пра супрацу з яўрэйскім народам, у якой заклікалі аб’яднаць беларускую і яўрэйскую нацыі ў адзін дзяржаўны беларускі народ.

БНР мусіла стаць першай дзяржавай, у якой яўрэі, упершыню за два тысячагоддзі існавання дыяспары, прызнаваліся супольнай дзяржаўнай нацыяй.

Нататка пра візіт міністра БНР на сусветны сіянісцкі кангрэс у Карлсбадзе з віленскай газеты «Беларускі звон» за 1921 год

Нататка пра візіт міністра БНР на сусветны сіянісцкі кангрэс у Карлсбадзе з віленскай газеты «Беларускі звон» за 1921 год

У той час міністрам па справах нацыянальных меншасцей БНР быў яўрэй Самуіл Жытлоўскі. Каб заручыцца дапамогай яўрэйскай дыяспары ў свеце ў будаўніцтве незалежнай Беларусі, ён наведваў розныя краіны Еўропы і браў удзел у 12-м сіянісцкім кангрэсе ў Карлсбадзе, дзе меў нарады з яўрэйскімі дзеячамі Хаімам Вейцманам, ураджэнцам палескага Моталя і будучым першым прэзідэнтам Ізраіля, Нахумам Сокалавым і Леа Моцкіным, прапагандыстам іўрыту.

Гэтыя факты кажуць пра тое, што беларускія масы і нацыянальны рух не супрацьстаялі мясцоваму яўрэйству і не мелі моцнай антыяўрэйскай матывацыі.

Акалічнасці пагромаў на беларускіх землях у часы Расійскай імперыі дазваляюць сцвярджаць, што крыніцай антыяўрэйскай агрэсіі, а таксама першапачатковы і асноўны «пагромны» імпульс зыходзіў не ад беларускіх мас, а ад прадстаўнікоў мясцовай расійскай адміністрацыі і жандарска-паліцэйскіх структур.

Паказальна, што слова pogrom стала адным з найбольш вядомых русізмаў у іншых мовах, бо ёміста апісвае з’яву, якая найбольш яскрава праявілася ў расійскіх рэаліях. Сёння да яго дадаліся такія ж характэрныя словы, як soviet, bolshevik, troika, apparatchik ды апошняе — siloviki.

Чытайце таксама:

У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пагромшчыкі ўварваліся ў аэрапорт

Адбіткі імперый. Чаму Польшча палітычна дзеліцца па колішняй граніцы Расіі і Германіі

Як збіраліся ліквідаваць савецкую Беларусь. План, які памёр разам з яго ініцыятарам

Клас
58
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
14
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?