Генерал-маёру Паўлу Муравейку 52 гады

Генерал-маёру Паўлу Муравейку 52 гады

Хто такі Павел Муравейка?

Хто ў лукашэнкаўскім істэблішменце ястрабы, а хто прагматыкі? Хто імкнецца публічна паказаць Маскве сваю «вернасць да смерці», а хто, наадварот, ціха працуе на ўмацаванне незалежнасці ці хаця б яе элементаў? Такія дэталі праяўляюцца ў асобных выказваннях. Такім стаў выпад генерала Муравейкі ў адрас Літвы.

Павел Муравейка — першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Беларусі. Яму 52 гады.

Ён нарадзіўся ў Мар'інай Горцы. У 1992-м скончыў Мінскае вышэйшае вайскова-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Пасля Муравейка паступіў у мінскую Вайсковую акадэмію, якую скончыў у 2001-м. Праз некалькі гадоў вучыўся ў Расіі — у Акадэміі Генштаба РФ. Скончыў яе ў 2008-м з залатым медалём.

Першыя ўзнагароды знайшлі Муравейку ў 2010-м, у званні палкоўніка. У гэтым годзе яму выдалі медаль «За бездакорную службу» II ступені і «За адзнаку ў вайсковай службе». На гэты момант ён займаў пасаду начальніка першага ўпраўлення Галоўнага вайсковага ўпраўлення Генштаба. У 2013-м яго паставілі кіраваць Галоўным аператыўным упраўленнем і далі генеральскае званне.

У 2015-м Муравейку адзначылі медалём «За бездакорную службу» I ступені, а ў 2016-м — ордэнам «За службу Радзіме» III ступені. У 2022-м генерала перавялі на пасаду першага намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Беларусі і выдалі ордэн «За службу Радзіме» II ступені. 

Павел Муравейка раней займаў пасаду ў Генштабе. Цяпер ён працуе ў Радзе бяспекі

Павел Муравейка раней займаў пасаду ў Генштабе. Цяпер ён працуе ў Радзе бяспекі

Ёсць у Муравейкі і расійская ўзнагарода. У 2019 годзе расійскі пасол Міхаіл Бабіч уручыў яму ордэн Дружбы.

Палітык Павел Латушка называў Муравейку разам з генералам Аляксандрам Вальфовічам расійскім лобі ў беларускім сілавым блоку.

У генерала ёсць дачка, якая любіць падарожнічаць — найперш у Еўропу. 

«Ці ўмеюць беларусы прымяняць ядзерную зброю»

Сярод апошніх гучных заяў Муравейкі — пагроза суседзям ядзернай зброяй. «У першую чаргу хацеў бы зберагчы ад тых вар'яцкіх думак і шалёных ідэй праверыць на практыцы, ці ўмеюць беларусы прымяняць гэту зброю. У нас ёсць дух, воля і гатоўнасць у выпадку неабходнасці ўсімі сродкамі абараняць нашу краіну», — сказаў ён дзяржаўным СМІ ў верасні.

У тым жа выступе ён заявіў, што «за 2022-гі год на інфармацыйныя рэсурсы Беларусі было здзейснена 320 мільёнаў кібератак», але, маўляў, ёсць эфектыўныя меры супрацьдзеяння ім. Гэта відавочная памылка, бо на ўсю Расію, згодна з афіцыйнымі звесткамі, за ўвесь 2022-гі здзейснена каля 50 тысяч кібератак ва ўсіх сферах. Напэўна, Муравейка паблытаў кібератакі з чымсьці іншым. 

Павел Муравейка. Фота: «Ваяр»

Павел Муравейка. Фота: «Ваяр»

Таксама генерал заявіў, што Беларусь гатовая да сумесных вайсковых вучэнняў з Польшчай. «Калі палякі гатовыя з намі правесці вучэнні, мы з задавальненнем выступім з такой ініцыятывай і разгледзім, якія пытанні мы можам адпрацаваць сумесна», — казаў ён.

А ў 2020-м Муравейка адзначыўся іншай заявай: Беларусь прадказала вайну 2014 года ва Украіне. «Падзеі, якія адбыліся ў суседняй Украіне, мы спрагназавалі і ацанілі за два гады да іх пачатку. Ацаніўшы, адкуль можа зыходзіць пагроза, мы спрабуем мінімізаваць яе на ранняй стадыі», — сцвярджаў ён.

Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў Павел Муравейка крытыкаваў рух за свабодныя выбары і пераконваў, што лукашэнкаўскія сілавікі «абаранілі Беларусь». «Наш народ са сваімі сынамі ў пагонах абараніў Беларусь. Разам з тым стала відавочна, што некаторыя ўнутраныя фактары ў дактрынальным дакуменце недаацэненыя. Гаворка ідзе пра зніжэнне ў грамадстве ўзроўню патрыятызму», — казаў ён. Пад патрыятызмам лукашэнкаўцы звычайна маюць на ўвазе лаяльнасць дыктатару, згоду на аўтарытарную мадэль кіравання і залежнасць Беларусі ад Расіі. 

Цяпер Муравейка вырашыў пагразіць літоўцам кулаком. У Літве адрэагавалі, заявіўшы, што гэта сур'ёзны знак таго, што санкцыі працуюць. А сёння ў Міністэрства замежных спраў Літвы быў выкліканы часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслаў Хмыль, яму ўручылі ноту пратэсту.

Чытайце таксама:

Літва правядзе вучэнні па закрыцці мяжы з Беларуссю

Саннікаў раіць краінам ЕС выганяць беларускія пасольствы. «А тым, хто верыць у пашпарт новай Беларусі, давядзецца горка пашкадаваць»

Зіма на носе, а пасольства Беларусі ў Літве не можа знайсці сабе пастаўшчыка газу — з ім адмаўляюцца супрацоўнічаць

Клас
6
Панылы сорам
10
Ха-ха
41
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
15