Фота тут і далей: blizko.by

Фота тут і далей: blizko.by

Гэтая частка горада ўжо даўно зменьваецца ў вышынны мікрараён, і цяпер з дзясятак дваццаціпавярховых дамоў навісае над апошнімі хаткамі.

На паўднёвы захад ад станцыі метро — рэшткі 2-й, 3-й, 4-й і 5-й вуліц Шчорса і Дзекабрыстаў. Нумарныя вуліцы (за адным выключэннем) на гэтым, падобна, скончаць сваё існаванне, а ад Дзекабрыстаў застанецца яшчэ маленечкі кавалачак у раёне Грушаўскага сквера, дзе яшчэ стаіць абкладзены вентфасадам дыхтоўны з выгляду двухпавярховік па адрасе Дзекабрыстаў, 5. І ацалее 3-я вуліца Шчорса, бо на ёй мае быць новы шматпавярховік.

Вулачкі-завулачкі, на якіх былі прапісаныя прыватныя дамы, патанаюць у гразішчы: па іх цяпер ездзіць толькі будаўнічая тэхніка, сачыць за чысцінёй няма каму. 

Дамы ўжо адселеныя. Але ў дварах яшчэ можна сустрэць былых жыхароў: яны вывозяць апошні хоць трохі каштоўны скарб. Тамара, жыхарка аднаго з дамоў, сказала журналістам, што яе перасялілі на вуліцу Гурскага недалёка ад станцыі метро «Міхалова». А вось калі будзе знос — ім ніхто не паведамляе, таму яны імкнуцца ўправіцца хутчэй.

Сярод разбураных і цэлых дамоў стаіць адзін згарэлы: пажар здарыўся з месяц таму. Суседзі кажуць, што гэта «не тое што бамжы, але і не звычайныя жыхары» не справіліся з газавай плітой. Яшчэ адзін дом таксама абгарэў: у яго няма даху і відаць, што абвугліліся верхнія вянкі зруба.

Адна-дзве хаткі выглядаюць яшчэ вельмі прыстойна, але гораду не патрэбныя аднапавярховікі ў такім прынадным месцы, тут патрэбныя вышынныя дамы. Два навісаюць прама над гэтымі дамамі, яшчэ з дзясятак высіцца праз дарогу.

Праз плот аднаго з участкаў працягнулася маліна. У лістападзе на кустах яшчэ ёсць чырвоныя ягады. Прыроду ніхто не папярэдзіў пра знос раёна.

Другі зруйнаваны ўчастак — на паўночны захад ад праспекта. Тут Фаніпальскія вуліца і завулак, вуліца і 1-ы завулак Стасава, 1-я і 2-я Землямерныя вуліцы і 2-я і 3-я вуліцы Шчорса.

Знос тут пачаўся яшчэ некалькі гадоў таму, але дагэтуль забудоўшчыкам хапала тэрыторыі, якая вызвалілася пасля разборкі 1-й і, у меншай ступені, 2-й Каморніцкай вуліцы. Цяпер жа дакладна знясуць ушчэнт і ўсё астатняе, што яшчэ ацалела.

Значная частка гэтых вуліц-дамоў ужо знесеная, засталося крыху больш за дзясятак дамоў. Прычым на месцы завулкаў Каморнікавага і Стасава пышна зелянее ўсякае пустазелле — амаль нерэальная карціна для амаль цэнтра горада, дзе можна было б уторкнуць некалькі 25-павярховых маналітна-каркасных дамоў.

Калонка з вадой яшчэ дзейнічае — да яе прыходзяць людзі з вёдрамі. Саспелыя яблыкі падаюць з дрэў і нанізваюцца на плот. Вулічная котка бегае па апусцелых вуліцах. З некаторых ракурсаў і не скажаш, што гэта адселены раён. Здаецца, быццам гэта нармальны вясковы куток.

А некаторыя дамкі дык і зусім ці не да горных шале падобныя. Тут моцны перапад вышынь, таму ў асобных дамоў самавітыя паўпадвалы і падвалы. Ды і ў цэлым тут не толькі аднапавярховікі, але і двухпавярховікі, і двухпавярховікі з жылымі мансардамі.

У былых агародах засталіся былыя трусіныя клеткі. У былых майстэрнях валяюцца былыя інструменты, тэхнічныя вадкасці. У гаражах — налепкі ад жвачак.

Зусім непадалёк, на вуліцы Розы Люксембург, працягваюць працаваць рабочыя. Там раскалупалі брукаваную дарогу.

Праватныя дамы знясуць ужо да Новага года, а некаторыя — і ў найбліжэйшыя дні.

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
67
Абуральна
10