Кадр з фільма «Хворая дзяўчына», які пакажуць на фестывалі

Кадр з фільма «Хворая дзяўчына», які пакажуць на фестывалі

У міжнародную праграму «Ззяння — 2023» увайшло 17 фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі. Фокус-краінай, адкуль сёлета праграмерамі была адабрана найбольшая колькасць фільмаў, стала Швецыя. Сёлета можна будзе паглядзець фільмы пра барацьбу за свае правы, жаночую салідарнасць, экзістэнцыйны пошук сябе, пераасэнсаванне гісторыі сваёй сям'і. Парэфлексаваць ці глыбей пагрузіцца ў тэму некаторых стужак гледачы змогуць падчас тэматычных падзей online і offline.

Значнай часткай балтыйска-нардычнай праграмы сёлета з'яўляецца Міжнародны конкурс дэбютных карцін, які будзе ацэньваць міжнароднае журы. Акрамя гэтага ў праграме ёсць катэгорыя фільмаў «Новы погляд», на стужкі з якой праграмеры фэсту прапануюць асабліва звярнуць увагу новаму пакаленню гледачоў. 

 «Зімняя казка»

2023, Швецыя, дакументальны, Карл Ульсан

14/11/23 

Метаіранічны калейдаскоп нардычнай меланхоліі ў духу Роя Андэрсана і Фрэдэрыка Вайсмана, які складаецца з 24 кароткіх частак, заснаваных на аднайменнай песні шведскага музыкі Тэда Строма. Лаканічная і па-перфекцыянісцку дасканалая «Зімняя казка» практычна стварае новы жанр, які балансуе паміж арт-інсталяцыяй, кінакоміксам, камедыяй назіранняў і сацыяльнай сатырай, што базуецца менавіта на вядомай рэальнасці зімы. 

«Паездка з мамай»

2022, Ісландыя, Эстонія, ігравы, Хільмар Одсан

15/11/23 

У сваім першым за 13 гадоў фільме рэжысёр Хільмар Одсан нацягвае на класіку «трупных» камедый, накшталт «Уік-энду з Берні» і «Чалавека — швейцарскага нажа», ісландскі швэдар. Атрымліваецца змрочна-камедыйны роўд-муві пра запозненае сталенне. Па сюжэце, калі матуля галоўнага героя раптоўна памірае, ён, пасадзіўшы нафарбаваны і прыбраны труп маці на задняе сядзенне аўтамабіля і прыхапіўшы з сабой улюбёнага сабаку, выконвае апошнюю волю маці і вязе яе праз усю краіну, каб пахаваць у роднай вёсцы. У выніку, для яго гэтае падарожжа становіцца шляхам спазнання сябе, сваіх жаданняў і запозненай сепарацыі ад бацькоў.

 «Горы»

2023, Данія, дакументальны, Крысціян Айнсхой

16/11/23

Кранальны аўтапартрэт рэжысёра, яго братоў і разбуральнай трагедыі, якая прывяла да адчужэння адзін ад аднаго. Узброіўшыся камерай, архівам з 75 000 сямейных фатаграфій, дамашнімі відэазапісамі за 30 гадоў, велізарнай калекцыяй марак, васьмібітнай музыкай Токе Брорсана Одзіна («Зімовыя браты») і латэкснымі касцюмамі Бэтмена, Робіна і Чалавека-павука, рэжысёр вырашае растапіць увесь намерзлы за 25 гадоў лёд у сямейных адносінах. Айнсхой адпраўляецца з супергеройскай місіяй ва ўласнае дзяцінства, шчыра, з пяшчотай і гумарам спрабуючы разабрацца, чаму сямейная сувязь аказалася настолькі крохкай пад ціскам гора — і як можна сабраць яе наноў.

«Хворая дзяўчына»

2022, Нарвегія, Швецыя, ігравы, Крыстафер Борглі

17/11/23 

Сацыяльная сатыра з элементамі бодзі-хорару, паказаная на Канскім кінафестывалі. Другі фільм Крыстафера Борглі, новага фаварыта студыі A24. У ванітнай чорнай камедыі таксічная дваццацігадовая барыста Сігнэ (Крысцін Куят Торп з «Дзіцёнка-ніндзя», фільма-прызёра глядацкіх сімпатый «Паўночнага ззяння — 2022») апантаная сіндромам галоўнага героя, звяртаецца да вельмі перакручанага спосабу прыцягнуць да сябе ўвагу: пачкамі паглынае знойдзеныя ў даркнэце сумнеўныя расійскія таблеткі, з-за якіх у яе пачынаюць выпадаць валасы, а твар пакрываецца пухірамі і шнарамі.

Сігнэ распавядае ў сацсетках аб «унікальнай хваробе», вірусіцца на ўвесь свет і заключае кантракт з інклюзіўным мадэльным агенцтвам. Але чым даўжэй дзяўчына эксплуатуе свой стан, які пагаршаецца з кожным днём, тым больш яе новае жыццё інфлюенсеркі будзе скочвацца ў абсурдную i вар'яцкую трагедыю.

 «Сонечны час»

2023, Эстонія, дакументальны, Лійс Німік

18/11/23

Павольны і паэтычны партрэт пастаральнай Эстоніі, які тонка фіксуе натуральную плынь сельскага жыцця. Ствараючы гэты чароўны партрэт сельскай мясцовасці Эстоніі, Німік сем гадоў правяла з тымі, хто вырашыў ладзіць свой побыт на ўскраіне сучаснасці, удалечыні ад бязладзіцы нашага свету. Рэжысёрка захавала сваіх герояў ва ўсёй іх далікатнай прастаце на крупчастую шаснаццаціміліметровую плёнку і пры натуральным святле, каб перадаць настальгічнае і рамантычнае адчуванне вясковай ціхамірнасці, ператварыўшы яго ва ўнікальны кінематаграфічны досвед.

«Фрэнкі 5 зорак»

2023, Фінляндыя, Германія, ігравы, Біргіт Мёлер

19/11/23 

Мудрагелістая гісторыя сталення Фрэнкі і пошукаў сябе ў двух паралельных сусветах. Стужка, якая нагадвае фільмы Мішэля Гондры і Спайка Джонза і іх сцэнарыста Чарлі Каўфмана, можа пахваліцца простым, дасціпным і пацешным узаемадзеяннем дзвюх апавядальных плоскасцяў. Выдатны ход, які дапамагае ў лёгкай і гумарыстычнай форме расказаць аб многіх асобах, якія мы можам захоўваць унутры сябе. Да таго ж у галоўнай ролі — Лена Урцэндоўскі з серыялаў «Цемра» і «Як прадаць наркотыкі анлайн (хутка)».

«Апалонія, Апалонія»

2022, Данія, Польшча, Францыя, дакументальны, Леа Глоб

20/11/23

Дакументальная сенсацыя мінулага года — шчырая і захапляльная хроніка барацьбы маладой мастачкі беларуска-польскага паходжання Апалоніі за сваё месца ў сусвеце мастацтва. Фільм здымаўся на працягу 13 гадоў, што дазваляе прасачыць не толькі за шляхам гераіні і яе атачэння (Апалонія сябравала з украінскай фем-актывісткай Аксанай Шачко), але і іх адносінамі з рэжысёркай карціны Леа Глоб. «Апалонія, Апалонія» — трыумфатар IDFA і CPH:DOX — двух галоўных сусветных фестываляў дакументальнага кіно.

«Двойчы каланізаваная»

2023, Данія, Канада, Грэнландыя, дакументальны, Лін Алуна

20/11/23 

Аўтабіяграфія грэнландскай актывісткі Аайю Пітэр і хроніка яе барацьбы за прызнанне карэнных народаў, а таксама з сучасным каланіялізмам і ўласнымі дэманамі. У дзяцінстве Аайю была вымушана з'ехаць з Грэнландыі ў Данію, пазней яна перабралася ў арктычную частку Канады. Ужо падчас першай эміграцыі Аайю перастала размаўляць на роднай мове і паступова стала губляць карані. Аднак яна выбрала шлях барацьбы за сваё паходжанне: жанчына адчайна змагаецца з еўрапейскімі парламентарыямі за справядлівасць дзеля будучых пакаленняў, камунікуе з іншымі прадстаўнікамі паўночных народаў і дагэтуль спрабуе справіцца з незагойнымі траўмамі.

«Апошняя вясна»

2022, Нарвегія, ігравы, Францішка Эліасен

21/11/23 

У сваім дэбютным поўнаметражным фільме 26-гадовая Францішка Эліасен звяртаецца да даследавання блізкай яе сэрцу тэмы — ментальнай сувязі, якая існуе паміж сёстрамі. Выкарыстоўваючы ў якасці адпраўнога пункту свой асабісты досвед (сястра рэжысёркі, як і гераіня стужкі, мае праблемы з псіхічным здароўем), Эліасен пашырае рамкі дыскурсу з нагоды самога паняцця «нармальнасці», у блукаючай паэтычнай манеры вывучаючы межы паміж рэальнасцю і ўяўленнем, мінулым і сучаснасцю, людзьмі і прыродай. Акторка Рубі Дагнал («Амундсэн»), якая сыграла Веру, атрымала за гэтую ролю прэмію Amanda Awards — нарвежскі «Оскар».

«Ёёгі»

2022, Эстонія, Беларусь, Японія, дакументальны, Макс Галамідаў

22/11/23

Па-ўсходняму медытатыўнае назіранне за наведвальнікамі цэнтральнага парку Токіа. У гэтай карціне нават няма дыялогаў і саўндтрэку: рэжысёр і аператар у адной асобе паказвае гарадскія будні ў парку толькі пры дапамозе статычнай камеры і мяккага мантажу — атрымліваецца чароўна. Сярод прадзюсараў фільма дырэктарка кінафэсту «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

«Пасля працы»

2023, Швецыя, Нарвегія, Італія, дакументальны, Эрык Гандзіні

23/11/23

Яшчэ не знайшлі для сябе ідэальную формулу work-life balance? Тады абавязкова заносьце прагляд гэтага фільма ў свой каляндар. «Пасля працы» — філасофскі фільм-эксперымент па пошуку балансу паміж жыццём і працай, зняты пастаянным аператарам Рубэна Эстлунда — Фрэдэрыкам Вэнзэлем («Трыкутнік смутку»). Рэжысёр падарожнічае па свеце, размаўляе з экспертамі і вывучае цытаты Ноама Хомскага, Юваля Ноя Харары ды Ілана Маска, каб высветліць, што сёння ўяўляе сабой канцэпцыя працы — калі яна ў прынцыпе хоць нечага вартая. У якасці прыкладаў для параўнання ў фільме бяруць чатыры краіны з зусім з рознымі нормамі працы і адпачынку: Кувейт, Паўднёвая Карэя, ЗША, Італія.

«Бэнд»

2022, Ісландыя, гібрыдны, Аўльфрун Ёрнаўльфсдоцір

24/11/23

Аўльфрун, Сага і Хрэфна — саракагадовыя сяброўкі з Рэйк'явіка, якія выступаюць у невялікіх барах як авангарднае электрапанк-трыа Post Performance Blues Band. Стаміўшыся выступаць за келіх піва, гераіні даюць сабе роўна адзін год на ператварэнне ў поп-зорак — інакш яны назаўжды спыняюць займацца музыкай. «Бэнд» — гэта постдакументальная камедыя, якую зняла Аўльфрун Ёрнаўльфсдоцір — фронтвумэн PPBB і актрыса агучвання (яе голасам гаворыць па-ісландску, напрыклад, Ліза з «Сімпсанаў»). Па-панкаўску размываючы мяжу паміж рэальнасцю і выдумкай, фільм расказвае кранальную маленькую гісторыю пра вялікую мару і трыумф сястрынства.

«Сястрынства лазні па-чорнаму

2023, Эстонія, Францыя, Ісландыя, дакументальны, Ганна Хінтс

25/11/23 

Імерсіўны фільм-маніфест, які праслаўляе жаночую салідарнасць і культуру сауны ў Паўночнай Еўропе. У працэсе ачышчэння цел жанчыны знаходзяць час ачысціць душу — і дзеляцца паміж сабой самым патаемным. Жахлівыя гісторыі аб перажытым гвалце, стратах блізкіх, заблытанай сэксуальнасці і дэпрэсіях тут суседнічаюць з кранальнай і смешнай балбатнёй пра дзіўныя спатканні, вялікае каханне і надзею на ўсё найлепшае. Фільм атрымаў прэмію за рэжысуру на Sundance-2023 і падаецца на «Оскар» ад Эстоніі. 

 

«Ты мне нічога не нагадваеш»

2023, Літва, Іспанія, Швецыя, ігравы, Марыя Каўтарадзэ

25/11/23, 15:30 (Вільнюс, к/т 'Skalvija')

Наэлектрызаваная цялесная меладрама пра асэксуальнасць і розніцу паміж інтымам і сэксам. Па сюжэце танцорка Эляна і перакладчык мовы жэстаў Давідас, апускаючыся ў новыя адносіны, імкнуцца зразумець, як пабудаваць сваю ўласную блізкасць, улічваючы асэксуальнасць хлопца. Далікатная і ў поўнай адпаведнасці з назвай размераная, знятая на крупчастую плёнку і з інтымнымі буйнымі планамі меладрама Марыі Каўтарадзэ (яе дэбютны фільм «Перажыць лета» паказвалі на «Паўночным ззянні» ў 2019 годзе) прапануе незвычайны погляд на тэму сэксуальнасці, цялеснасці і рамантычных адносін. Карціна была адзначана прызам за лепшую рэжысуру ў міжнароднай секцыі кінафестывалю Sundance-2023, а таксама з'яўляецца кандыдатам на прэмію «Оскар» ад Літвы.

Фільм будзе дэманстравацца толькі offline, вы ўжо можаце набыць квіток

«Сябра рысей»

2023, Фінляндыя, дакументальны, Юха Суонпя

26/11/23

Дакументальны фінскі фолк-хорар пад трывожную музыку эстонскага гурта Puuluup пагружае гледача ў жыццё доўгабародага пустэльніка Ханну, які фактычна спрабуе жыць як рысь. Чаргуючы жывапісныя панарамы заходне-фінскай глушы і лоў-файныя чорна-белыя кадры з дзясяткаў камер начнога бачання, сюррэалістычная стужка Юхі Суонпя малюе адначасова каляровую і змрочную карціну жывёльнага свету — а таксама ўздзеяння на яго чалавека.

Усе фільмы будуць даступныя online згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.

Паказы бясплатныя. Але фестываль можна падтрымаць данатам

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0