Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Расследаванне справы аб незаконным пазбаўленні волі трох палякаў у Мінску ў 2020 годзе прыпыненае. Такое рашэнне прынятае Мазавецкім упраўленнем Нацыянальнай пракуратуры, піша Reform.by са спасылкай на RMF FM. Гаворка ідзе пра разгляд дзеянняў беларускіх сілавікоў у дачыненні да тых, хто пратэставаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у жніўні 2020 года.

Расследаванне было прыпынена з-за даўняй перашкоды, якая замінае правядзенню такога разбору.

«Адным словам, беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць у расследаванні гэтай справы», — гаворыцца ў матэрыяле.

Больш за два гады таму польская пракуратура накіравала беларускаму боку запыт аб прававой дапамозе. Аднак дагэтуль адказу на гэты дакумент не было. У выніку расследаванне, якое праводзіцца агенцтвам унутранай бяспекі, зайшло ў тупік.

У верасні 2020 года польская пракуратура пачала расследаванне па факце арышту, збіцця і катаванняў трох польскіх грамадзян, — Вітольда Дабравольскага, Кацпера Сенніцкага і Роланда (прозвішча не называецца), — якія былі затрыманыя ў Беларусі 9 жніўня.

Польскім грамадзянам казалі, што яны «лялькаводы», якія прыехалі кіраваць пратэстамі.

«Майго сябра збівалі ўжо ў бусіку, ён страціў прытомнасць. Мяне збівалі ў аўтазаку. Але горш за ўсё было менавіта ў РУУС. Там нас клалі тварам у падлогу з шчыльна замацаванымі рукамі за спіной, трымалі ў нязручных позах. Мы не маглі рухацца, нас неаднаразова палохалі, казалі, што калі будзем рухацца, то выб'юць усе зубы. … Нам не дазвалялі піць ваду, не давалі есці, спаць, выйсці ў прыбіральню», — распавядаў Кацпер.

Іх вызвалілі пасля ўмяшання МЗС суседняй краіны, і яны вярнуліся на радзіму 14 жніўня таго ж года. У снежні 2020 паведамлялася, што Агенцтва ўнутранай бяспекі (АБВ), якому было даручана весці следства, дапытала новых сведак, сярод апытаных былі супрацоўнікі беларускіх сілавых структур.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
32