Фота: «Голас часу»

Фота: «Голас часу»

Напярэдадні Хэлаўіна маларыцкая раённая газета «Голас часу» вырашыла пацікавіцца ў мясцовых жыхароў пра іх стаўленне да гэтага святкавання. Сярод тых, каго апытвалі, выпадковых людзей чамусьці не аказалася, заўважыла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пра Хэлаўін выказалася, у прыватнасці, старшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Клаўдзія Буян. Паводле яе слоў, гэты Дзень усіх святых не мае ніякага дачынення да беларускай нацыянальнай культурнай і духоўнай традыцыі.

«Заканадаўчая база нашай дзяржавы замацоўвае прыярытэт традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў, неад'емнай часткай якіх з'яўляюцца каштоўнасці хрысціянскай культуры, маралі і маральнасці. Каляды, Радаўніца, Вадохрышча, Вялікдзень, 9 Мая, Новы год і іншыя — гэта наша гісторыя, якую неабходна беражліва захоўваць і перадаваць маладому пакаленню», — адначае маларыцкі ідэолаг.

Паводле яе слоў, Хэлаўін святкуюць у Беларусі толькі тыя, хто «бачыць у заходнім свеце эталон усяго». А гэта нібыта вядзе да таго, што «мы не толькі губляем самапавагу, але і навучыліся грэбаваць уласнай культурай і нават верай, стварылі ўласны комплекс непаўнавартаснасці ў імкненні да еўрапейскай цывілізацыі, якая ў апошні час усё больш і больш скочваецца да першабытнага амаральнага быцця».

Яшчэ адным «голасам» з народа, што выказалася ў дзяржаўнай газеце на тэму Хэлаўіна, была намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Маларыцкай раённай гімназіі Наталля Асіпук. Яна перакананая, што «нават калі людзі зусім нічога не ўкладаюць у Хэлоўін, ён можа быць небяспечны тым, што адбываецца скажэнне традыцыйнага ўспрыняцця дабра і зла».

Педагог зазначыла, што гэтае свята «з'яўляецца сродкам дэгуманізацыі і дэманізацыі дзіцячай свядомасці, уводзіць моду на атрыбутыку і адзенне з выявай смерці, разбурэння, дысгармоніі, паэтызуе жорсткасць». Кажа, што гэта не міне бясследна ні для псіхічнага стану дзяцей, ні для асабістага развіцця.

«Выпадковым жыхаром» для апытанкі стаў і святар праваслаўнай царквы ў Маларыце Віктар Паляціла. Ён адразу адзначыў, што «РПЦ згадванне Хэлаўіна не ўхваляе», бо мае свой Дзень усіх святых.

«Хэлаўін — гэта спроба пасябраваць з нячыстай сілай. Гэта віток акультызму. Яго спрытна выкарыстоўвае д'ябал, усяляючы людзям, што гэта цудоўнае, бяскрыўднае мерапрыемства, на якім проста весела і цікава, — кажа праваслаўны святар. — Калі бацькі апранаюць сваё дзіця ва ўборы дэманаў, вампіраў, вядзьмарак ды іншай нечысці, то яны выхоўваюць супернікаў дабра, наносяць шкоду юнай душы… Што ж дзівіцца потым: адкуль у дзяцей столькі жорсткасці ў стасунках адно з адным, у адносінах да жывёл і наогул да прыроды».

Іншых меркаванняў людзей з Маларыты наконт святкавання Хэлаўіна мясцовая дзяржаўная газета не выклала, таму ў чытачоў можа скласціся ўражанне, што сапраўды гэта свята нясе суцэльны негатыў і мае выключна адмоўныя рысы.

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
23
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0