Юрый Караеў. Фота: Sb.by

Юрый Караеў. Фота: Sb.by

Юрый Караеў расказаў, што родам з простай сям'і, ягоны бацька працаваў электрамантажнікам, а маці інжынерам. Яго самога назвалі ў гонар Юрыя Гагарына. 

«Бацькі заклалі аснову, прынцыпы. Яны быццам простыя, але фундаментальныя: быць сумленным перад сабой і іншымі, дапамагаць тым, хто жыве ў нястачы, умець пастаяць за сябе», — расказаў пра сваё выхаванне ўраджэнец расійскай Асеціі Караеў.

Былы міністр прызнаўся, што з'яўляецца прыхільнікам творчасці Аляксандра Разенбаума. Кнігамі, якія найбольш на яго паўплывалі, Караеў лічыць «Тры мушкецёры» Дзюма і «Дзеці капітана Гранта» Верна, але любімай называе «Узнятую цаліну» Міхаіла Шолахава, прычым адзначае ў ёй эпізод выключэння з партыі Макара Нагульнова. 

Галоўным святам Караеў для сябе лічыць Дзень Перамогі.

Распавядаючы пра сваё з'яўленне ў Беларусі, прыгадаў гісторыю з роднага двара:

«Я, калі з ваеннага вучылішча размяркоўваўся, мая суседка ў нашым інтэрнацыянальным двары ў родным Арджанікідзэ спытала: «Юра, ты куды размеркаваўся?» «У Беларусь», — адказваю. А яна кажа: «Як табе пашанцавала. Гэта найлепшы народ!» Я з гэтым пачуццём і ўпэўненасцю жыву тут ужо 34 гады».

Варта нагадаць, што на нарадзе ў 2020 годзе, аўдыязапіс якой прысутныя на ёй афіцэры апублікавалі ў інтэрнэце, Караеў называў беларусаў не найлепшым народам, а самым пакорлівым, і дзівіўся, як гэта яны маглі ўзбунтавацца супраць улады.

Прыгадваючы тагачасныя падзеі, калі ён узначальваў МУС, Караеў заявіў: «Апазіцыйныя тэлеграм-каналы яўна працавалі на свае «зялёныя», а ўсе «нейтральныя» былі ахопленыя нейкай вакханаліяй. Я быў проста ўражаны, як адукаваныя людзі ставіліся да гэтых вар'яцкіх фэйкаў. Галоўнае, што мы перамаглі і сталі ў сто разоў мацнейшыя!»

Апанентаў рэжыму Лукашэнкі ён абвінаваціў у тым, што тыя, як «сучаснікі-паслядоўнікі» аднаго з кіраўнікоў нацысцкай Германіі, перанялі ягоны пастулат «Чым больш жахлівая хлусня, тым ахвотней ёй вераць».

Гэтая фраза часта прыпісваецца міністру прапаганды Ёзэфу Гебельсу, але насамрэч паходзіць з кнігі Адольфа Гітлера Mein Kampf, у якой той абвінаваціў яўрэяў і марксістаў у паразе Германіі ў Першай сусветнай вайне.

«Гэтыя спадары зыходзілі з таго правільнага разліку, што чым больш жахліва вы хлусіце, тым хутчэй вам павераць. Шараговыя людзі хутчэй вераць вялікай хлусні, чым маленькай. Гэта адпавядае іх прымітыўнай душы. Яны ведаюць, што ў малым яны і самі здольныя зманіць, ну а ўжо вельмі моцна схлусіць яны, мабыць, пасаромеюцца. Вялікая хлусня нават проста не прыйдзе ім да галавы».

Як бачым, гэтай фразай нацысты распавядалі не пра свае метады, хоць па факце яны такімі і былі, а абвінавачвалі ёй сваіх апанентаў. Дакладна тое ж паўтарыў праз 100 гадоў і беларускі сілавік. 

Клас
2
Панылы сорам
29
Ха-ха
9
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
115