Былы дарадца кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Фота: Global Look Press

Былы дарадца кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Фота: Global Look Press

Днямі былы дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны апублікаваў у сваім тэлеграм-канале праграму з чатырнаццаці пунктаў, з якімі збіраецца ісці на прэзідэнцкія выбары. Цалкам азнаёміцца з імі можна вось тут.

Прывядзем прапановы, якія тычацца вядзення вайны.

«Прапанова калектыўнаму Захаду — мы гатовыя да варыянта Кісінджэра (вяртанне да стану да пачатку вайны ў лютым 2022 года. — НН). Патрабуем уступлення ў НАТА з абавязацельствам не адваёўваць акупаваныя на момант уступлення тэрыторыі, а дамагацца іх вяртання толькі палітычным шляхам», — сказана ў праграме.

«На фронце становімся ў стратэгічную абарону. Мяняем кадравую палітыку ў сілах абароны на чалавекацэнтрычную: больш жыццяў зберагчы, больш спецыялістаў вырасціць. Мяняем сістэму мабілізацыі: уводзім падрыхтоўку рэзерваў на апярэджанне і ратацыю мабілізаваных. Выпускаем мужчын за мяжу — з умовай вяртання ў выпадку прызыву», — прапануе Арастовіч.

Сярод пунктаў таксама — аб'ява надзвычайнага становішча ў эканоміцы, энергетыцы і фінансах для скарачэння бюракратычных працэдур і хутчэйшага развіцця ва ўмовах вайны, масавы і легальны доступ прыватнага бізнэсу да абаронных заказаў і падтрымкі арміі.

Арастовіч патлумачыў пункт адносна рэальнай ацэнкі вяртання да ранейшых межаў.

«Гэта не НАТА ў абмен на тэрыторыі. Гэтае часовае рашэнне да таго моманту, пакуль абставіны і ўмовы не дазволяць нам вярнуць нашы тэрыторыі палітычным шляхам. З-за сённяшняга стану рэчаў на фронце і з-за пазіцыі многіх нашых партнёраў размовы аб выхадзе на межы 1991 года застануцца толькі размовамі».

У інтэрв'ю расійскаму выданню «Медуза» Арастовіч заявіў, што толькі Пуцін і некалькі чалавек у яго атачэнні па-сапраўднаму хочуць ваяваць з Украінай, таму пасля іх сыходу альбо звяржэння з'явіцца больш шанцаў на вяртанне акупаваных тэрыторый без вайны.

А ўкраінскае грамадства, якое збольшага выступае за вайну да поўнага вяртання тэрыторый, сутыкнецца з рэальнасцю, калі перамог на фронце няма, а канец вайны з Расіяй не гарантаваны нават пасля вяртання ўсіх тэрыторый, упэўнены палітык.

Арастовіч выказаўся і наконт будавання адносін з Расіяй:

«Расія — наш сусед, яна нікуды не падзенецца. Пуціны прыходзяць і адыходзяць, а Расія застаецца. Мы ўсе зацікаўлены ў дзвюх рэчах. Па-першае, каб Расія стала моцнай, свабоднай, дэмакратычнай дзяржавай. Па-другое, каб Расія была часткай Захаду. І каб яна не сышла пад Кітай, не стала ядзерным сатэлітам Кітая. Цалкам можа аказацца так, што з будучай Расіяй мы можам аказацца калі не нейтральнымі, то хаўруснікамі — у рамках, напрыклад, адзінай пазіцыі Захаду».

Арастовіч будзе ствараць сваю ўласную палітычную партыю.

«Я адназначна буду балатавацца і ствараць «Партыю Арастовіча». У нас ва Украіне толькі імянныя партыі працуюць. Ёсць брэнд, мы яго і будзем развіваць. <…> Тыя, хто ладзяць сацыялагічныя апытанні, кажуць, што я дакладна разглядаюся ў якасці кандыдата ў прэзідэнты», — сказаў палітык.

Аднак ён дапускае імавернасць таго, што прэзідэнцкую кампанію давядзецца весці за мяжой з-за праблем з бяспекай.

Звязана гэта, па словах Арастовіча, з тым, што ён канфліктуе з Офісам прэзідэнта Украіны, за што «падвяргаецца ціску і пагрозам прамога пераследу».

«Апошнім прыкладам было тое, што сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў, які з'яўляецца непасрэдным падначаленым Зяленскага, заявіў, што я расійскі шпіён, дзейнічаю ў расійскіх інтарэсах, і мной цікавяцца праваахоўныя органы», — распавёў «Медузе» Аляксей Арастовіч.

Арастовіч пацвердзіў, што цяпер не ва Украіне.

Палітык таксама выступае за адмену абмежаванняў у адносінах да рускай мовы разам з захаваннем дзяржаўнага прыярытэту ўкраінскай. На яго думку, пераслед за мову або нацыянальнасць мусіць жорстка карацца.

Раней Арастовіч называў сённяшнюю палітыку Украіны ў адносінах да Беларусі «дрэннай», бо яна не падзяляе рэжыму Лукашэнкі і грамадскай супольнасці.

«Вы — агрэсары, вы — нягоднікі, а вы — забойцы, а вы — гультаі, не хочаце нам дапамагчы і гэтак далей. Такая палітыка вельмі дрэнна працуе з беларусамі. Бо кляйміць дзяржаву агрэсарам… А як жа беларускі супраціў, партызаны, якія падрывалі рэйкі, як тыя ўсе людзі, якія цяпер сядзяць у турмах, а беларуская апазіцыя?» — разважае Арастовіч.

Аляксей Арастовіч здабыў шырокую вядомасць сваімі выступамі ў ютубе на пачатку вайны, але неўзабаве страціў папулярнасць ва Украіне, займеў рэпутацыю папуліста. 

На сёння Арастовіч мае адзін з найвышэйшых антырэйтынгаў сярод украінскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў — 71%, згодна з апошнім апытаннем сацыялагічнай службы Цэнтра Разумкова. Для параўнання: Уладзіміру Зяленскаму давяраюць 75% украінцаў.

Акрамя таго, украінскія праваахоўнікі пачалі расследаваць справу ў дачыненні да Аляксея Арастовіча пасля яго скандальных выказванняў пра жанчын. Ëн заяўляе, што яго словы «іх хочацца душыць і трахаць, спачатку трахаць, а пасля душыць» вырвалі з кантэксту.

Чытайце таксама:

Зяленскі ці Арастовіч? Каму найбольш давяраюць украінцы? З’явіўся новы рэйтынг

«Аперацыя Нармандыя»: украінскія войскі пашырылі плацдарм у Крынках насупраць Херсона

Залужны: Вайна зайшла ў тупік. Яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву

Клас
18
Панылы сорам
17
Ха-ха
11
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
33

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?