Аэрапорт у Махачкале 29 кастрычніка 2023 года. Фота: AP

Аэрапорт у Махачкале 29 кастрычніка 2023 года. Фота: AP

Са слоў адной з крыніц, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта Расіі,

у самым пачатку антысеміцкіх выступленняў на Каўказе чыноўнікі і паліттэхнолагі перасылалі адно аднаму відэа, у якіх жыхары Дагестана «шукаюць яўрэяў» «дзеля прыколу». І толькі нядзельным вечарам, калі пачаліся беспарадкі ў аэрапорце, супрацоўнікам пуцінскай Адміністрацыі «стала ясна, што да прыколу гэта мала падобна».

Суразмоўцы «Медузы» кажуць, што, хутчэй за ўсё, афіцыйна ў арганізацыі пагромаў абвінавацяць украінскія спецслужбы. Разам з тым крыніца «Медузы», якая працавала ў паўнамоцным прадстаўніцтве Паўночна-Каўказскай федэральнай акругі, каментуючы падзеі ў Махачкале, выказала здагадку, што

такую маштабную акцыю з нагоды падзеі, не датычнай непасрэдна Дагестана, складана было б правесці без удзелу прадстаўнікоў мясцовага палітычнага істэблішменту. Крыніца мае на ўвазе людзей, незадаволеных кіраўніком рэспублікі Сяргеем Мелікавым.

Цяпер у Крамлі нібыта ўпэўненыя, што сілавікі «прамаргалі гісторыю ў Дагестане» і недастаткова «працавалі з насельніцтвам па тэме антысемітызму», кажуць крыніцы «Медузы». Але ФСБ і іншыя сілавыя структуры, у сваю чаргу, абвінавачваюць у тым, што здарылася, менавіта Крэмль:

«Міжнацыянальныя адносіны — іх тэма, тут важная прафілактыка, праца з аўтарытэтнымі ў асяроддзі лідарамі меркаванняў, недапушчэнне ўплыву непажаданых персанажаў. А калі гэтага няма — пажар».

Ніводная з крыніц «Медузы» не чакае сур'ёзных кадравых перастановак па выніках пагромаў на Паўночным Каўказе, бо падчас вайны не да ўнутраных разборак. Два суразмоўцы, блізкія да Крамля, упэўненыя, што Крамлю ўдасца «купіраваць негатыўны эфект» ад падзей у аэрапорце Махачкалы з дапамогай прапаганды.

Іншы суразмоўца прызнае, што падзеі на Паўночным Каўказе могуць стварыць некаторыя рытарычныя цяжкасці для палітычнага блока Крамля ў кантэксце прэзідэнцкай кампаніі 2024 года. Паводле яго ацэнкі, цяпер Пуціну будзе складаней казаць пра «нацыянальную згоду» і «мірнае суіснаванне народаў» Расіі. Аднак крыніцы сумняваюцца, што гэта стане сур'ёзнай праблемай: «[Людзі нават] пра бунт вагнераўцаў забыліся. Забудуць і гэта».

Чытайце таксама:

Памёр адзін з паліцэйскіх, які пацярпеў падчас беспарадкаў у аэрапорце Махачкалы

Кіраўнік Дагестана абвінаваціў «здраднікаў і бандэраўцаў» з Украіны ў арганізацыі беспарадкаў у аэрапорце Махачкалы

Аэрапорт Махачкалы закрылі мінімум да аўторка

У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пагромшчыкі ўварваліся ў аэрапорт

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
4